Гарадзенскія лісты Ажэшкі прадалі з аўкцыёну: 18 помнікаў эпісталярнага жанру набылі на Allegro

Згодна з апісаннем прадаўца, у лістах апісваюцца погляды Ажэшкі, яе жыццё і творчасць — аб гэтым яе прасіў сам Вадзінскі, які меў намер пісаць аб ёй артыкул для французскага часопіса “Revue Nouvelle”.

Сярод іншага ў лістах ідзе гаворка пра край, дзе жыла пісьменніца, то бок Панямонне. Лісты датуюцца 1896–1903 гадамі, большасць з іх (16 з 18) напісаныя ў Гродне, што падкрэслівае іх вартасць для беларускага горада.

Эліза Ажэшка, лісты

Як піша прадавец, у лістах закранута вельмі шмат асабістых момантаў, у тым ліку сямейнае і духоўнае жыццё, творчасць, паўстанне 1863 года. Да аднаго з лістоў былі далучаныя дзве старонкі аўтарскіх афарызмаў Ажэшкі.

Эліза Ажэшка, лісты

Кошт унікальнага “гарадзенскага архіву” Ажэшкі — 8 тысяч польскіх злотых, гэта недзе 24 мільёны беларускіх рублёў. Сума, мажліва, немалая для прыватнага калекцыянера, затое цалкам пад’ёмная для спонсара з ліку гарадскіх бізнэсоўцаў альбо кіраўнікоў прадпрыемстваў. Падобны збор мог бы стаць, напрыклад, пярлінай музея Ажэшкі, які месціцца ў Гродне.

На жаль, аўкцыён скончыўся 11 студзеня. Лістамі зацікавіўся толькі адзін чалавек, ён і набыў іх.

Гродна, вул. Ажэшкі, ул. Ожешко

 

Алесь Кіркевічwww.t-styl.info