Ганна Янкута: Жарсці па нобелеўцы, альбо Да сустрэчы ў наступным сезоне!

Гульня і яе правілы

Кожны год перад самым уручэннем Нобелеўскай прэміі па літаратуры ў інтэрнэце з’яўляецца безліч публікацый, аўтары якіх спрабуюць спрагназаваць, каму і за што. Многія з гэтых артыкулаў сапраўды вельмі цікавыя і ўтрымліваюць прафесійны аналіз літаратурнай сітуацыі ў свеце. І ўсё ж ледзь не кожны год Нобелеўскі камітэт робіць нам сюрпрыз. Мы спрабуем прасачыць заканамернасць гэтых сюрпрызаў, раз за разам памыляючыся, а таму, відаць, не застаецца нічога іншага, як толькі прызнаць відавочную рэч: Нобелеўская прэмія — гэта альбо гульня ў рулетку, альбо гульня, правілаў якой мы не ведаем.

Нобелеўскай прэміі не атрымлівалі ні Умбэрта Эка, ні Джон Фаўлз, ні Том Стопард, і ўжо сам гэты факт нібыта намякае на ў цэлым даволі выпадковы характар узнагароды: калі кідаць кубік, Мо Янь і Умбэрта Эка сапраўды маюць аднолькавыя шанцы на поспех. І ўсё ж сцвярджаць нешта такое было б занадта смела: ніякая татальная іронія эпохі постмадэрнізму не прымусіць нас ставіцца да Нобелеўскай прэміі як да латарэі. Прыватна мне яна ўяўляецца чымсьці накшталт літаратурнага шоу, якое на некалькі дзён прымушае ўвесь свет думаць і хвалявацца толькі пра літаратуру, сусветную і сваю, родную (так-так, хто там нас у свеце прадстаўляе?) — і вынік у дадзеным выпадку проста разраджае атмасферу чакання. Зразумела, вядзецца пра вялікія грошы, але нават гэта не мусіць занадта трывожыць сэрцы чытачоў: каму якая справа да таго, што бюджэт фільма “Вялікі Гэтсбі”, напрыклад, склаў $105 000 000?

 

Афрыка, паэзія і жанчыны

І ўсё ж паназіраць за спісам нобелеўскіх лаўрэатаў вельмі цікава. Возьмем хаця б апошнія дзесяць гадоў. У 2003 годзе прэмію атрымлівае Джон Кутзэе, пісьменнік з Паўднёвай Афрыкі, англамоўны афрыканер, што з гледзішча яго англамоўнасці вельмі важна (усё ж афрыкаанс — мова рэдкая, хоць і адносіцца да германскай групы), а вось з гледзішча палітычнай сітуацыі ў ПАР — даволі дзіўна. Карэннае белае насельніцтва гэтага рэгіёна (да якога афрыканеры, уласна, і адносяцца) доўгі час практыкавала жорсткі апартэід, за што пасля выбараў 1994 года да ўлады больш не дапускаецца. І хаця адна з важных тэмаў творчасці Кутзэе — рэакцыя на апартэід, цікава тое, што прэмію атрымаў “недэмакратычны” белы пісьменнік, а не “дэмакратычны” чорны. Успомнім, што да гэтага прэмію ад Паўднёвай Афрыкі атрымлівала таксама белая Надзін Гордымер (1991), дачка габрэяў-эмігрантаў.

У 2004 годзе прэміяй была ўганараваная аўстрыячка Эльфрыда Елінэк, якая, зрэшты, на ўручэнне не прыехала, да таго ж хвалявалася, што атрымала ўзнагароду збольшага дзякуючы сваёй прыналежнасці да жаночага полу. Папярэдніца Елінэк — Віслава Шымборска, сапраўды атрымала прэмію даўнавата, у 1996 годзе. Такім чынам, Елінэк зрабілася 10-й жанчынай — лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі па літаратуры, і з таго часу жанчын асабліва не крыўдзяць: за апошнія дзесяць гадоў узнагародай былі адзначаныя 4 жанчыны — амаль гендарная роўнасць. Сярод іх, апроч Эльфрыды Елінэк, — ангельская пісьменніца-фантаст, ці не першы аўтар жанравай літаратуры, які трапіў у спіс лаўрэатаў (так, у свой час у прэміі адмовілі класіку фантастыкі Герберту Ўэлсу), што праўда, хутчэй за апісанне жаночага досведу, чым за аповеды пра дзівосны свет будучыні; немка (а насамрэч пісьменніца з вельмі складанай нацыянальнай ідэнтычнасцю) Герта Мюлер — аўтарка кніг у тым ліку пра Румынію часоў Чаўшэску; канадка Эліс Манро — майстар сучаснага апавядання, жанру, Нобелеўскім камітэтам не вельмі шанаванага.

Пасля Эльфрыды Елінэк у 2005 годзе ўзнагароду атрымаў ангелец Гаральд Пінтэр — зноў жа спецыяліст у рэдкім для Нобелеўскай прэміі драматычным жанры, затым — турэцкі (амаль Азія, але ўсё ж не зусім) аўтар Архан Памук. У 2008 годзе прэміяй ушаноўваецца Густаў Леклезіё, яшчэ адна заблытаная ідэнтычнасць, што сягае каранямі ва ўраджайную глебу вострава Маўрыкій, аўтар дзіўнаватых і даволі каларытных (хаця і трошкі нуднаватых, як на мой густ) раманаў пра Афрыку. Яшчэ трошкі экзотыкі — у 2010 годзе: Марыё Варгас Льёса, мой абсалютны фаварыт апошняга дзесяцігоддзя, перуанска-іспанскі, як сцвярджае Вікіпедыя, аўтар, хаця яго творы — наскрозь лацінаамерыканскія. Перамога гэтага магутнага эпічнага голасу (“Вайна канца свету”, на маю думку, — адно з найвялікшых дасягненняў сучаснага рамана) на цэлы год прымірыла мяне з Нобелеўскай прэміяй. У 2011 годзе — суцэльная паэзія (Тумас Транстромер): такога не здаралася з 1996 года і Віславы Шымбоскай. І ўрэшце, 2012 год — кітаец Мо Янь, першы кітайскі пісьменнік — рэзідэнт краіны, які атрымаў гэтую ўзнагароду (лаўрэат 2000 года Гаа Сінцзянь мае французскае грамадзянства), — самае скандальнае рашэнне Нобелеўскага камітэта апошніх дзесяці гадоў, якое выклікала безліч спрэчак і абурэнняў.

Што з усяго гэтага вынікае? Хіба тое, што кожны год лаўрэат як мага больш не падобны да лаўрэата папярэдняга года. За ўсю гісторыю прэміі жанчыны, альбо афрыканцы, альбо славяне не атрымлівалі яе два гады запар, дарэчы, з паэтамі такое таксама здаралася вельмі рэдка. Такім чынам, з вялікай доляй пэўнасці можна сказаць, што ў наступным годзе Нобелеўскую прэмію атрымае не жанчына, не жыхар Канады і хутчэй за ўсё не жыхар Паўночнай Амерыкі (хаця ЗША не з’яўлялася ў спісе лаўрэатаў з 1993 года), а таксама не пісьменнік, вядомы перадусім дзякуючы апавяданнямі. Малаімаверна, што гэта будзе аўтар з Азіі (2012 год) ці Швецыі (2011 год). Наўрад ці паэт (2011 год). І, нягледзячы ні на што, хутчэй за ўсё раманіст.

 

Фікшн і нон-фікшн: хто каго?

Усё яшчэ памятаючы, што ніякіх уяўленняў пра правілы гэтай гульні мы не маем, выкажу думку, што Святлана Алексіевіч не атрымала Нобелеўскай прэміі ў тым ліку з чыста літаратурных меркаванняў. Усе тыя кнігі аўтаркі, якія мы добра ведаем і чытаем — “У войны не женское лицо”, “Чернобыльская молитва”, “Зачарованные смертью”, “Время сэконд хэнд” і інш., — гэта працы перадусім журналісцкія, нон-фікшн, збіранне чужых гісторыяў і галасоў, якія падаюцца максімальна дакладна, без мастацкага пераасэнсавання. І з гэтага месца нашыя разважанні могуць пайсці ў два бакі.

З аднаго боку, Нобелеўская прэмія па літаратуры — гэта, як можна меркаваць ужо з самой яе назвы, прэмія па літаратуры. Зірнем, напрыклад, на абгрунтаванне ўзнагароды аднаго з лаўрэатаў апошняга дзесяцігоддзя, Архана Памука, які атрымаў прэмію за тое, што “ў пошуках меланхалічнай душы свайго роднага горада ён вынайшаў новыя сімвалы для сутыкнення і перапляцення культураў”. Як бачна, значэнне мае менавіта “літаратурнасць” твораў лаўрэата, іх мастацкія характарыстыкі.

З другога боку, папулярнасць нон-фікшн у свеце цяпер такая, што закрываць на яе вочы проста немагчыма. Журналісты — аўтары эсэістычных кніг і зборнікаў рэпартажаў атрымліваюць літаратурныя прэміі нароўні з аўтарамі раманаў і паэтычных зборнікаў. І хаця для журналісцкіх працаў існуюць свае ўзнагароды (варта згадаць хаця б найпрэстыжнейшую амерыканскую Пулітцэраўскую прэмію, у якой побач з літаратурнымі ёсць шэраг журналісцкіх намінацый, сярод якіх, дарэчы, і намінацыя “За мастацкую крытыку”), цалкам магчыма, што Нобелеўскі камітэт на такую цікавасць пісьменнікаў і чытачоў (і кніжнага рынка, дарэчы) таксама пачне рэагаваць. Тым больш што за ўсю гісторыю прэміі ў яе лаўрэатах былі і гісторык Тэадор Момзэн (1902 год), і філосаф Анры Бергсон (1927 год). Што праўда, спіс з пяці аўтараў, якія атрымалі Нобелеўскую прэмію не за літаратурныя, а хутчэй за гістарычныя ці філасофскія працы, заканчваецца Ўінстанам Чэрчылем і 1953 годам. А таму нельга безапеляцыйна сцвярджаць, што аўтар нон-фікшн (будзе гэта Святлана Алексіевіч ці нехта яшчэ, няважна) у прэмію прабіцца не мае шанцаў. Проста калі гэта здарыцца, можна будзе сказаць, што каардынаты прэміі змяніліся і што цяпер усё будзе трошкі іначай.

 

Нобель і Еўрабачанне

У траўні гэтага года мне давялося пабадзяцца па Мальце, і калі я купляла ў адной забягалаўцы гамбургер, абаяльны мальтыец, падсмажваючы катлету, запытаў у мяне, адкуль я. Я паспрабавала ад яго адмахнуцца: маўляў, маёй краіны вы ўсё адно не ведаеце, але абаяльны мальтыец працягваў настойліва цікавіцца маёй Motherland. Калі я ўрэшце прызналася, што прыляцела з Беларусі, ён радасна закрычаў: “Of course I know! Я ж гляджу Еўрабачанне!” (варта згадаць, што тым вечарам акурат чакаўся фінал), — пасля чаго, ветліва зазначыўшы, што беларускія выступоўцы глядзяцца вельмі някепска, прызнаўся, што заўзее ўсё адно за сваіх. Нобелеўская прэмія — гэта тое ж паблісіці ў сусветных маштабах, і менавіта таму нам так хочацца пабачыць свайго суайчынніка ці суайчынніцу ў спісе яе лаўрэатаў. Такое вось “ЗанімайБеларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!” атрымліваецца.

Зірнем на нацыянальную прыналежнасць лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, ці, хутчэй, на іх мову. Безумоўна, там ёсць носьбіты ангельскай, і іх найбольш — ажно 27 чалавек. За імі ідуць франкамоўныя і нямецкамоўныя (па 13 шчасліўчыкаў), далей — іспанцы, шведы, італьянцы, рускія, палякі, нарвежцы, датчане, грэкі, японцы, кітайцы, чэхі (гэтыя і наступныя маюць усяго па адным лаўрэату), фіны, венгры, ісландцы, сербы, партугальцы і нехта яшчэ. Братоў-украінцаў няма, заўважаем мы і з палёгкай уздыхаем — значыць, не ўсё пакуль страчана. Што да сур’ёзных заходнееўрапейскіх моваў (пра нацыянальныя літаратуры тут казаць цяжэй), то без нобелеўкі дагэтуль застаецца нідэрландская: ані ўласна нідэрландцы, ані фламандцы (нідэрландскамоўныя бельгійцы) прэміі за ўсю гісторыю яе існавання ні разу не атрымлівалі, хаця на Еўрабачанні тыя ж Нідэрланды перамагалі разы чатыры. Сэйс Натэбом, самы сур’ёзны прэтэндэнт ад гэтай краіны, высоўваўся ўжо некалькі разоў, у тым ліку і сёлета, але пакуль што без аніякага поспеху.

 

Замест заключэння

З усяго сказанага вышэй зусім не вынікае, што Нобелеўская прэмія — гэта нешта кепскае. Не вынікае нават таго, што беларусам яна не патрэбная. Больш за тое, з усяго сказанага вышэй не вынікае абсалютна нічога, апроч таго, што ўсе мы, тыя, хто сочыць за гэтым бадзёрым літаратурным шоу, маем някепскі шанец добра павесяліцца. Дазнацца пра невядомых нам аўтараў. Кагосьці з іх нават прачытаць — ці не прачытаць і з выглядам сапраўдных снобаў пры кожнай магчымасці пра гэта згадваць. Урэшце, ніхто ж не адмаўляе, што рана ці позна нобелеўку атрымае пісьменнік з Беларусі. Варта толькі памятаць, што ў чыстым астатку гэта будзе значыць усяго толькі тыдзень гудзення ў інтэрнэце і найлепшы ў жыцці ганарар для гэтага самага пісьменніка.

 

Ганна Янкута

budzma.org