Ганна Янкута: Вынаходзячы горад

Недавер да горада як да месца, дзе нічога добрага адбыцца не можа, вынесены дзядзькам Антосем са сваёй знакамітай паездкі ў Вільню, апісанай Якубам Коласам у паэме “Новая зямля” (1923), беларуская літаратура любоўна пранесла ледзь не праз усё ХХ стагоддзе.

Лес — гэта добра, бо ў лесе партызаны; вёска — гэта добра, бо там не страчваецца сувязь з зямлёй і захоўваюцца традыцыйныя каштоўнасці, а горад… Горад — гэта нешта незразумелае, там шмат шуму і тлуму, ён высмоктвае з чалавека жыццё, яго ўвогуле не існуе, гэта міфічная прастора, адкуль у вёску прыязджаюць высокія начальнікі, каб разабрацца на месцы і навесці парадак.

Кволыя крокі да прымірэння горада і вёскі пачалі рабіцца ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. У 1966 годзе выйшаў зборнік прозы Міхася Стральцова “Сена на асфальце”, у якім герой, нядаўні вясковец, спрабуе зжыцца з гарадской рэчаіснасцю, асэнсаваць яе і прымірыць у сабе дзве душы, увасабленнем якіх зрабіліся сена і асфальт. Канцэпт “сена на асфальце” замацаваўся ў беларускай літаратуры так трывала, што амаль праз пяцьдзясят гадоў літаратурны фестываль імя Стральцова, які летась пачаў ладзіцца ў Мінску і які прысвечаны гарадской паэзіі (іншую ў беларускай літаратуры цяпер знайсці не так і проста), атрымаў назву “Вершы на асфальце”. Эпоха “сена” паціху прамінула, аднак пратрымалася даволі доўга — і даволі доўга вызначала гэтую “дзіўную вайну” горада і вёскі, якія літаратура ўсё ніяк не магла прымірыць.

Час горада ў беларускай літаратуры надышоў у 1990-я. Урбаністычная проза, хоць і не такая важкая, як усе гэтыя вясковыя хронікі, выйшла на першы план і да сённяшняга дня сваіх пазіцый не здае: горад помсціць вёсцы напоўніцу за ўсё гады невядомасці і занядбання. Яшчэ выходзіць аповесць Андрэя Федарэнкі “Вёска”, яшчэ здараецца часам, што героі пакідаюць горад і выязджаюць за межы кальцавой, але той асяродак традыцыйнай культуры, якой была для пісьменнікаў вёска ХХ стагоддзя, з’яўляецца цяпер у літаратуры хіба што як атавізм. Ды і самога асяродка як такога больш няма: вёска ператварылася ў месца, дзе час спыніўся,цяпер на вёсцы не адбываецца нічога вартага ўвагі, бо там дажываюць свой век старыя і плывуць па хвалях жыцця тыя, хто не здольны плыць супраць плыні, то бок перабрацца куды-небудзь у больш спрыяльнае месца. Дык не дзіва, што літаратура вёску ўрэшце кінула і перабралася туды, дзе віруе жыццё і дзе яна ўсё яшчэ некаму патрэбная. Яна перабралася ў горад.

Мінск versus Вільня: сталіца, якой няма

Нягледзячы на тое, што Мінск зрабіўся сталіцай Беларусі (ці прынамсі той краіны, якая больш-менш адпавядае сённяшняй Рэспубліцы Беларусь) амаль сто гадоў таму, да нядаўняга часу беларуская літаратура асаблівай увагай яго, як і любы іншы горад, не цешыла. Нашмат прасцей успомніць беларускія творы, у назвах якіх прысутнічае, напрыклад, Парыж (“Разбурыць Парыж” Валянціна Акудовіча ці“Стомленасць Парыжам” Леаніда Дранько-Майсюка), чым Мінск. Безумоўна, менавіта тут, у сталіцы, адбываецца дзеянне многіх твораў савецкага часу, але ніводзін з іх не звяртае ўвагі на тое, што магло б зрабіцца духам горада ці яго міфам. Мінск — гэта горад шэрых гісторыяў і шэрых краявідаў, ён зусім будзённы, як сталінскі ампір на праспекце Незалежнасці (былым праспекце Францыска Скарыны) ці як Палац Рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы. Вобраз Мінска скласці па творах літаратуры савецкай эпохі немагчыма: ён расплываецца і пазбягае любой канкрэтнасці. Адзінае, што мы пра яго ведаем, — гэта тое, што ён горад-герой. Што ў вайну (зноў вайна!) тут былі падпольшчыкі, а таксама жылі Гандлярка і Паэт (аднайменная аповесць Івана Шамякіна): фрагментарных звестак, калі пастарацца, яшчэ трохі, можа, і набярэцца. І калі Гродна — гэта маленькі Парыж (зноў Парыж!), калі ў Нясвіжы блукае прывід Чорнай Панны Барбары Радзівіл, калі Полацк — гэта горад святой Ефрасінні і Сафійскага сабора, то Мінск — гэта горад-загадка, разгадваць якую пачалі зусім нядаўна.

Адзін з самых цікавых і цэласных міфаў ці нават ужо даволі аформленых вобразаў Мінска з’явіўся ў фотаальбоме Артура Клінава “Горад СОНца” (2006), які ўлучае каля ста фатаздымкаў і аднайменнае эсэ, дзе даводзіцца, што Мінск — гэта ідэальная ілюстрацыя да “Горада сонца” Тамаза Кампанэлы, адзіны ў свеце Ідэальны Горад камуністычнай утопіі, цэльны прадукт савецкае эпохі, падобнага да якога няма больш нідзе. Каштоўнасць Мінска паводле Артура Клінава менавіта ў тым, што ён адзіны змог увасобіць у сабе (перш за ўсё ў архітэктуры) генеральны план кампартыі па горадабудаўніцтве. Распрацоўваючы сваю тэорыю далей, праз два гады Артур Клінаў выдаў раман “Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца”, такую сабе спробу асэнсаваць мінскі міф. Зусім з іншага боку гэты горад выяўлены ў мінулагоднім рамане Уладзіміра Някляева “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без”, які мае падзагаловак “Мінскі раман”. Літаратура ўрэшце выносіць Мінск на вокладку, але калі Клінаў спрабуе расказаць пра той Мінск, які ёсць, ці прынамсі яго прыдумаць, то Някляеў апісвае Мінск, якога ўжо няма, і літаратура — адзінае месца, дзе гэты горад, зніклы ў пасляваенны час, можа цяпер існаваць. А калі Мінска няма, даводзіцца браць тое, што ад яго засталося, як адзначыла ў рэцэнзіі на раман “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” Марыя Мартысевіч: даводзіцца браць мінчанаў. Тут канцэпцыя пісьменніка ў нечым блізкая да думкі, якую Валянцін Акудовіч выказаў у эсэ “Горад, якога няма”. Паводле Акудовіча, Мінск пазбаўлены паэтычнай дамінанты, таго пункту адліку ў сістэме прасторавых каардынат, ад якога магла б адштурхнуцца літаратура, ды і ўяўленне таксама, а таму гэта горад без душы. У Мінску няма сваёй Эйфелевай вежы, Вавельскага палаца ці хаця б полацкага Сафійскага сабора, менавіта таму Мінск можа існаваць толькі ўнутры кожнага яго жыхара, які свядома для сябе вырашае, хоча ён быць тут ці не, і ў выніку гэты горад мае сэнс толькі тады, калі сэнс гэты бачаць яго насельнікі. Героі Уладзіміра Някляева гэты сэнс бачаць, героі Альгерда Бахарэвіча, аўтара яшчэ аднаго леташняга рамана, “Шабаны”, названага паводле аднаго ўскраіннага мінскага раёна з кепскай славай, — не бачаць, а таму рознымі спосабамі адтуль збягаюць, толькі нашмат пазней разумеючы, што ні ад змрочных Шабаноў, ні ад самога Мінска збегчы ў іх не атрымаецца.

Але паводле Валянціна Акудовіча Мінск — гэта не адзінае месца, якога няма. Няма таксама і Вільні, горада, які так цесна звязаны з гісторыяй Беларусі, што сучасная беларуская літаратура трактуе яго як сваю духоўную Мекку. Сёння даехаць ад Мінска да Вільні можна за тры гадзіны, і таму нават калі б там не выдавалася першая беларуская газета “Наша Ніва” і не жылі многія дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэння, беларусы, рэгулярна завітваючы ў літоўскую сталіцу то дзеля закупак у “Акропалісе”, то дзеля адпачынку, то дзеля канцэрта ўнесенага ў “чорны спіс” Лявона Вольскага, усё адно прыдумалі б якую-небудзь легенду, каб зрабіць гэты горад хоць трошачкі сваім. Як ужо казалася вышэй, дзядзька Антось, герой паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, Вільню наведаў, і яна яму рашуча не спадабалася. Што не перашкодзіла беларусам тут жа схапіцца за Вільню як за ратавальны круг адразу ж пасля таго, як гэта стала магчымым, то бок у тыя ж 1990-я. Дзеянне многіх твораў сучаснай беларускай літаратуры адбываецца менавіта там, і па ўсім відаць, што тэндэнцыя найбліжэйшым часам нікуды не знікне. Вільня ўяўляецца горадам амаль містычным, месцам, дзе могуць адбывацца звышнатуральныя падзеі, напрыклад, падарожжы ў часе, прычым як у творах пісьменнікаў старэйшага, так і малодшага пакалення. “In Вільня veritas”называецца зборнік фіналістаў конкурсу маладых літаратараў да стагоддзя газеты “Наша Ніва”, што выйшаў у 2007 годзе, і як бы ні спрабавалі аўтары зборніка дэсакралізаваць міф пра Вільню як пра беларускую Атлантыду (“Пабачыць Вільню і… паржаць” Сірошкі Пістончыка), факт застаецца фактам: у беларускай літаратуры in Вільня сапраўды veritas.

Валянцін Акудовіч у тым жа эсэ “Горад, якога няма” на фоне ўсяго гэтага амаль містычнага пакланення разглядае Вільню як горад-пастку. Ён сцвярджае, што Вільня доўгі час давала і дагэтуль дае беларусам надзею займець урэшце культурную сталіцу, якая займее сваю адметнасць і сваю душу, але мінаюць стагоддзі — а надзея так і не спраўджваецца. Беларускія пісьменнікі працягваюць сяліць сваіх герояў і лірычных герояў у Вільні, адпраўляюць іх туды перажываць прыгоды і каханне, але ад гэтага Вільня больш беларускай не робіцца. Беларуская Вільня — гэта замарожаны праект, які знаходзіцца на вечнай стадыі распрацоўкі.

Горад разбітых вокнаў

Нелюбоў да горада, якая ў многіх выпадках пераходзіла ў поўнае ігнараванне, вылілася ў канцы ХХ стагоддзя ў даволі нечаканую форму. Нягледзячы на тое, што ў літаратуру прыходзіла ўсё больш пісьменнікаў, якія нарадзіліся і выраслі ў горадзе і таму не мелі з вёскай ніякіх эмацыйных сувязяў, у шэрагу твораў найноўшай беларускай літаратуры горад не перастае быць пачварай і дэманізуецца яшчэ больш. У новым, яшчэ больш жахлівым абліччы ён з’яўляецца на старонках раманаў ці апавяданняў ужо не мімаходзь, не як выпадковая згадка: яго вобраз прыцягвае ўсё больш аўтарскай увагі і займае ўсё большую прастору твора. Цяпер не вяскоўцы, а самі карэнныя гараджане, што ўспрымаюць сябе дзецьмі вуліц, таго асфальту, на якім ужо не можа быць ніякага сена, ставяцца да свайго горада насцярожана.

У культавым рамане канца 1990-х гадоў “Любіць ноч — права пацукоў” Юрыя Станкевіча, поўным чарнухі, ксенафобіі і змрочных апакаліптычных прадказанняў, выводзіцца вобраз выдуманага правінцыйнага гарадка Янаўска, няўтульнага і неўпарадкаванага, які не дае сваім жыхарам ніводнага шанцу на прыстойнае жыццё, а таму асацыюецца ў іх з балотам. Усе апісанні пейзажаў Янаўска — выключна негатыўныя: разбітыя вокны, смецце на вуліцах, паваленыя агароджы. Прычыну такога заняпаду аўтар выводзіць з гістарычных абставінаў і перш за ўсё бачыць яе ў здрадзе нацыянальнай ідэі. Вобраз балота з’яўляецца ў зборніку апавяданняў Евы Вежнавец “Шлях дробнай сволачы” (2008) і замацоўваецца ў творах Альгерда Бахарэвіча. Зрэшты, гэта ўжо зусім іншае балота, чым у Юрыя Станкевіча. Фактычна гэта запозненая рэакцыя на афіцыёзную савецкую літаратуру і на творы, у якіх беларуская рэчаіснасць прыхарошваецца: усё, што беларускае, — добра. У выніку так званага “біцця шыбаў у роднай хаце” (выраз, які з’явіўся ў бурных дыскусіях, што разгарнуліся ў СМІ, і які абазначае адмову лічыць “беларускасць” каштоўнасцю толькі на падставе апелявання паняццямі “роднае”, “матчына”, “традыцыйнае”) горад не мог не пацярпець. Маладая генерацыя пісьменнікаў адмаўлялася захапляцца Беларуссю, яе гісторыяй і культурай па інерцыі, проста таму што так прынята, спрабавала свядома разбурыць ранейшыя мадэлі, літаратурныя штампы і паглядзець на рэчаіснасць з новага пункту гледжання. Разбурэнню ўсіх магчымых міфаў пра Беларусь і яе літаратурнай дэсакралізацыі спрыяла і палітычная сітуацыя ў краіне, калі пісьменнікі выкарыстоўвалі ўсе магчымыя спосабы, каб падкрэсліць няправільнасць і абсурднасць жыцця ў новых умовах. Як і варта было чакаць, першая рэакцыя атрымалася падкрэслена рэзкай, у выніку чаго горад у літаратуры ператварыўся ў страшнае, небяспечнае і праклятае (“Праклятыя госці сталіцы” Альгерда Бахарэвіча) месца. Аднак на сённяшні момант гэты канцэпт з літаратуры паступова сыходзіць, і нават у рамане “Шабаны”, прысвечаным самаму змрочнаму мінскаму раёну, горад, пры ўсёй сваёй дэманічнасці, робіцца нейкім містычным утварэннем, дзе адбываюцца хай сабе і страшныя, але цуды. У творчасці наймаладзейшага пакалення беларускіх пісьменнікаў, што ўвайшлі ў літаратуру літаральна ў апошнія гады, вобраз горада-дэмана ўспрымаецца ўжо з вялікай доляй іроніі і даводзіцца да абсурду. Цяпер, калі ўсе вокны “ў роднай хаце”, а таксама ў горадзе разбітыя, старыя міфы разбураныя і каштоўнасці перагледжаныя, застаецца толькі адно — прыдумляць нешта новае.

У горадзе ўсё ёсць

Сёння ў горадзе, калі верыць беларускай літаратуры, можна знайсці абсалютна ўсё. Побач з апакаліптычнымі карцінамі трухлення і распаду сустракаюцца і яркія, часам карнавальныя, часам проста вясёлыя і запамінальныя вобразы. Такое здаралася і раней, нават за саветамі: чаго толькі варты, напрыклад, раманУладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” (1972), дзе горад хай сабе і не галоўны герой, але важны настолькі, што аўтар палічыў неабходным вынесці яго ў загаловак. У гістарычнай літаратуры гарады ўвогуле граюць вельмі цікавую ролю — яны ператвараюцца ў дэкарацыю для махлярскіх прыгодаў (гістарычныя раманы ў беларускай літаратуры носяць пераважна прыгодніцкі характар), успрымаюцца як сцэна дзеяння, а таму патрабуюць спецыяльнай аздобы. Прыкладна гэтак жа ўпрыгожваюць цяпер беларускія гарады для рыцарскіх фестываляў. Тэатральны характар горада праяўляецца ў любых гістарычных раманах, незалежна ад таго, калі яны пісаліся: Уладзімірам Караткевічам у 1970-я, Генрыхам Далідовічам у 1990‑я ці Людмілай Рублеўскай у 2000-я гады.

У паэзіі Андрэя Хадановіча горад, будзь гэта хоць Берлін (“Берлібры”, 2008), хоць Парыж, хоць любы асобна ўзяты беларускі горад (“Землякі, альбо Беларускія лімерыкі”, 2005) уяўляе сабой постмадэрнісцкі склад рэчаў, цытат, чужых кантэкстаў. Там ёсць усё, нават трохструнныя гітары, канькі для блізарукіх і супрацьтанкавыя галёшы (“Пайсці і не вярнуцца”). Вобразы такіх шматузроўневых і шматкантэкставых гарадоў з’яўляюцца і ў паэзіі малодшага пакалення. Асобнае месца займае канцэпт руху — сучасны горад у беларускай паэзіі не дазваляе чалавеку стаяць на месцы, там усё рухаецца, метро, аўтобусы, трамваі, паэты пракладаюць па горадзе маршруты, вызначаючы прыпынкі ў адпаведнасці з уласнымі эстэтычнымі поглядамі.

Абсалютна нечаканы вобраз горада выводзіцца ў творах Сяргея Балахонава. У рамане “Імя грушы” (2005) гэта амаль такі самы постмадэрнісцкі і стракаты locus, як у вершах Андрэя Хадановіча, з той толькі розніцай, што канцэпцыя горада ў Сяргея Балахонава больш цэльная — гэта “шкуцянка” (паводле згаданай у рамане назвы коўдры, сшытай з розных шкутоў) сэнсаў, калейдаскоп, які ў залежнасці ад пункту гледжання можа паказваць розныя карцінкі. Любая містычная інтэрпрэтацыя гэтага ўтварэння робіцца аб’ектам аўтарскай іроніі, і вобраз горада пазбаўляецца ўсіх навязаных яму папярэднікамі сэнсаў. У новай кнізе “Зямля пад крыламі Фенікса” (2012), напісанай у кінематаграфічным жанры mockumentary, Сяргей Балахонаў зноў выводзіць іранічныя, амаль карнавальныя вобразы гарадоў, дзе можа адбывацца самае неверагоднае. Горад ператвараецца ў палігон для цудаў і ў той жа час — у адну з нагодаў абясцэніць паняцці, несумяшчальныя з татальнай іроніяй постмадэрнісцкай эпохі. Гэта ўсё тое ж біццё вокнаў, але ўжо без псіхатэрапеўтычных мэтаў, з элементамі травесціравання, адзін крок наперад, які, безумоўна, прадугледжвае далейшы рух.

***

Прарваўшыся пасля доўгага замоўчвання ў літаратуру, горад усё больш упэўнена замацоўвае ў ёй свае пазіцыі. Цікавасць да ўрбаністычнай прозы павялічваецца, і чым больш на гэтую тэму пішацца твораў, тым большай робіцца цікавасць. Так, напрыклад, апошнім часам асаблівай папулярнасцю карыстаецца тэма ваеннага Мінска: успаміны і іншыя дакументальныя творы пра жыццё ў акупаванай нямецкімі войскамі беларускай сталіцы актыўна чытаюцца і абмяркоўваюцца ў інтэрнэце. Мінск 1960-х гадоў робіцца адным з герояў рамана Уладзіміра Някляева “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” і з’яўляецца на старонках дакументальнай кнігі Аляксандра Лукашука “След матылька” (2011, шорт-ліст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца), хаця і хутчэй як фон да гісторыі з побытам Лі Харві Освальда ў беларускай сталіцы. У рамане Уладзіміра Някляева апошні, дарэчы, з’яўляецца пад мянушкай Амерыканец, нечакана робячыся адным з сімвалаў Мінска 1960-х гадоў. Аднак вынаходства горада ў беларускай літаратуры яшчэ не спынілася: відавочна, што тэма гэтая далёка не вычарпаная і яшчэ доўгі час будзе даваць пісьменнікам розных пакаленняў шмат прасторы для рэфлексіі.

Пераклады на польскую мову:

Uładzimir Karatkiewicz. Chrystus wylądował w Grodnie. Oficyna 21.

Nie chyliłem czoła przed mocą: Antologia poezij białoruskiej od XV do XX wieku. Kolegium Europy Wschodniej im. Jana Nowaka-Jeziorańskiego.

Pępek nieba. Antologia współczesnej poezji białoruskiej. Kolegium Europy Wschodniej im. Jana Nowaka-Jeziorańskiego.

Suplement poetycki ze współczesnej liryki białoruskiej. Dom Kultury „Śródmieście”.

Andrej Chadanowicz. Święta Nowego Rocku. Kolegium Europy Wschodniej im. Jana Nowaka-Jeziorańskiego.

Alhierd Bacharewicz. Talent do jąkania się. Opowiadania wybrane. Kolegium Europy Wschodniej im. Jana Nowaka-Jeziorańskiego.

Artur Klinau. Mińsk. Przewodnik po Mieście Słońca. Czarne.

Ihar Babkou. Królestwo Białoruś. Interpretacja ru(i)n. Kolegium Europy Wschodniej im. Jana Nowaka-Jeziorańskiego.

_____________________________________

Пра аўтара:

Ганна Янкута (нар. 1984) — літаратурны крытык, перакладчык з польскай і ангельскай моваў. Пераклала на беларускую мову паэму “Свет” Чэслава Мілаша, аповесць “Калядны харал” Чарлза Дыкенса, шэраг твораў Эдгара Алана По і інш. Піша рэцэнзіі для часопіса “Дзеяслоў”, сайта прэміі імя Ежы Гедройца. Вядзе крытычную калонку на сайце budzma.org

by.kulturaenter.pl