Глабальная роля пасрэднасці

 Аўтар: Крысціна Бандурына

У 1961 - 1962 годзе ў сталіцы Ізраіля горадзе Іерусаліме прайшоў судовы працэс над оберштабманфюрэрам (падпалкоўнікам) СС Адольфам Эйхманам. Гэта была адна з тых гучных рэзанансных спраў, якія суправаджаюць гісторыю чалавецтва ўсю другую палову ХХ стагоддзя. Адольфу Эйхману інкрымініравалі злачынствы супраць чалавецтва, злачынствы супраць яўрэяў, удзел у злачынных арганізацыях (СС, СД і гестапа), а таксама яшчэ 12 пунктаў судовага абвінавачвання. Менавіта гэты чалавек узначальваў той аддзел СС, які займаўся “канчатковым рашэннем” яўрэйскага пытання. Падчас працы каманды Эйхмана ў канцэнтрацыйных лагерах і камерах смерці было знішчана звыш 4 мільёнаў яўрэяў. Судовы працэс над Эйхманам асвятляла журналістка амерыканскай газеты “New-Yorker” Ханна Арэндт. Вынікі сваёй працы яна надрукавала ў 1963 годзе ў кнізе “Банальнасць зла. Эйхман у Іерусаліме”.

Эйхман (за шклом) падчас вынясення яму смяротнага прысуду. Фота: Музей Халакосту, Вашынгтон округ Калумбія.

Прачытанне гэтай кнігі навяло мяне на даволі неадназначныя, часам, банальныя паралелі з нашай гісторыі. Адразу ўзгадалася добра наладжаная праца органаў НКВД па вынішчэнні людзей пад рознымі прычынамі, тут жа прыйшлі да думкі тыя часы, калі амерыканцы вынішчалі спачатку індзейцаў, а потым і неграў на сваёй тэрыторыі; часы, калі былі масавыя ганенні прадстаўнікоў розных канфесій з тэрыторый, падуладных каталікам, праваслаўным ці мусульманам. Але не трэба так далёка хадзіць за прыкладамі: аналогіі генацыду знайшліся і ў цяперашнім часе.

Ханна Арэндт падышла да напісання кнігі вельмі прафесійна, што, канешне, трэба было б паставіць у піку некаторым сучасным журналістам. Для таго, каб асвятліць сутнасць здейсненага Эйхманам, яна апісала яго асобу з самага маленства: яго характар, паводзіны, звычкі і толькі потым – кар’еру ў СС. Гэта дало падставу для пэўных высноў, якія асабіста мяне не маглі не ўразіць. У маёй галаве стварыўся партрэт ачалавечанай малпы з гранатай. Малпы, якая загубіла жыцці каля 4 мільёнаў бязвінных людзей.

Адольф Эйхман быў чалавекам, які мала чым адрозніваецца ад звычайнага “обывателя”. Вучыўся ён дрэнна, не мог атрымаць нават прымітыўную сярэднюю адукацыю, што вельмі хвалявала яго бацьку, які хацеў, каб сын “вырас чалавекам”. Эйхман не мог затрымацца ні на адной працы, нават там, дзе ніякіх разумовых здольнасцей не патрабавалася. Пры гэтым, ён быў амбіцыёзным маладым чалавекам. Таму лепшымі гадамі свайго жыцця ён лічыў тыя, падчас якіх ён меў магчымасць кіраваць людзьмі і выслужвацца перад начальствам. Хто яго ведае, можа быць, менавіта магчымасць зрабіць кар’еру пры Гітлеры і адыграла значную ролю ў выніках Другой Сусветнай вайны. Ва ўсялякім выпадку, калі перанесці мадэль асобы аднаго падпалкоўніка на ўвесь Трэці Рэйх, можна прыйсці да зусім не суцяшальных высноў: тыя людзі, якія пры звычайным жыцці не заслугоўваюць ніякай увагі, як асобы пасрэдныя, у часы ваенных дзеянняў з вялікай ахвотай выканаюць самы жудасны загад “зверху”, абы толькі іх заўважылі і ацанілі.

Як пісала Ханна Арэндт пра Адольфа Эйхмана, “заява аб адказнасці за гібель пяці мільёнаў яўрэяў – а прыкладна столькі і было знішчана аб’яднанымі намаганнямі ўсіх нацысцкіх устаноў і афіцыяльных асоб – відавочнае перабольшванне, аднак ён паўтараў гэтую фатальную сентэнцыю зноў і зноў. Людзей вакол, нават тых, хто слухаў яго з ахвотай, ужо ад яе проста ванітавала, а ён усё паўтараў – нават праз дванаццаць гадоў, нават у Аргенціне, паколькі гэтае сцвярджэнне “надавала яму вагі ва ўласных вачах” [1, с. 78].

Ён быў цалкам падуладны агітацыі і партыйным лозунгам. Як і з усялякім звычайным чалавекам, прапаганда той палітычнай сілы, якая магла даць яму ўладу кіраваць людзьмі, рабіла неверагоднае з Эйхманам. Заключэнне некалькіх дзясяткаў медыкаў, якія мелі з ім справу, гаварыла аб цвярозай ацэнцы гэтым чалавекам сваіх дзеянняў. Ніякіх псіхічных захворванняў у яго не было. “Такім чынам, мы можам адказаць на пытанне суддзі Ландаў – пытанне, над якім разважалі ўсе, хто прысутнічаў на працэсе: ці ёсць у абвінавачванага сумленне? Так, сумленне ў яго ёсць, і гэтае сумленне падказвала яму на працягу чатырох тыдняў адны рашэнні, а потым пачало падказвать рашэнні зусім супрацьлеглыя” [1, c. 153].

На фота - супрацоўнікі канцэнтрацыйнага лагера ў Аўшвіцы. 1944 г.

Але, разам з тым, многія, хто супрацоўнічаў з Эйхманам у тыя часы, калі ён узначальваў аддзел па яўрэйскаму пытанню, адзначалі яго ветлівасць і прынцыповасць у дачыненні да падначаленых. Ён ніколі не дазволіў сабе павысіць голас на яўрэяў, з якімі працаваў над іх высылкай ва ўсходнюю частку Еўропы; яго намаганнямі ў той час, калі ўжо “канчатковае рашэнне” было відавочным, цэлыя эшэлоны з яўрэямі цягнуліся ў найбольш бяспечныя, як яму здавалася, канцлагеры. Магчыма, гэта быў падман, суцяшэнне сумлення. Жах гэтага становішча заключаецца ў тым, што пры падтрымцы саміх яўрэйскіх лідараў было знішчана намнога больш людзей, чым тых, каго яны разам з Эйхманам імкнуліся выратаваць. Аўтарка кнігі прыводзіць такі факт: “… доктару Кастнеру ў Венгрыі ўдалося выратаваць роўна 1684 чалавекі за кошт прыкладна 476 тысяч” [1, с. 178].

І гэтае пытанне – пытанне аб тым, як такія ж самыя пасрэднасці не толькі сярод немцаў, але і сярод яўрэйскіх улад дапамагалі знішчаць яўрэяў – актыўна замоўчваецца ў ізраільскай дзяржаве дагэтуль. І простыя яўрэі не маглі супрацьстаяць сваім уладам, якія супрацоўнічалі з нацыстамі. Дзіўна, але тая ж з’ява назіралася і сярод простых немцаў, калі перамога ў вайне аказалася пад пагрозай. Увесь нямецкі народ быў гатовы прыняць лёс, які яго фюрэр “у выпадку, калі вайна скончыцца нешчасліва, у вялікай літасці сваёй прыгатаваў для ўсіх немцаў – лёгкую смерць шляхам атручвання газам” [1, с. 166]. Становішча цалкам задавальняла нямецкую нацыю: як яе кіраўніцтва, так і сам народ.

Можна, канешне, паспрачацца з гэтым: маўляў, была ж спроба перавароту, забойства Гітлера – значыць не ўсе такія памяркоўныя, як здавалася. Значыць, хацелася ж некаму жыць не па-гітлераўскі! Ханна Арэндт на гэты конт піша наступнае: “Выпадкаў уцёкаў з шэрагаў кіруючай эліты, і ў прыватнасці з эліты СС, у пачатку, калі ў людзей яшчэ магло заставацца сумленне, амаль не назіралася – такое здаралася, толькі калі стала відавочным, што Германія вайну прайграе. Але гэтыя выпадкі ніколі не былі настолькі сур’ёзнымі, каб затармазіць саму машыну: яны мелі месца не таму, што ў кагосьці раптам прачнулася сумленне і міласэрнасць, а з чыстай карупцыі, проста таму, што хтосьці вырашыў назапасіць на выпадак чорных дзён грошай і выгадных сувязяў” [1, с. 175].

У выніку атрымліваецца, што падчас нестабільнасці, вайны ці перавароту ў краіне на паверхню вылазіць самае паскуднае – тое, што звычайна ляжыць на дне. І ад гэтых пачвараў сёння залежыць, ці будзеш ты жыць заўтра: “Селекцыю і класіфікацыю працоўнай сілы ў лагерах праводзілі эсэсаўцы, якія адчувалі характэрную сімпатыю да крымінальных элементаў, і для выканання такога кшталту работ яны адбіралі горшых з найгоршых” [1, с. 185]. Гэтае паскуднае падпарадкоўваецца прапанаванай яму ідэалогіі і на агульнай хвалі “ўзняцця з кален” робіць усё, што толькі лічыць справядлівым і законным. Як правіла, ні справядлівасці, ні закону тут чакаць не прыходзіцца.

Усе астатнія ж не тое што не могуць – проста не хочуць падымаць галавы і пярэчыць злу. І гэта не проста нейкая спецыфічная якасць адной нацыі. Гэта уласціва КОЖНАМУ народу. То бок мы не можам змагацца з тым, што самі стварылі, больш таго – мы яшчэ і дапамагаем гэтаму развівацца.

Каб пацвердзіць гэты вынік, я звярнулася да кніг “Архіпелаг ГУЛаг” Аляксандра Салжаніцына і “У капцюрох ГПУ” Францішка Аляхновіча. Вось што піша пра гэта Салжаніцын: “… Не хапала нам любові да свабоды. А яшчэ перш за ўсё таго асэнсавання сапраўднага становішча. Мы страціліся ў адным нястрымным выбуху семнаццатага году, а потым СПЯШАЛІСЯ скарыцца, З ЗАДАВАЛЬНЕННЕМ скараліся” [2, с. 29]. І ніхто не думаў аб тым, што сістэме гвалту і забойстваў не трэба дапамагаць лягчэй і хутчэй зламаць чалавека ці забіць. Аляксандр Салжаніцын лічыў, што яго ахоплены сацыялістычным экстазам народ ЗАСЛУЖЫЎ усё, што рабілася на працягу дзесяцігоддзяў камуністычнай улады.

Яшчэ адной адметнай уласцівасцю сістэмы гвалту ёсць з’яўленне вялізнай колькасці не толькі забойцаў (хай сабе і латэнтных), але і даносчыкаў і нагаворшчыкаў. І зноў усё самае подлае, непрыемнае аказваецца на паверхні – на чалавечым абліччы. У атмасферы татальнага страху рэзка выкрываецца сутнасць чалавека, усе яго невядомыя дагэтуль здольнасці. “Лепш буду сэксотам я, харошы, чым іншы, дрэнны” [2, с. 92]. Што цікава, гэтымі нечаканымі здольнасцямі могуць быць і станоўчыя якасці – смеласць, чэснасць, гераізм. Але пры савецкай сістэме ў гады бальшавісцкага тэрору такіх выпадкаў амаль не было: “Гэты зусім сакрэтны, ніяк публічна не выяўлены паток мы прасілі б чытача ўвесь час трымаць у памяці – асабліва для першага рэвалюцыйнага дзесяцігоддзя: тады людзі яшчэ бывалі ганарлівыя, у многіх яшчэ не было паняцця, што мараль – адносна, мае толькі вузка-класавы сэнс – і людзі мелі нахабства адказвацца ад прапанаванай службы, і ўсіх іх каралі бяз літасці” [2, с. 91].

Каралі ўсіх. Спачатку тых, для каго была нагода, потым – астатніх, без разбору. Ці было гэта больш гуманна, чым у фашыстаў? Не думаю. Нават рыторыка была такая ж: “У артыкуле “Як арганізаваць спаборніцтва” (7 і 10 снежня 1918 г.) У. І. Ленін аб’явіў агульную адзіную мэту “ачысткі зямлі расейскай ад усялякіх шкодных насекомых” там жа, стар. 204” [2, с. 54]; “Сярод агульнага патоку вызваленых з акупацыі адзін за адным прайшлі хутка і арганізавана патокі “вінаватых” нацый: у 1943-м – калмыкі, чачэнцы, інгушы, кабардынцы; у 1944-м – крымскія татары… Як і ў пачатку вайны немцаў, так і зараз усе гэтыя нацыі высылалі толькі па прыкмеце крыві, без складання анкет, - і члены партыі, і героі труда, і героі яшчэ не скончанай вайны каціліся туды ж” [2, с. 162]; “Не забытыя былі і патокі нацыянальныя. Увесь час ліўся ўзяты на гарачую галаву, з лясоў бітваў, паток бандэраўцаў. Адначасова атрымлівалі дзясяткі і пяцёркі лагераў і спасылак усе заходне-ўкраінскія сельскія жыхары, якія як-небудзь тычыліся партызанаў: хто пусціў іх пераначаваць, хто накарміў іх раз, хто не данёс пра іх. З 50-га прыкладна года зараджаны быў і паток бандэраўскіх ЖОНАК – ім ляпілі па дзясятцы за неданосы, каб хутчэй даканаць мужоў” [2, с. 176] і г.д.

Другі ўзгаданы мною аўтар, Францішак Аляхновіч, пісаў сваю кнігу як успаміны. У ёй не знойдзеш узгадак пра 257 карэспандэнтаў, якія б далі матэр’ял для напісання “У капцюрох ГПУ”, як гэта было ў Аляксандра Салжаніцына. Але ад гэтага кніга нічога не страчвае. Не менш жудасныя факты пра працу савецкіх органаў бяспекі, пра канцэнтрацыйныя лагеры, здзекі, допыты, расстрэлы – Салжаніцын тады яшчэ гэтага не ведаў. І што самае цікавае, такі ж прысуд народу: “Адзін кідаецца на калены, скуголіць, хапае сваіх катаў за ногі: “Таварышы! Пачакайце! Яшчэ часінку!” і да г.п. Іншы із страшнымі праклёнамі, з вачыма, набраклымі крывёй, кідаецца на канвой, але хутка – пасля моцнага ўдару кулаком па галаве – цішэе. Яшчэ іншы галёкае, пяе распусныя песні, як быццам сваім крыкам хоча заглушыць у сабе страх сьмерці. Але бальшыня йдзе пакорна, як жывёла на бойню. Ногі ня слухаюцца, млеюць, чалавека цягнуць пад рукі, падганяюць ударамі ў сьпіну, каб не аставаўся, не затрымліваўся, не спыняў паходу сьмерці…” [3, с. 138].

Тых, хто хацеў жыць нягледзячы ні на што, і ў Саветах аказалася вельмі шмат. Жыццё зараблялі любой цаной. Былі здраднікі, шпіёны, даносчыкі, перабежчыкі, каты, а былі і такія, што проста не мелі стрыжня ўнутры. “ ­- Хто йдзе працаваць – бяры струмант і йдзі ўправа! Хто ня хоча – адступіся ўлева і… распранайся. З апушчанымі галовамі, ня важачыся глянуць у вочы, адзін па адным выходзілі з натоўпу палітычныя, бралі сякеры ды пілы й пераходзілі ўправа. Пагардліва скрывіўшы вусны, пазіралі на іх спадылба крыміналістыя, тым часам скідаючы зь сябе на сьнег курткі, порткі, шапкі, абутак, застаючыся ў вадным нацеліве” [3, с. 123]. Любога чалавека сістэма магла зламаць, скруціць, выжаць з яго ўсе сокі і кінуць паміраць у сваіх засценках. Разнастайныя спосабы ўздзеяння заўсёды давалі рэзультат. Прычым такі, што самы прынцыповы, самы чэсны і мужны грамадзянін сваёй краіны дзеля захавання ўласнага жыцця мог стаць жудасным нагаворшчыкам, узводзячы паклёп у адзін ранг са свяшчэнным правам на жыццё: “Аляхновіч узяў паслухмяна пяро ў рукі й пачаў: “Я знаў у Вільні Барыса Кавэрду як сымпатычнага…” Божа мой! Што я пішу! Старанна замазаў “сымпатычнага” й на гэтае месца напісаў: “недаразьвітага, дэгэнэратыўнага тыпа…” Задумаўся” [3, с. 83]. Даходзіла да таго, што ворагаў шукалі ва ўласнай кватэры, разводзячы назаўсёды па розныя бакі сябе і сваіх блізкіх – “здраднікаў Радзіме”. Ці змянілася штосьці ў параўнанні з фашыстамі? Не. А ці ёсць змены ў параўнанні з сённяшнім днём? Наколькі сістэма кіруе людзьмі? Гэта жудасна, калі разумееш, што нічога не мяняецца ў гэтым свеце. І сапраўды няма нічога новага пад поўняй.

Французскі філосаф і вядомы антраполаг Рэнэ Жырар у сваёй кнізе “Гвалт і свяшчэннае” сказаў так: “Ахвярапрынашэнне ўзмацняе адзінства нацыі”. Наўрад ці я памылюся, калі скажу, што ў розныя часы палітыкі выкарыстоўвалі гэты тэзіс, каб схаваць розныя свае правіны і іх наступствы: голад, крызіс, беспрацоўе, а часам яшчэ і сыграць на любові народа да “хлеба і гледзішч”, каб спатоліць прагу да ўлады і велічы. І гэта вельмі сімвалічна, бо, як кажа Жырар, “усялякая ахвяра – нават жывёльная – каб забяспечыць гвалт патрэбнай ежай, павінна быць падобная да тых, каго яна замяшчае” [4, с. 37]. То бок, каб знарок не забіць таго, хто нам патрэбны, мы забіваем таго, хто нам НЕ патрэбны, але гэты непатрэбны павінен быць падобным да патрэбнага нам.

Такім чынам грамадства ахвяруе частку сваіх меншансцяў, каб большасць была заспакоеная, унармаваная, аб’яднаная агульным тэзісам – колькасцю сабе падобных. “Калектыў спрабуе звярнуць на ахвяру адносна абыякавую, на ахвяру “зручнапрыносную” той гвалт, які пагражае паразіць яго ўласных членаў, тых, каго ён (гвалт) любой цаной хоча абараніць”. Ад каго абараняць? Ад саміх сябе. Бо, як бачна з усяго вышэй напісанага, прага да гвалту, крыві, забойстваў і несправядлівасці сядзіць глыбока ўнутры кожнага з нас. Магчыма, гэта проста спадчына з жывёльнага свету яшчэ з першабытных часоў – я не ведаю. Адны з гэтай прагай змагаюцца і паспяхова перамагаюць, іншыя – выкарыстоўваюць на сваю карысць. Менавіта так грамадства падзяляецца на ахвяру і забойцу. “Мяжу паміж рацыянальнай дыскрымінацыяй і адвольным ганеннем часам цяжка правесці. Па прычынах палітычных, маральных, медыцынскіх і г.д. некаторыя формы дыскрымінацыі нам сёння падаюцца разумнымі і, тым не менш, яны падобныя да старажытных формаў ганенняў” [5, с. 69].

Па той прычыне, што грамадствам у нашы часы вельмі лёгка маніпуляваць праз сродкі масавай інфармацыі і Інтэрнэт, колькасць ахвяр з кожным годам будзе не толькі не памяншацца, але нават і расці. Звязаць гэта можна яшчэ з паступовай дэградацыяй насельніцтва, паслабленнем разумовых здольнасцяў канкрэтнага індывіда, павальным п’янствам. Тым, хто прагне ўлады, грошай, вялізных тэрыторый, хто хоча бачыць сваё імя на старонках газет, кніг і падручнікаў па гісторыі, толькі на руку такая сітуацыя. Усё, што трэба – даць народу ідэю яго выбранасці, яго асаблівасці сярод іншых, абраць у якасці ахвяры тых, хто гэтай ідэі нібыта пагражае, і атрымаецца тое самае, што было пры Гітлеры ў Германіі, што назіралася ў Савецкім Саюзе пры камуністах, што мы бачым зараз пры… Пасрэднасці робяць сваю справу.

Каб спыніць помсту (роўна як і каб у нашы дні спыніць вайну), мала ўпэўніць людзей, што гвалт агідны; менавіта таму, што яны ў гэтым упэўнены, яны і лічаць сябе абавязанымі помсціць” [4, с. 48].

 

Літаратура:

  1. Арендт Х. Банальность зла. Эйхман в Иерусалиме / Х. Арендт. – М: «Европа», 2008. – 421 с.
  2. Солженицын А. Архипелаг ГУЛаг [Электронный ресурс] / А. Солженицын. – Режим доступа: http//predanie.ru/lib/book/69309.html. – Дата доступа: 26.07.2014.
  3. Аляхновіч Ф. У капцюрох ГПУ [Электронны рэсурс] / Ф. Аляхновіч. – Рэжым доступу: http//lib.rus.ec/b/454706. – Дата доступу: 21.07.2014.
  4. Жирар Р. Насилие и священное [Электронный ресурс] / Р. Жирар. – Режим доступа: http//royallib.ru/book/girar_rene/nasilie_i_svyashchennoe.html. – Дата доступа: 03.03.2014.
  5. Жирар Р. Козёл отпущения / Р. Жирар [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http//rulit.net/books/kozel-otpushcheniya-read-233913-1/html. – Дата доступа: 03.03.2014.

Фота да тэксту падабраныя рэдакцыяй сайта lit-bel.org.

Тэкст таксама будзе апублікаваны ў часопісе "Дзеяслоў".

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў літаратурнага конкурсу "Экслібрыс" імя Аляксандра Уласава — 25 верасня