Гарадзенскія мастакі прысвяцілі Максіму Багдановічу выставу

Выстава жывапісу, графікі і скульптуры «Блакiтны санэт», якая праходзіць у Гродзенскай выставачнай зале, прысвечана 120-годдзю з дня нараджэння паэта Максіма Багдановіча. Імёны ўдзельнікаў даволі вядомыя: Аляксандр Сільвановіч, Валянціна Шоба, Юрый Якавенка, Вікторыя Ільіна, два скульптары: Уладзімір Панцялееў і Андрэй Вараб'ёў (госць з Магілёва).


Аляксандр Сільвановіч: “Мы хацелі адысці ад ілюстрацыі, хацелі паказаць паэта такім, якім адчуваем яго самі, усё прайшло праз нашыя пачуцці. Ніякіх планаў загадзя не рабілі, проста Багдановіч у нас у сэрцы, пафасна кажучы, знаходзіцца. У мяне з'явілася ідэя трыпціха: лес, возера, ноч ― які характарызуе творчасць... Ёсць карціны, якія адштурхваюцца ад Эраса. Маленькая серыя: зялёны месяц і чырвонае віно ― шырокае адчуванне Сусвету, космасу, святла”.


Юрый Якавенка: “Было важна, каб працы атрымаліся паэтычнымі, паўтаралі цыклічную структуру санэта. Тут няма нічога пралетарскага, што апявала б сялянскую жыццё, і няма складанай філасофіі. Тут усё пра неба, пра зямлю, пра пачуцці, пра вечнае, пра тых, хто рана пайшоў, не паспеўшы сказаць усё. Я думаю, Максім Багдановіч да гэтага часу недаацэнены крытыкамі, гісторыкамі. А гэта ж наш Пушкін, паэт нумар адзін у Беларусі. Мой цыкл гравюр атрымаўся незавершаным, як незавершаны санэт, і цяпер я гэтаму рады”.


Валянціна Шоба: “Рыхтавалася загадзя, рабіла малюнкі алоўкам. Мне хацелася, каб гэта было тонка і ўважліва да лініі, як Багдановіч ўважліва ставіўся да свайго слова. Мне хацелася перадаць рытмічную складанасць паэзіі: якая яна гарманічная, як сплятаецца ў адзіны вобраз. Перачытала зборнік і знайшла тое, што цяпер адпавядае майму настрою ― сны. Мы заўсёды снім высокія ідэалы, дзе ўсё замяшана на глабальнай любові да слова, да сваёй прафесіі, да ўсяго, без чаго жыць не можаш”.
Вікторыя Ільіна: “Тэма ўспрымалася як арнамент. Я імкнулася перадаць настрой і зыходзіць з тэматыкі Багдановіча, прасякнуцца духам яго паэзіі. Мы ў школе з дзецьмі вянкі рабілі, і выявілася, адна дзяўчынка жыве ў горадзе і ніколі не пляла вянкоў ― не ведае, як гэта робіцца. Гэта няправільна”.


Мастак з Друскенікаў Саўлюс Рудзікас вывучыў вершы Багдановіча, каб упісаць іх настрой у свае пастэльныя, напоўненыя ружовай імглой працы. Скульптуры Андрэя Вераб'ёва дадалі нотку эротыкі ў складаны свет лірыкі. Атрымаўся незвычайны праект без партрэтаў і рэалізму, пачуццёвы і загадкавы. Пасля Гродна выставу плануюць паказаць у Літве і Польшчы.

Паводле Іны Максімчык, vgr.by

Пераклад - lit-bel.org