Генадзь Бураўкін: “Рыгор назаўсёды застанецца № 1, ніхто не зможа заняць ягонае месца”
Дзядзька Рыгор, як любоўна завуць Барадуліна прыхільнікі, сышоў раптоўна. У той дзень, 2 сакавіка, у Даравальную нядзелю, ён дзве гадзіны размаўляў з пісьменнікам і выдаўцом Валерыем Дубоўскім. А бліжэй да шасці вечара Рыгора Барадуліна не стала...
Рыгор Іванавіч Барадулін
Паэт Генадзь Бураўкін, які шмат гадоў сябраваў з Рыгорам Барадуліным, гаварыў з ім напярэдадні. У апошні час яны часта стэлефаноўваліся, жартавалі, як павялося яшчэ з юнацтва.
— Так атрымалася, што мы ішлі па жыцці амаль сінхронна: вучыліся разам, жаніліся адзін за адным, разам стваралі, а затым і хварэлі... — успамінае спадар Генадзь пра блізкага сябра. — Барадулін — гэта цэлы свет. Больш за ўсё ўражвае яркасць Рыгора нацыянальная і яркасць яго мовы.
— Спадар Генадзь, вы з ім ішлі па жыцці плячо да пляча: былі не толькі аднакурснікамі, сябрамі, суседзямі, але і землякамі. Спадар Рыгор заўсёды быў востры на язык?
— Так. Спачатку, праўда, ён гэтага не паказваў. Было ясна, што Рыгор можа пажартаваць, але што ён настолькі іскрысты ў кожны момант жыцця — гэтага мы не бачылі. Ці то ён саромеўся, лічачы талент залішне прыкметным, ці то проста хаваў яго па сціпласці.
Рыгор і Генадзь сябравалі з юнацтва, з тых самых часоў, калі пазнаёміліся і сталі любімымі паэтамі ўніверсітэта.
Рыгор і Генадзь сябравалі з юнацтва, з тых самых часоў, як пазнаёміліся і сталі любімымі паэтамі ўніверсітэта.
Фота: сямейны архіў Генадзя Бураўкіна.
З 9-га класа Рыгор запісваў у сшытак самыя арыгінальныя і непаўторныя беларускія словы. Мы сябравалі ўсё жыццё, але пра гэта я даведаўся толькі ў мінулым годзе, калі ён выпусціў сваю ўнікальную кнігу “Вушацкі словазбор"...
«Для нас гэта было як цуд, а для яго — штодзённае жыццё»
— Ішоў час, мы смялелі ў дачынненні адзін да аднаго. Рыгоравы штукарствы, Рыгоравы хохмачкі, Рыгорава «хуліганства» — усё гэта стала сапраўднай з'явай. Рыгор стаў першым. І ніхто не прэтэндаваў на гэтае месца.
— Наўрад ці ў каго б так атрымалася!
— Вядома, гэта ўнікальны дар Рыгора — гуляць са словам. Іншая справа, што мы першапачаткова разумелі: калі б здарылася літаратурнае спаборніцтва — іншыя паэты Барадуліну прайгралі б. Былі калегі, якія спрабавалі з ім супернічаць: хтосьці ўсур'ёз, а хтосьці жартам, але да Рыгора, безумоўна, ім было далёка.
— Слова раптам вылятала з яго, а пра рэакцыю навакольных ён не задумваўся, — успамінае Юлія Бураўкіна, жонка спадара Генадзь. — Рыгор часам і сам смяяўся, што «дзеля чырвонага слоўца не пашкадую ні маці, ні бацькі».
Спадар Рыгор з жонкай Валянцінай Міхайлаўнай і ўнучкай Дамінікай.
Фота: Сяргей Шапран.
— У гэтым быў ён увесь: Рыгор настолькі любіў і настолькі глыбока адчуваў слова, што іншы раз не мог супраціўляцца імгненнаму паэтычнаму напору, — падтрымлівае жонку спадар Генадзь. — Гэта рабілася з ім штосекундна, і пры гэтым ён не стамляўся. Здавалася , што ўсяму ёсць мяжа, што вытхнецца, але няма: ён усё жыццё працягваў здзіўляць сваім талентам. Для нас гэта было як цуд, а для яго — штодзённае будзённае жыццё: ён быццам дыхаў гэтым...
— Напэўна, былі і тыя, хто крыўдзіўся на дзядзьку Рыгора за яго востры язык?
— Ды ўжо — бывала оё-ёй! — мяркую па сабе. Колькі было падстаў для крыўдаў, калі б я не ведаў Рыгора і яго характар! Сварыліся часам смяротна! Ён не ўпускаў магчымасці сказаць нешта яркае, вострае, часам — крыўднае , але па сутнасці правільнае. Аднак я заўсёды ведаў, што гэта ў Рыгора не ад злосці, і не гэта галоўнае...
З Рыгорам сябраваць было няпроста, але мне ўдавалася: таму што ведаў яго з юных гадоў, ведаў мясцовасць, у якой ён жыў, ведаў яго маму. Я не надаваў занадта ўжо вялікага значэння ягоным досціпам і падколкам. Хоць і мне бывала крыўдна за нейкія жартоўныя параўнанні...
«У дружбе Быкаў не даваў нам з Рыгорам адчуць няроўнасць»
— Асабліва блізкі — душэўна і духоўна — нам з Рыгорам Васіль Быкаў. Васіль — не тое што мы, маладыя! — быў ужо сур'ёзным і дасведчаным. Тое, што мы з Рыгорам разумелі толькі праз нейкі час, Васіль дзякуючы сваёй мудрасці акрэсліваў адным толькі росчыркам пяра.
Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін — сябры, калегі, землякі.
Фота: асабісты архіў.
— А як Васіль Быкаў рэагаваў на задзірыстасць таленавітага, але маладога Рыгора Барадуліна?
— У адносінах да Быкава Барадулін не дазваляў сабе таго ж, чаго ў дачыненні да нас, аднагодкаў. Рыгор адчуваў дыстанцыю: і ў жыццёвым досведзе, і чыста ўзроставую. Быкаў быў мудрэйшы, у тым ліку літаратурна. У нас таксама жыццё была нялёгкім, але Рыгор адрозніваў нашу маладую дураслівасць і сур'ёзную жыццёвую пазіцыю Васіля.
Але Васіль са сваёй педантычнасцю і ўважлівасцю ніколі не даваў нават падставы падумаць аб няроўнасці паміж намі. У яго была выразная ўстаноўка: у дружбе ўсе роўныя. Для Васіля гэта быў закон.
Тры класіка беларускай літаратуры — Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін (злева — направа). Сябры па жыцці трымаліся разам (у шпіталі , 2003 год).
Фота: Сяргей Шапран.
— Спадар Генадзь, вы з такім самазабыўным захапленнем кажаце пра сваіх сяброў!
— Генадзь усё жыццё абараняў Рыгора, заўсёды цаніў і за яго талент многае дараваў... Калі я прачытала «Ксты», мяне быццам працяла: «Дзе ён узяў гэтыя словы, з якіх глыбінь?..» — дзеліцца перажываннямі спадарыня Юлія. — Ген, а раскажы, як вы з Рыгорам «калючую хвалю» пісалі!
— Мы з Юляй ужо былі жанатыя, а Рыгор — яшчэ не, — успамінае маладыя гады спадар Генадзь . — І, як усе студэнты, мы былі вельмі бедныя. Рыгор жыў без бацькі (ён загінуў), мой бацька быў небагаты.
Мы былі настолькі бедныя, што я, трэцякурснік, выступаў у Оперным тэатры са сваімі вершамі ў лыжным спартыўным (!) касцюме. Тады гэта не здзіўляла — лепшага ў мяне не было...
Мы пазнаёміліся і пасябравалі па-зямляцку, з першых дзён пасля паступлення ва ўніверсітэт. Кожны ўжо меў свае паэтычныя прыхільнасці. Мяне называлі «дарагая нецалаваная» — дзякуючы вершам, якія я прысвяціў Юлі: "...і нічога не знаеш ты, дарагая, нецалаваная".
А Рыгор у складзе студэнцкіх атрадаў з'ездзіў на цаліну, і ў яго з'явіліся вершы пра кухню Насці:
Не! Не ўсім надарылася шчасце
Есці боршч, прыгатаваны Насцяй.
Не ўявіць вам, што гэта за боршч!
Хай чатыры порцыі ты знішчыш —
Яшчэ ў місцы выскрабаеш днішча
I абавязкова просіш больш.
Вось Рыгора ўсе і называлі "кухня Насці"...
Мы ішлі па жыцці побач. Скажу шчыра: Рыгор, вядома, быў больш прыкметны, але ў гэтым для мяне не было ніякай крыўды. Можа, у нейкія моманты мне хацелася іншага, але Рыгор — паэт № 1. І для прафесіяналаў гэта відавочна.
"Рыгор назаўжды застаецца для мяне прагрэсіўным і дэмакратычным"
— А пра "калючую хвалю "распавядзеце? — ціхенька перапытваю я, бачачы стомленасць паэта і ў той жа час разумеючы, што спадар Генадзь можа гаварыць пра сябра бясконца.
— Калі мы скончылі БДУ: Рыгор — філфак , я — аддзяленне журналістыкі , — перад намі паўсталі шмат якія бытавыя пытанні.
Так сталася, што Рыгор пачаў працаваць у газеце, а я прыйшоў на беларускае радыё. Нам страшэнна не хапала грошай. У гэты час адным з кіраўнікоў радыё быў Рыгор Васільевіч Канавалаў. Ён і дазволіў нам выпускаць сатырычна-гумарыстычны радыёчасопіс "На калючай хвалі": «Калі ты хочаш узняць настрой — на нашу хвалю сябе настрой!"
Перадача была ўнікальна папулярнай. Чым яна выйгравала? Па-першае, мы выбіралі матэрыялы неблагога літаратурнага ўзроўню , а па-другое, бралі вострыя факты з жыцця, якімі з намі дзяліліся слухачы. Часам мы выязджалі прама на месца падзей.
Памятаю, у той час ішла барацьба са стылягамі. І самае цікавае, што да гэтага часу захавалася адна наша з Рыгорам песня, якая цяпер ажыла ў праграмах Змітра Вайцюшкевіча:
Я па броду крочу днём і ноччу, з чувіхаю.
І цыгаркай яркай проста ў вочы ёй пыхкаю…
Для нас гэта была своеасаблівая вучоба, развіццё.
Тварылі мы з Рыгорам у нашай з Юляй здымнай кватэры, мы тады ўжо ажаніліся. Рыгор нярэдка начаваў у нас.
— Гэта было нешта, смяяліся да колікаў, наўзрыд — з Рыгора і Генадзя ліліся феерычныя перлы! Калі б можна было вярнуць час назад і зняць усё на стужку... — сумна ўсміхаецца спадарыня Юлія.
— Так, здараліся ў нашай працы і такія моманты, як прамова — вітанне піянерам на партыйным з'ездзе. Было, не выкрасліш, — успамінае спадар Генадзь. — Але ні мне, ні Рыгору за гэта не сорамна — паэтычны прадукт быў нармальнай якасці...
Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін з мастаком Аляксеем Марачкіным.
Фота: сямейны архіў Генадзя Бураўкіна.
Аркадзь Куляшоў, вялікі паэт, пісаў пра камуністаў, пра чатырох закладнікаў, але на такім паэтычным і чалавечым узроўні, што нельга не зняць капялюш. Так, час быў такі: і ў турмах сядзелі, і ўзводзілі велізарныя будоўлі, і стваралі вялікія творы. Гэта таксама ўсё было ў той час, і не трэба закрэсліваць адно, каб дагадзіць іншаму.
Але мы ніколі не апявалі культ правадыроў. Па сваіх поглядах і перакананнях Рыгор заўсёды быў і застаецца для мяне прагрэсіўным і дэмакратычным — гэтага ў яго не адняць.
Не хачу і не буду казаць пра Рыгора слова "быў". Ён застаецца з намі. І будзе доўга жыць побач з Янкам Купалам, Максімам Багдановічам, Васілём Быкавым...
Пераклад на беларускую мову ВТ