Гарадзенскія літаратары прыгадалі Ларысу Геніюш у Зэльве

У межах Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў “Каложскі дабравест” яны выступілі ў будынку нядзельнай школы зэльвенскага храма Святой Жываначальнай Троіцы перад зэльвенцамі.

Сустрэчу ўрачыста распачаў настаяцель храма Святой Троіцы Георгій Субаткоўскі, які шчыра ўсіх павітаў і сказаў, што побач з храмам нядаўна яшчэ жыла вялікая паэтка Ларыса Геніюш, і сёння яна вельмі была б задаволена і ўзрушана такім шаноўным візітам гарадзенскіх літаратараў.

Духоўныя вершы шчыра гучалі з вуснаў паэта і праваслаўнага святара Паўла Каспяровіча і манаха Іаана (паэта Зьніча). Данута Бічэль прыгадала Ларысу Геніюш і прачытала ёй прысвечаныя паэтычныя радкі. Юрка Голуб парадаваў сваіх землякоў вершамі пра родную Зэльвеншчыну са свайго новага паэтычнага зборніка “Краявід”. Не давалі сумаваць зэльвенцам і іншыя паэты і даследчыкі роднага слова.

Падчас сустрэчы госці наведалі таксама зэльвенскі храм Святой Троіцы і музей Ларысы Геніюш, які існуе ў гэтым храме.

Ул. інф. Гродзенскага абласнога аддзялення СБП. На фота: у час паездкі і выступленняў