Год культурнага турызму: Купала, Колас, Шагал і 1150-гадовы Полацк

Міністэрства спорту і турызму па ўзгадненні з іншымі зацікаўленымі ведамствамі абвясціла 2012 год у Беларусі годам культурнага турызму. Пра гэта паведаміў намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга 9 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, такое рашэнне прынята ў сувязі з тым, што ў гэтым годзе адзначаецца шэраг важных дат для культуры Беларусі: 130-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы, 125 гадоў з дня нараджэння Марка Шагала, 1150 гадоў Полацку.

Я. Колас, Я. Купала з рускім пісьменнікам А. Міронавым

Я. Колас, Я. Купала з рускім пісьменнікам А. Міронавым на V пленуме пісьменнікаў СССР у г. Мінску. 1940 г.

Шульга паведаміў, што ў гэтым годзе плануецца зрабіць 10 найбольш запатрабаваных маршрутаў «узорна-паказальнымі» для Беларусі, у тым ліку Мінск—Нясвіж, Мінск—Мір, маршруты, звязаныя з Полацкам, які з’яўляецца другім па запатрабаванасці пасля Мінска горадам Беларусі, і Віцебскам , дзе праходзіць фестываль «Славянскі базар». «Мы разлічваем, што на працягу года падцягнем гэтыя 10 маршрутаў ва ўсіх адносінах: і ў інфармацыйным, і па аснашчэнні малымі архітэктурнымі формамі», — сказаў Шульга.

 

Паводле nn.by

Фота - archives.gov.by