Гарошкаў: сьвята у гонар паэта й першага жыцьцялюба

27 кастрычніка ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну восьмы раз ладзілася традыцыйнае свята беларускай паэзіі ў гонар Анатоля Сыса пад назвай: «Дух — гэта, людзі, Я!».

Сьвята прымеркавана да дня народзінаў слыннага беларускага паэта, які нарадзіўся 26 кастрычніка 1959 году й заўчасна памёр у траўні 2005-га.

Родныя й землякі, вядомыя беларускія паэты й пісьменьнікі Анатоль Вярцінскі Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Эдуард Акулін, Анатоль Бароўскі, Ларыса Раманава, Сяржук Сыс, Вадзім Болбас, Генадзь Лапацін, а таксама барды й гісторыкі наведалі магілу паэта пад жоўтымі бярозамі на гарошкаўскіх могілках.

​​
Да помніка паэту, высечанага з граніту скульптарам Генікам Лойкам, ляглі жывыя восеньскія кветкі.

Кветкі ад Эдуарда Акуліна

​​
Адкрываючы імпрэзу, старэйшы беларускі паэт Анатоль Вярцінскісказаў, што ягоны цёзка й сабрат па пяры Анатоль Сыс быў «слаўным беларусам, выдатным паэтам, грамадзянінам і патрыётам». І працягнуў: «Некалі Анатолю гэтыя могілкі мроіліся як Гарошкаўскі рай. І называў іх Анатоль «запаветным гаем». Пра іх напісаў верш і Эдуард Акулін: «Ах, якія могілкі прыгожыя на радзіме Толіка Сыса».

Вярцінскі прачытаў малітву: «Супакой, Госпадзі, душу памерлага сына зямлі беларускай, слугі Гасподня Анатоля ў месцы сьветлым, у месцы радасным, у месцы спакойным, дзе няма ўжо ні болю, ні суму, ні плачу. Але жыцьцё бясконцае — вечнае. І тут мне згадваецца верш, які ты, Анатоль, відаць, прадчуваў у падсьвядомасьці і потым пісаў, можа, у сваю самую адчайную хвіліну:

«Беларусь мая, мая магіла,
зь бел-чырвона-белага радна
ці кашулю мне на сьмерць пашыла
Беларусь мая, мая магіла,
ты ж адна у мяне, як ёсьць адна».


Вярцінскі перакананы, што ягоны цёзка меў на ўвазе Беларусь ня толькі як магілу, але й як калыску, каханку, дзе нараджаюцца дзеці, дзе ёсьць месца працы й застольлю. Ён бачыў Беларусь новай, вольнай і шчасьлівай.

Анатоль Вярцінскі

​​
Пазьней на панадворку роднай хаты Сыса аксакал беларускай паэзіі Вярцінскі дадасьць, што Анатоль Сыс зь іх дваіх быў яшчэ «першым жыцьцялюбам» — як ён сам і пісаў.

Моладзевыя актывісты з гомельскай рэгіянальнай арганізацыі «Талака» павязалі на помнік Анатоля Сыса нацыянальны ручнік, вытканы супольна па неглюбскіх матывах адмыслова да сьвята паэзіі ў Гарошкаве.

Ручнік ад «Талакі»

​​
З могілак імпрэза перамясьцілася да роднай хаты Анатоля ў цэнтры вёскі Гарошкаў.

​​
Тут у роднай хаце сабраны кнігі, прыватныя рэчы, карціны, абразы, фатаздымкі, якія акружалі Анатоля Сыса пры жыцьці. Усё гэта зьберагаюць сёстры паэта Тамара, Валянціна, брат Віктар.

У хаце Сыса

​​

Сястра Тамара

​​
Зь нізкага восеньскага неба падчас паэтычных чытаньняў стаў церушыць першы сьнег. Але на панадворку не пераставалі гучаць вершы Анатоля й прысьвячэньні яму ў выкананьні прысутных беларускіх паэтаў. Барды Тацяна Беланогая й Зьміцер Бартосік сьпявалі песьні.

Сьпявае Тацяна Беланогая

​​
Згадвалі тут і Алеся Бяляцкага, які ў свой час таксама спрычыніўся да арганізацыі сьвята паэзіі ў Гарошкаве , а цяпер знаходзіцца за кратамі за сваю праваабарончую дзейнасьць і культурніцкую працу.

Старшыня саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч уручаў нядаўна прынятаму ў творчы саюз маладому паэту Яўгену Сергіенкупасьведчаньне сябра арганізацыі.

На панадворку

​​
Рэй на панадворку вёў паэт і сябра Анатоля Эдуард Акулін:

«Я лічу, што для Беларусі паэзія Анатоля Сыса й ёсьць нейкая духоўная сутнасьць. Такіх паэтаў, як Анатоль, нараджаецца вельмі мала. Я даўно паставіў яго ў адзін рад з такімі творцамі, як Янка Купала, як Максім Багдановіч. Анатоль Сыс для Беларусі — гэта й ёсьць наш беларускі дух».

Украінец беларускага паходжаньня Алесь Хамякоў апавёў, што сваіх землякоў ён знаёміць зь Беларусьсю выключна празь вершы Анатоля Сыса, прадстаўляючы яго самым сапраўдным беларусам.

Выступае Алесь Пашкевіч

​​
Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, які таксама прыехаў у Гарошкаў, перакананы, што сьвята паэзіі тут будзе неўзабаве адзначацца на дзяржаўным узроўні, а магіла й родная хата Анатоля абавязкова набудуць статус дзяржаўных помнікаў культуры.

У межах сьвята адбылася прэзэнтацыя кніг сэрыі «Кнігарня пісьменьніка»: «Стрэмка» Сержука Сыса, «Сьвятая вада» Ларысы Раманавай, «Около облака» Генадзя Лапаціна, а таксама юбілейнага, 60-га нумара часопіса «Дзеяслоў», у якім ёсьць прысьвячэньні і Анатолю Сысу.

Сяржук Сыс