Ганна Янкута: Жбуць вялікі і магутны, альбо 5 прычын чытаць Ірэну Доўскаву

Ёсць шмат прычын, з якіх кніга чэшскай пісьменніцы Ірэны Доўскавай “Моцны Жбуць” (Логвінаў, 2013), перакладзеная на беларускую мову Веранікай Бяльковіч, можа зрабіцца адной з самых папулярных сярод тых, што прэзентуюцца сёлета на “Шэнгенцы”, і толькі адна, якая можа гэтаму перашкодзіць. 

Прычына гэтая палягае ў тым, што імя Ірэны Доўскавай беларускаму чытачу зусім невядомае ці, прынамсі, вядомае нашмат менш, чым імёны Багуміла Грабала ці Імрэ Кертэса. Не ведаю, ці шмат людзей рызыкне набыць у кнігарні кнігу, пра якую яны нічога не ведаюць, нават пабачыўшы яе абаяльную вокладку і прачытаўшы яшчэ больш абаяльную назву: “Моцны Жбуць”. Не беручы на сябе адказнасць прааналізаваць тут перакладчыцкую працу ці само выданне ўвогуле — а інакш любы чытач, які суаднясе імя аўтара гэтага тэксту з імем рэдактара кнігі, будзе мець усе падставы лічыць мяне перадузятай і не верыць таму, што я пра гэтую кнігу напішу, — я падзялюся выключна сваімі чытацкімі ўражаннямі і раскажу, чаму лічу гэтае выданне з усіх бакоў цікавым і вартым увагі.

Па-першае, чытаць кнігу “Моцны Жбуць” трэба дзеля новага і вельмі нечаканага асэнсавання аўтаркай свайго досведу жыцця ў сацыялістычнай краіне. Я пачынаю менавіта з гэтай дзіўнаватай прычыны, бо сацыялістычнае мінулае — гэта тое, што яднае Беларусь і Чэхію (ну і, безумоўна, шэраг іншых краін, але гаворка цяпер не пра іх) і дае чытачу пункт адліку, ад якога можна адштурхнуцца ва ўспрыняцці кнігі. Асэнсаванне таго, што адбывалася з тваёй краінай цягам ХХ стагоддзя, можа праходзіць па-рознаму, і для многіх гэта застаецца вельмі балючым досведам, які да канца так і не перажыты, — пра гэта сведчыць ужо хаця б той факт, што ў беларускай літаратуры дагэтуль з’яўляецца не так ужо і шмат кніг, дзе аўтары рызыкуюць зазірнуць у мінулае і паспрабаваць з усёй шчырасцю зразумець: што гэта з намі тады адбывалася? Аўтарка абірае вельмі нечаканы, як ужо казалася вышэй, падыход: яна расказвае пра жыццё ў Чэхіі 1970-х гадоў ад імя маленькай дзяўчынкі, вучаніцы пачатковай школы. На прэзентацыі кнігі гаварылася, што раман “Моцны Жбуць” — твор ад пачатку і да канца аўтабіяграфічны, а таму аўтарцы не давялося нават канструяваць вобраз і ўпісваць яго ў мастацкую рэальнасць: яна проста бярэ свае ўспаміны і перажыванні і выкладае іх перад чытачом, спрабуючы максімальна адасобіцца ад сваёй гераіні-апавядальніцы і падаць гісторыю Гэленкі непасрэдна, так, нібыта сама яна, вядомая і, безумоўна, дарослаяпісьменніца Ірэна Доўскава, не мае да яе асаблівага дачынення.

У гэтым раман “Моцны Жбуць” істотна адрозніваецца ад яшчэ адной важнай кнігі на такую самую тэму, што выйшла летась у выдавецтве Змітра Коласа, — ад успамінаў славацкай аўтаркі Жо Лангеравай “Калісьці ў Браціславе: Маё жыццё з Оскарам Л.” (на беларускую мову пераклаў Павел Рааго). Нягледзячы на аўтабіяграфічнасць абодвух твораў, да раскрыцця тэмы аўтаркі падышлі з розных бакоў. Калі ў Лангеравай гэта максімальна шчыры і дакладны што да перадачы фактаў аповед, гісторыя жыцця, спакойна і трошкі адстаронена расказаная разумнай жанчынай, якая прайшла праз выпрабаванні і вынесла з іх мудрасць, якая дазваляе ўспрымаць жыццё такім, якое яно ёсць, то ў Доўскавай атрымалася вельмі кранальная і вельмі смешная гісторыя, дзе смех аказваецца шырмай паміж выяўленай у творы непрывабнай рэчаіснасцю і чытацкай свядомасцю. І тут я пераходжу да другой прычыны, з якой варта чытаць “Моцнага Жбуця”, — гэта тонкасць аўтарскай рэфлексіі, тонкасць вырашэння пастаўленай праблемы, якая магчымая, відаць, толькі тады, калі аўтар можа зірнуць на мінулае з пэўнай дыстанцыі. У тым, мабыць, і ёсць роля гэтага чытацкага смеху, гэтай шырмы: яна не адгароджвае чытача вясёлым ад страшнага, а прымушае яго ўставаць на дыбачкі, зазіраць за яе і бачыць усё з новага гледзішча. За шырмай яму адкрыецца нямала трагічнага і сатырычнага (гэта тая самая сатыра, якую ў беларускай літаратуры мы ведаем з “Запісак Самсона Самасуя” Андрэя Мрыя), і ўсё ж дыстанцыя дазваляе перажыць наступствы свайго мінулага — не проста перажыць, а яшчэ і знайсці ў сабе сілы рухацца далей.

Дарэчы, гумар — гэта яшчэ адна прычына прачытаць кнігу “Моцны Жбуць”. Калі ёсць жаданне прабавіць вечар з прыемнай кнігай, то зусім не складана забыць пра ўсіх гэтых камуністаў, шырмы і дыстанцыі і абысціся з раманам як з любым іншым вясёлым чытвом, то бок на адным дыханні яго праглынуць. Гумар і лёгка напісаныя гісторыі (кожная частка кнігі расказвае пра адну ці некалькі не асабліва звязаных паміж сабой падзеяў у жыцці герояў) робяць гэтую кнігу ўніверсальным падарункам: калі ўжо гаворка вядзецца пра дзіця, дык нічога асабліва экстрэмальнага, галаваломнага ці непрыстойнага ў творы быць проста не можа, хаця вострых жартаў хапае і тут. Кніга, што праўда, зусім не дзіцячая. Ёсць падазрэнне, што асобныя эпізоды дзеці маглі б успрыняць з такой жа наіўнай непасрэднасцю, як гераіня-апавядальніца (“І ўсе, акрамя нас з Нэчкам, выпілі за яго, каб вяселле ў яго атрымалася, а не так, як летась, і каб яму больш не трэба было зноў і зноў жаніцца”), але што напісаная яна для дарослых і толькі для дарослых, няма ніякіх сумневаў. Ужо сам падыход да стварэння вобразу дзіцяці выдае аўтарскія намеры з галавой. З аднаго боку, унутраныя перажыванні дзяўчынкі, яе праблемы, душэўныя пакуты, а таксама радасці і адкрыцці прапісаныя з неверагодным майстэрствам і лінгвістычнай, так бы мовіць, дакладнасцю: дзіцячае маўленне ў кнізе — увогуле адзін з асноўных сродкаў выразнасці. З другога боку, аўтарка ўвесь час стварае сітуацыі, у якіх асобныя праявы жыцця, паказаныя дзіцячымі вачыма, набываюць асаблівую вастрыню. Напрыклад, аўтарка адпраўляе Гэленку падслухоўваць дарослыя размовы і дазваляе ёй потым трошкі пра іх паразважаць. Апроч гэтага, падчас чытання кнігі мяне не пакідала цьмянае адчуванне, што Гэленка, якія расстройваецца праз прыкрыя, як называе іх дырэктар тэатра, рэчы і баіцца асароміцца на гуртку, — гэта ўсё ж ідэальная праекцыя ўяўленняў нас дарослых пра нас дзяцей: галоўная гераіня твора так гэтым уяўленням адпавядае, што мімаволі пачынаеш думаць, ці няма тут якога падману. Цікавая тэма для разважанняў — і чацвертая прычына, з якой варта прачытаць кнігу “Моцны Жбуць”: вобраз дзіцяці пададзены тут надзвычай ярка і нетрывіяльна.

Яшчэ адна прычына чытаць раман Ірэны Доўскавай (хаця звычайна чытачу справы да яе няма, ды і не павінна быць) — гэта цікавая перакладчыцкая праца. Вераніка Бяльковіч не пакінула чытачам ніводнага шанцу прапусціць той ці іншы жарт, стварыўшы беларускую версію стылю чэшскай пісьменніцы. Не ведаю, як хто, а я амаль паверыла, што “Моцны Жбуць” быў ад самага пачатку напісаны па-беларуску, і ўсе захаваныя моўныя гульні ў творы толькі пацвярджаюць гэтае меркаванне. Думаю, тут са мной пагадзіўся б нават сам Моцны Жбуць, вялікі і магутны геній рамана Ірэны Доўскавай, тым больш што і ён сам — яскравы гэтаму доказ. А Моцнаму Жбуцю, у адрозненне ад перадузятага рэдактара, у гэтым пытанні верыць можна ўжо хаця б таму, што “ён быў вельмі адважны і вытрываў, хоць у яго здараліся ўсялякія нягоды”.

Ганна Янкута, budzma.org