Навіны

Калі чытач бярэ кнігу з мэтай адпачыць ці забавіцца, ён чакае, што аўтар раскажа яму гісторыю. Гэтая гісторыя можа быць пра прыгоды, вайну ці каханне — у залежнасці ад густу чытача, — але ў любым разе яна мусіць быць цікавай і захапляльнай. Сюжэт, у які верыш і які цябе зацягвае, — вось што ў першую чаргу павінна хваляваць пісьменніка, калі ён бярэцца пісаць папулярны раман. Пасля сюжэту ў чарзе будзе стаяць шмат чаго іншага, але перш за ўсё ў вольны ад працы і іншых заняткаў час нам трэба, каб нехта расказаў нам добрую гісторыю.

Называючы раман Людмілы Рублеўскай “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега” (рэдакцыя газеты “Звязда”, 2012) масавай літаратурай, я ніякім чынам не хачу гэты раман пакрыўдзіць ці занізіць яго мастацкую вартасць. Гэтая дыхтоўна расказаная гісторыя і праўда магла б зрабіцца папулярнай, бо сам жанр лёгкага для чытання гістарычнага рамана заўсёды прывабліваў тых, хто не жадае забіваць сабе галаву Джойсам ці Кафкам. Сюды б яшчэ трохі ярчэйшую вокладку — і кніга Людмілы Рублеўскай на ўсе сто адсоткаў пачала б адпавядаць майму ўяўленню пра тое, як мусіць выглядаць якасная масавая літаратура па-беларуску, здольная разнастаіць вольны час не толькі школьніка і ахвочай да чытання хатняй гаспадыні, але і больш дасведчанага чытача, якому нішто чалавечае не чужое. Што да мяне, дык, прызнаюся шчыра, “Авантуры Пранціша Вырвіча” я прачытала з нашмат большай ахвотай, чым, скажам, выдадзены нядаўна раман паводле папулярнага серыяла “Касл”, і атрымала задавальненне, супастаўнае з задавальненнем ад чытання ў юнацтве пенталогіі Марыі Сямёнавай, прысвечанай магутнаму герою Ваўкадаву.

Галоўныя героі рамана Пранціш Вырвіч і Баўтрамей Лёднік спачатку нагадваюць Джыўса і Вустэра, персанажаў з вясёлых аповесцяў ангельца Пэлема Грэнвіла Вудхаўза, першы з якіх, Джыўс, — гэта разважлівы, вынаходлівы і з усіх бакоў разумны камердынер другога, Вустэра, маладога арыстакрата з ветрам у галаве. Хутка, аднак, у доме Аблонскіх усё змешваецца, і вось ужо перад намі зусім не забаўныя авантуры ў свецкіх салонах, а самы сапраўдны галівудскі прыгодніцкі баявік з элементамі фэнтэзі, бо як бы аўтарка ні спрабавала надаць гісторыі рысы сапраўднасці, чароўная рамфея, як любая іншая чароўная палачка, у гэтую сапраўднасць ніяк не ўпісваецца. Зрэшты, не яна адна.

Калі прыгледзецца да Вырвіча з Лёднікам бліжэй, разумееш, што яны адпавядаюць ледзь не ўсім патрабаванням да герояў папулярнай літаратуры, калі пра такія патрабаванні ўвогуле можна казаць. З аднаго боку, як ужо згадвалася вышэй, перад намі легкадумны юнак і разважлівы (ды што там разважлівы — надзвычай разумны і адукаваны) слуга, які насамрэч не так слуга, як старэйшы сябар і настаўнік. З другога боку, гэта два рамантычныя героі, толькі адзін з іх, Вырвіч, нагадвае героя-трыкстэра, вынаходлівага спрытнюгу, што ўвасабляе гульнявы пачатак, другі ж, Лёднік, вельмі падобны да класічнага героя-каханка. Штосьці накшталт усё таго ж высакароднага па духу, але не па паходжанні Ваўкадава з цыклу Марыі Сямёнавай, але з выразнейшай любоўнай лініяй. Што да Германа Ватмана, які здольны выбрацца з усіх самых забойчых калатнечаў, то гэта такі сабе шараговы Тэрмінатар, яшчэ адзін тыповы герой папулярнай літаратуры і кіно. Як на мяне, героі пісаліся з аглядкай на чытачак-жанчын, і калі я не памыляюся, стратэгія была абраная ўдала: паводле статыстыкі, сярод аматараў чытання жанчын больш, чым мужчын.

Добра вывераныя і загадзя падрыхтаваныя сюжэтныя павароты, якія выстрэльваюць паводле прынцыпу deus ex machina і так нагадваюць усе гэтыя неверагодныя выратаванні ў касавых кінастужках, засумаваць чытачу дакладна не дадуць. Нават нягледзячы на тое, што многія з гэтых паваротаў лёгка прадказаць: калі ў пачатку твора гаворыцца, што родавая шабля Вырвіча засталася ў езуіцкім калегіуме — значыць, бліжэй да канца твора яе трэба выкрасці, а калі ўжо выкралі — самы час скарыстаць. Мы з радасцю здагадваемся, навошта аўтарка ўводзіць таго ці іншага персанажа і гатовыя ісці ў заклад, які сюжэтны ход яна зараз выкарыстае. Гэта не зусім тая радасць пазнавання, пра якую пісаў Умберта Эка, але нешта вельмі да яе падобнае.

Неабходнасць уціснуць як мага большую колькасць прыгодаў пад адну вокладку вымушае аўтарку даволі хутка развязваць задачы, што паўстаюць перад персанажамі. Часам гэта прыводзіць да пэўных сюжэтных нацяжак, пасля якіх чытач можа наморшчыць нос і сказаць: не веру. Аповед падтасоўваецца пад аўтарскія патрэбы: першы сустрэчны на дарозе аказваецца даўнім знаёмцам, а варожае войска нападае на горад акурат тады, калі герояў заганяюць у тупік і яны не могуць знайсці з яго выйсця. Пэўная штучнасць такіх эпізодаў не дазваляе нам забываць пра прысутнасць аўтаркі, якая ўсё гэта выдумала, а калі мы нават і забываем, яна тут жа спяшаецца нам нагадаць: “…Нават у раздрайную шалёную эпоху — а хто сказаў, што на гэтай зямлі здараюцца лягчэйшыя?” Каму, як не самой пісьменніцы, могуць належаць у рамане гэтыя словы?

Раман “Авантуры Пранціша Вырвіча…” — надзвычай каляровы і ў пэўным сэнсе нават стракаты твор. Яго мова расквечаная старадаўнімі слоўцамі, па-барочнаму напышлівымі параўнаннямі і выразамі на розных мовах, а ў самім тэксце згаданыя ці не ўсе мажлівыя гістарычныя анекдоты і показкі — напрыклад, пра спатканне Караля Радзівіла Пане Каханку з русалкай і пра тое, што “вынікам шлюбу былі селядцы”, — а таксама безліч проста цікавых і незвычайных фактаў з таго перыяду. Гэта значыць, што калі на сцэне з’яўляецца вялікі гетман Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька, то ён проста не можа не згадаць пра сваю жонку, якая “п’ескі пісала”. Калі шляхта загаворвае пра сваю шляхецкую годнасць, то ў гаворцы абавязкова ўсплыве імя Палямона. Такія згадкі могуць не граць ніякай ролі ў сюжэце, аднак патрэбныя аўтарцы, відаць, для таго, каб зрабіць тагачасную гісторыю ў вачах чытача як мага больш захапляльнай і прывабнай. Аднак гісторыяй айчыннай Людміла Рублеўская не абмяжоўваецца: у рамане згадваецца то сусветнае дрэва Ігдрасіль, то лабірынты з Мінатаўрам, то “філосаф-французік Мантэнь”, а то і вынаходніцтвы Леанарда да Вінчы. Кніга, такім чынам, ледзь не ператвараецца ў каталог накшталт “100 незвычайных фактаў пра гісторыю Еўропы”, аднак у цэлым яе гэта не псуе, а хутчэй нават ідзе на карысць. Цікава толькі, ці набярэ аўтарка такіх аздобаў для працягу рамана, які, здаецца, быў у прадмове анансаваны.

Пэўны патрыятычны пафас, ці нават выхаваўчы момант, як адзначыла ў сваёй рэцэнзіі “Лара Крофт у полацкіх сутарэннях” Маргарыта Аляшкевіч, дазваляе разглядаць раман і як падлеткавую літаратуру, але я б адным гэтым вызначэннем не абмяжоўвалася. А калі працяг рамана акажацца такім жа ўдалым, у нашай літаратуры з’явіцца ці не першы сур’ёзны кніжны серыял, героі якога маюць шанец запомніцца прынамсі аматарам гістарычнага жанру, а таксама жанру альтэрнатыўнай гісторыі і фэнтэзі. Гэта яшчэ не Гары Потэр, але нешта даволі блізкае і на беларускім матэрыяле. Не ведаю, як хто, а я працягу чакаю. Спадзяюся толькі, што “Авантуры Пранціша Вырвіча — 2” не зробяцца, згодна са старой галівудскай традыцыяй, бляклай копіяй першай серыі і што выдаўцы ўрэшце прыдумаюць для гэтых кніг вокладку, супраць якой не зможа ўстаяць ніводзін пакупнік, які падыдзе ў кнігарні да адпаведнай палічкі.

Ганна Янкута, budzma.org

[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------