«Гародня. 50 год без Фары Вітаўта». Прэзентацыя кнігі 23 мая
Увазе гарадзенцаў будуць прадстаўленыя каляровая брашура і дыск, дзе змешчаныя ўнікальныя здымкі славутага храма, яго гісторыю і знішчэнне, успаміны гарадзенцаў, а таксама грунтоўныя даследаванні беларускіх і літоўскіх гісторыкаў.
Больш як 50 гадоў таму, у 1961 годзе ў Гродне камуністамі быў зруйнаваны адзін з найпрыгажэйшых каталіцкіх храмаў нашага краю - Фара Вітаўта. Шасцісотгадовая гісторыя касцёла непарыўна звязаная з гісторыяй горада. Святыня, якая перажыла пажары, варожыя навалы ды ваяўнічы атэізм, стала ахвярай гарадзенскіх уладаў. У ноч на 29 лістапада 1961 года ленінградскія піратэхнікі выканалі рашэнне №883 выканкама гарадскога савета «О мероприятиях по обрушению здания бывшего военного костёла на Советской площади»...
Пасля прэзентацыі адбудзецца дыскусія «Еўрапейская архітэктурная спадчына Беларусі ў ідэалагічных войнах ХХ-ХХI ст. Расейскае, савецкае стаўленне да архітэктурнай традыцыі беларусаў».
Удзел у дыскусіі возьмуць гісторыкі-ўкладальнікі дыска і брашуры «Гародня. 50 год без Фары Вітаўта», а таксама мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.
Пачатак імпрэзы а 18.30, па адрасе: Гродна, вул. Будзённага 48а (зала ва ўнутраным дворыку).
Уваход вольны
ПМ
nn.by