Генадзь Бураўкін: Памяць нядрэмная
* * *
З гаманкіх сталічных станцый
У мурожны кут глухі
Цягне зноў і зноў
Вяртацца
Праз гады
І праз шляхі,
Каб знаёмы водар жытні
Удыхнуць у хаце зноў
І знайсці свае сцяжынкі
Між замшэлых валуноў,
На рыпучы ганак выйсці,
Згледзець бусла ў вышыні
І заціхнуць,
Як калісьці,
У дрымотнай цішыні,
І глядзець,
Як ля адрыны —
Не забылася яшчэ —
Слуп нястомны камарыны
Апантана мак таўчэ,
І адчуць,
Што не дарэмна
На вятрах чужых дарог
Ты
Для памяці нядрэмнай
Патаемна ўсё збярог…
* * *
Ну што паробіш,
Не магу іначай —
Не слухаючы мудрых засцярог,
Я зноў хачу
Прайсці сцягой юначай,
Адрынуўшы наезджанасць дарог.
Мяне туды ўсё кліча сэрца,
Быццам
Яно жыве там з даўняе пары
І я ні заблудзіцца,
Ні згубіцца
Не здолею ў сасновым гушчары.
Я ведаю:
Рачулка наша гіне,
Палянкі загубіліся ў быллі…
Быў іншы час.
Былі мы ўсе другімі
І дрэвы невысокімі былі.
І, можа,
З новай яваю сваяцтва
Я сумнаю душою не прыму,
А ўсё ж хачу
Вярнуцца ў свет юнацтва,
Хоць толкам і не ведаю,
Чаму…
* * *
Праплывае месяц лодкаю
Над разлівамі расы.
А жыццё —
Яно кароткае,
Як дабаўкі не прасі.
Як шчасліва ні галёкай
На сцяжынках між атаў,
Адспяваў сваё салоўка,
Адзвінеў,
Адшчабятаў.
Як вяртання ні выпрошвай,
Падганяе зноў і зноў
Цёплы вецер жытняй пожні,
Горкі водар палыноў…
* * *
Вы гэтулькі чакалі іх
І зблізку,
І здаля,
Іх профілі чаканілі
На новых медалях.
Вы іх прыйсці прасілі
Ва ўладу на пастой.
Вы верылі іх сіле
І спрытнасці крутой.
І вось яны
Нахрапам
Пасады занялі.
І стала бачна раптам
Што ўсе яны —
Нулі,
Што ў іх усё разлічана:
І клёк,
І благадаць,
Ды толькі за абліччамі
Асобаў не відаць,
Ды толькі справядлівасці
У іх зусім няма.
І вам з-пад іх не вылезці.
І шчасце сніць —
Дарма.
За золата прымаеце
Дзяшовенькую медзь…
Ну што ж,
Вы тое маеце,
Што так хацелі мець…
* * *
Пазбавіўшыся ад цароў,
Займелі мы такую ўладу,
Што прызначае нам сяброў
І вызначае нам пасаду.
Дыктуе правілы свае.
Каб не было ні ў кога лішку,
Усім наедак раздае:
Каму — чарпак,
А каму — лыжку.
Ніхто не трэба ёй,
Апроч
Тых,
Што з клыкастымі лычамі.
Нібы астрожнік,
Дзень і ноч
Стаіць нядрэмна за плячамі.
І марыць,
Каб усе
Сп’яна
Ляжалі перад ёю плазам…
А вы лічылі,
Што яна
Сыйшла ў нябыт
З царамі разам…
* * *
Няпраўда,
Што імгненна паміраюць
Бязгрэшнікі ў намоленай цішы.
Анёлы смерці
Доўга падбіраюць
Свой ключ
Да іх асуджанай душы.
Даюць спаўна спазнаць
Людскія мукі,
Бяссілле крыўды
І адчай трывог,
А потым
Ціха іх вядуць за рукі
Па той,
Апошняй з іх зямных дарог.
З аблокаў
Дазваляюць азірацца
На дзедаў крыж,
На матчына вакно,
На хмельнае шчаслівае юнацтва
І на сяброў,
Што здрадзілі даўно.
З плячэй здымаюць
Іхні скарб сабраны,
Сціраюць пыл,
Нязмыты пры жыцці,
І ў райскі сад,
Што за высокай брамай,
Толькі пасля ўжо
Клічуць увайсці…
* * *
Хто з дудой,
Хто з нябеснаю маннай,
Хто з тутэйшых,
А хто з чужакоў —
Колькі зведалі мы іх,
Падманных
І нахрапістых важакоў!
Як яны нам спявалі асанну,
Як кавалі для нас медалі,
Толькі б мы,
Неразумныя,
Самі
Ім жаданую ўладу далі!
Не даваў ім суцішыцца
Верад
Абяцанкі пустыя нізаць.
Нам кляліся павесці наперад,
Самі ж праглі вярнуцца назад.
І цяпер
На глухіх раздарожжах
Нерашуча глядзім з-пад рукі
І ніяк разабрацца не можам,
Нас куды завялі важакі…
* * *
Ах, палітычныя паяцы!
Ах, чынавенскія карчы!
Усё вам хочацца смяяцца.
Усё вам здзеквацца карціць.
З трыбун высокіх
І са сцэны
Вы пырскаеце ўсмак сліной,
Нібы ў вас досвед неацэнны
І справядлівасць за спіной.
Усіх, хто вам не даспадобы,
Гатовы спляжыць вы датла.
Абы заўжды было вам добра
І чарка поўная была.
А як вы кпіце на нарадзе:
Які запал,
Які напор!
І дзіўна аж,
Што ў заняпадзе
Сатыра ў нас да гэтых пор…
* * *
Над вячэрняй цішай хмызнякоў,
Над дрымотнай апусцелай шырай
Прашумела чарада шпакоў,
Што сабраліся ў далёкі вырай.
Іх пакліча ўранні шлях цяжкі
І не грэе ўжо мурожны выган,
Дзе стаяць панурыя стажкі
І блішчыць ракі халодны выгін.
Каля весніц лісця намяло.
І я ў шэры змрок гляджу нясмела…
Вось і лета позняе маё
Лёгкімі крыламі адшумела…
* * *
О, прысады мінскія,
Балюстрады нізкія,
Кветнікі з цюльпанамі,
Лаўкі пад каштанамі.
Там ішлі мы поначы,
Ласкай сэрца поўнячы,
Дзелячыся з ценямі
Снамі-летуценнямі.
Там маўчаць апоўначы,
Нашы клятвы помнячы,
Над вадою віснучы,
Вербы каля Свіслачы.
* * *
Духата,
Як спрут,
Сціскае сэрца,
Блытае і плавіць думкі ўсе.
І краплісты дождж,
Што з неба сеецца,
Ні на міг палёгкі не нясе.
Сціхлі птушкі.
Апусцілі лозы
Лісце перагрэтае ў раку.
Нават камары
І тыя млосна
Раптам пахаваліся ў цяньку.
І ўжо ў зморы бачыцца,
Як дзіва,
Што да сонца
Ў бляклай сіняве
Немінуча,
Грозна
І маўкліва
Хмара навальнічная плыве.
* * *
Спяшаюся дарогай торнай
Да хат,
Прымоўклых між прысад,
І радуюся,
Як прасторна
Мне расхінуўся далягляд.
плывуць ужо
Пад небам чыстым
У край далёкі жураўлі.
І так лагодна і ўрачыста
Спакой пануе на зямлі.
Жнівом падстрыжаныя нівы
Яшчэ змаркотнелі не ўсе.
І ветрык,
Лёгкі і гуллівы,
Мне ўслед саломінку нясе…
* * *
Вось нарэшце ўжо зіма адужала
Мокрую, расхрыстаную восень.
І дыхнула з неба
Колкай сцюжаю.
І ў вазах
Званчэй скрыгочуць восі.
Зранку
Праяўляюцца на вокнах
Першыя марозныя узоры.
Кроплі зледзянелыя
На вольхах
Свецяцца,
Як выстылыя зоры…
Надрукавана ў 63-м нумары "Літаратурнай Беларусі".