Генадзю Бураўкіну — 75 гадоў

Паэту і грамадскаму дзеячу, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Генадзю Бураўкіну 28 жніўня спаўняецца 75 гадоў. 

Саюз беларускіх пісьменнікаў віншуе юбіляра і зычыць яму моцнага здароўя, сямейнага шчасця і плёну ў творчасці.

Генадзь Бураўкін — аўтар многіх кніг паэзіі, песні на словы яго вершаў спявае не адно пакаленне беларусаў, а пад «Калыханку» Бураўкіна маленькія беларусы засынаюць ужо больш за дваццаць гадоў.

Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28.08.1936 г. у вёсцы Шуляціна Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачага.

У 1959 г. скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў стыльрэдактарам часопіса «Коммунист Белоруссии», старшым рэдактарам на Беларускім радыё, загадчыкам аддзела літаратуры, намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва». У 1968-1972 гг. - карэспандэнт «Правды» па Беларускай ССР, у 1972-1978 гг. - галоўны рэдактар часопіса «Маладосць». З 1978 г. - старшыня Дзяржаўнага камітэта Беларускай ССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. З 1990 г. - пастаянны прадстаўнік Беларускай ССР пры ААН. У складзе дэлегацыі БССР у 1976 г. удзельнічаў у рабоце XXXI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1980-1990). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1961 г.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалямі.

Першыя вершы надрукаваў у 1952 г.

Адзін з аўтараў (з У.Халіпам, Ф.Коневым) сцэнарыя двухсерыйнага фільма «Полымя» (1974), аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў «Апаленая памяць» (1975) і «Падарожжа па Беларусі» (1976).

Перакладае з расейскай, украінскай, малдаўскай, балгарскай і іншых моў. Пераклаў на беларускую мову камедыю А.Хмеліка «Пузыркі» (пастаўлена ў 1966). У яго перакладзе асобным выданнем выйшла кніжка паэзіі Б.Алейніка «Заклінанне агню» (1979).

Многія вершы пакладзены беларускімі кампазітарамі на музыку.

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1972) за высокі мастацкі ўзровень вершаў і адлюстраванне ў іх моладзевай тэматыкі і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980) за кнігу вершаў «Варта вернасці».