"Глінянага Вялеса" далі Уладзіміру Някляеву

 Паэт Уладзімір Някляеў стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” за 2010 год. Прэміяй адзначаная кніга “Кон. Вершы двух стагоддзяў” (Мінск: Лімарыус, 2010), паведаміў у сваім блогу старшыня арганізацыйнага камітэта прэміі, літаратар Алесь Аркуш.

Алесь Аркуш павіншаваў лаўрэата і выказаў спадзяванне, што ў сакавіку паэт будзе вызвалены з-пад хатняга арышту, і з'явіцца магчымасць наладзіць уганараванне лаўрэата.

На гэту ўзнагароду сёлета таксама прэтэндавалі Міхась Андрасюк (“Вуліца Добрай Надзеі”), Леанід Галубовіч (“Сыс і кулуары: літаратурна-крытычныя эсэ”), Юры Станкевіч (“П’яўка”) і Андрэй Хадановіч (“Несіметрычныя сны”).

Літаратурная прэмія “Гліняны Вялес” за найлепшую беларускую мастацкую кнігу году была заснаваная ў 1993 Таварыствам Вольных Літаратараў. У розныя гады яе лаўрэатамі былі Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Славамір Адамовіч, Альгерд Бахарэвіч, Пятро Васючэнка, Сяргей Дубавец, Барыс Пятровіч, Валянцін Акудовіч і іншыя беларускія літаратары.

prajdzisvet.org