Гарадзенскія пісьменнікі выступілі ў Наваградку

Выступае Валянцін Дубатоўка

Сем літаратараў, сябраў Саюза беларускіх пісьменнікаў, на чале са старшынём Гродзенскага абласнога аддзялення Валянцінам Дубатоўкам “прызямліліся” ў мастацкай галерэі ўраджэнца Наваградчыны вядомага мастака Кастуся Качана.

Спадар Кастусь са сваёю жонкаю Жаннаю гасцінна сустрэлі наведнікаў. Карцінная галерэя, якая  20 чэрвеня адзначыла свой двухгадовы юбілей, пастаянна ладзіць культурныя мерапрыемствы, праводзіць экскурсіі.

Першы шэраг, злева направа: Сяргей Астравец, Рычард Бялячыц, Юрка Голуб, Аляксей Пяткевіч, Валянцін Дубатоўка 

Вядучы імпрэзы пісьменнік Міхась Зізюк прадставіў наваградчанам Валянціна Дубатоўку, які расказаў аб сваіх творчых задумах і дзейнасці гарадзенскіх пісьменнікаў. Юрка Голуб парадаваў слухачоў новымі вершамі ды пацешыў вельмі цікавымі вершаванымі радкамі з новай кнігі для дзетак. Прафесар Аляксей Пяткевіч расказаў аб сваёй кнізе “Слова і кніга Прынёмання”, падзяліўся ўспамінамі з асабістага жыця.

Шчучынскі паэт Рычард Бялячыц агучыў свежыя і даўнія вершы. Журналіст Сяргей Астравец прадставіў альманах “Новы замак”, падзяліўся ўражаннямі аб журналісцкіх  паездках ды пачытаў свае творы. Наваградская паэтка Святлана Абдулаева парадавала ўсіх цудоўнымі песнямі. Песні на яе вершы гучалі ў выкананні настаўніцы мясцовай музычнай школы.

А завяршыў сустрэчу Міхась Зізюк, які прачытаў свой верш і байку ды выканаў песню. Пасля сустрэчы пісьменнікі наведалі Любчанскі замак, палюбаваліся маляўнічымі краявідамі Наваградчыны.

Ул. інф. Гродзенскага абласнога аддзялення СБП