Ганна Запартыка: «250 твораў Адама Бабарэкі ў двухтомавіку надрукаваныя ўпершыню»

Віленскі Інстытут беларусістыкі і беластоцкае Беларускае гістарычнае таварыства, аб’яднаўшы свае высілкі, выпусьцілі ў сьвет Збор твораў Адама Бабарэкі ў 2 тамах. Фактычна гэта першае сыстэматызаванае выданьне творчай спадчыны выдатнага пісьменьніка, арганізатара ды ідэоляга літаб’яднаньня «Ўзвышша», які загінуў у сталінскай высылцы ў 1938 годзе. Пра гэты дыхтоўны двухтомавік мы гутарым з дырэктарам Дзяржаўнага архіва-музэя літаратуры і мастацтва Ганнай Запартыкай — адной з укладальніцай выданьня.

Міхась Скобла: «Спадарыня Ганна, вядома ж, двухтомавік уражвае — 1650 старонак! Вось я гартаю першы том і раз-пораз чытаю ў камэнтарах — друкуецца ўпершыню. А колькі ўвогуле тэкстаў Адама Бабарэкі адшукана вамі і вашымі калегамі?»

Ганна Запартыка: «У гэтых двух тамах апублікавана ўпершыню 250 тэкстаў. Гэта філязофскія, літаратуразнаўчыя працы, перапіска, чарнавікі лістоў, дакумэнты, зьвязаныя з жыцьцём Бабарэкі ў высылцы, яго развагі па многіх пытаньнях гісторыі. Зьмешчаныя ў гэтым выданьні і тэксты, выяўленыя ў пэрыёдыцы 20-х гадоў. Да таго пэрыяду зьвярталася ня так многа дасьледчыкаў, а тым больш чытачоў. Гэтыя два тамы — адкрыцьцё ўнікальнай асобы, цікавага крытыка, літаратуразнаўцы, філёзафа, гісторыка, арганізатара літаратурнага жыцьця ў Беларусі. Усё гэта — Адам Бабарэка».

Скобла: «Выданьне двухтомавіка не магло адбыцца без належнай захаванасьці архіва пісьменьніка. Хто яго перахоўваў усе гэтыя гады, і як ён трапіў да вас?»

Запартыка: «Архіў Адама Бабарэкі — сама па сабе ўнікальная культурная зьява ў Беларусі. Захаваўся ён у такім аб’ёме дзякуючы вялікай падзьвіжніцкай працы і вялікай сіле волі яго жонкі, Ганны Іванаўны Бабарэкі, і яго дачок — Элеаноры і Алесі. Дбаць пра архіў ва ўмовах маскоўскай двухпакаёвай кватэры было сапраўдным подзьвігам. У 1930 годзе, калі Бабарэку арыштавалі ўпершыню, забралі ўсё. І Ганна Іванаўна не пабаялася змагацца за мужавы рукапісы, і многае ёй удалося вярнуць з НКВД.

Ганна Іванаўна не пабаялася змагацца за мужавы рукапісы, і многае ёй удалося вярнуць з НКВД.

Яна была вельмі рашучай жанчынай, і ўвесь час дбала пра спадчыну мужа. Відаць, ён сам быў больш абыякавы да сваіх рукапісаў. У 1937 годзе, ужо на высылцы, у Кіраве, Бабарэку арыштоўваюць другім разам. Алеся Адамаўна пазьней успамінала: „Прышлі надвячоркам. Я гуляла на вуліцы. Раптам маці мяне паклікала і паклала ў ложак. Пры вобшуку ператрэсьлі ўсё, але ложак не кранулі, не рашыліся дзіця падымаць. Праз многа гадоў маці расказала, што ў ложку была патаемная шуфляда, у якой захоўваліся рукапісы бацькі“. Упершыню я адважылася на тэлефонную размову з Алесяй Адамаўнай у 1994 годзе, мы сустракаліся ў Маскве. Пасьля Алеся Адамаўна прыяжджала ў Менск, яе сустракалі на вакзале як дачку слыннага пісьменьніка, нават фільм быў зьняты. Я атрымала запрашэньне ізноў прыехаць у Маскву і неўзабаве паехала. Вось тады і была прывезеная ці ня самая вялікая валізка з архівам Адама Бабарэкі. А пасьля былі паездкі ў 2000-м, 2001-м гадах.І кожны раз я вярталася не з пустымі рукамі. Віталь Скалабан да гэтага спрычыніўся. Будучы ў Маскве і адведаўшы Алесю Адамаўну, ён таксама прывёз частку рукапісаў. Многія людзі былі далучаныя да гэтага працэсу».

Скобла: «Як на маю думку, у Адама Бабарэкі былі эстэтычныя разыходжаньні з савецкай уладай. Калі беларускую паэзію захліснула першая хваля бясконцай „ленініяны“, ён пісаў — яшчэ ў 20-я гады: „Вобраз Леніна як бога недарэчны і непраўдзівы“. Ня дзіва, што яго арыштавалі адным зь першых».

Запартыка: «Бабарэка пісаў так, як адчуваў, як мог пісаць, адчуваць і разважаць разумны чалавек. Але ён не прадчуваў, што будзе арыштаваны ў 1930 годзе. Тое, што для Бабарэкі не было ідала, бога ў асобах Леніна і Сталіна, — гэта мы яўна чытаем у дакумэнтах часоў высылкі. Ён ня здрадзіў сабе, ня здрадзіў сваім эстэтычным ідэалам. Мастацтва ў найвышэйшым сваім праяўленьні было для яго перадусім».

Скобла: «А яшчэ мяне ўразіла, як Бабарэка адважна, па-рыцарску бараніў сваіх сяброў па „Ўзвышшы“ — Язэпа Пушчу, Уладзімера Дубоўку. Няўжо ён не разумеў, чым яму гэта адгукнецца?»

Запартыка: «Безумоўна, разумеў, але як чалавек высокіх духоўных ідэалаў ён ня мог паступаць іначай. Ён жа крытыкам быў, ён бараніў выдатных паэтаў».

Скобла: «А вось сябры яго не баранілі. Наадварот… У двухтомавіку апублікавана нямала дакумэнтаў, якія проста шакуюць. Як, прыкладам, рэзалюцыя сяброў «Узвышша» 1930 году: «Патрабуем жорсткай кары агентам міжнароднай буржуазіі — беларускім контррэвалюцыйным нацыянальным дэмакратам». І подпісы — Максім Лужанін, Кандрат Крапіва, Зьмітрок Бядуля, Пятро Глебка…«. Як можна сёньня ставіцца да падобных дакумэнтаў?»

Запартыка: «Не ўсяму трэба да канца верыць. Магчыма, гэты дакумэнт пісаў нехта адзін, а ідэя падказвалася з ЦК ці зь іншых якіх установаў. Астатнія прозьвішчы пад лістом маглі апынуцца аўтаматычна».

Скобла: «Адам Бабарэка быў рэабілітаваны яшчэ ў 50-я гады.Чаму ж так позна прыходзіць да чытача яго творчая спадчына?»

Запартыка: «На вялікі жаль, вельмі доўга давялося расчытваць рукапісы, бо Адам Бабарэка пісаў, ня думаючы пра хуткае надрукаваньне. І тут яшчэ павінен быў зьявіцца такі дасьледчык і рэдактар як Віктар Жыбуль, які змог дакладна расшыфраваць усе недапісаныя словы, напісаў грунтоўную прадмову. Патрэбен быў спэцыяліст, каб выявіць бабарэкаўскую спадчыну, каб разабрацца з архівам. Кожнаму творцу — свой час, і кожнаму часу — свае выданьні. Відаць, час прыйшоў — і мы маем гэты выдатны, дыхтоўны двухтомавік. І нам застаецца толькі чытаць, асэнсоўваць прачытанае і захапляцца неардынарнай постацьцю Адама Бабарэкі».

svaboda.org