Готыка, містыка і «Казкі майго горада» (+ФОТА)

Выданне “Казкі майго горада” (Мінск: Кнігазбор, 2015) пад адной вокладкай аб’яднала прозу навучэнцаў школы набору 2013-2014 гадоў.

Адметна, што падчас імпрэзы аўтары чыталі не тэксты з кнігі: некаторыя творы прэзентаваліся раней на адмысловым “выпускным”, некаторыя ж мусяць стаць адкрыццямі для чытачоў зборніка.

Злева: каардынатарка Школы, пісьменніца Алена Казлова; выкладчыцы Школы, уверсе: Людміла Рублеўская, ніжэй: Ганна Бутырчык 

Так, куратаркі Школы маладога літаратара Юля Цімафеева і Алена Казлова, якія выступілі ў ролі вядучых вечара, прапанавалі выпускнікам і навучэнцам розных набораў Школы выканаць яшчэ адно творчае заданне ― адмыслова для прэзентацыі напісаць гатычна-містычны тэкст.

Кожны з выступоўцаў стаў удзельнікам конкурсу глядацкіх сімпатый, дарэчы, сярод гледачоў былі і выкладчыцы Школы маладога пісьменніка ― літаратуразнаўца Ганна Бутырчык і вядомая пісьменніца, публіцыст Людміла Рублеўская.

 Уверсе: каардынатарка Школы, паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева; злева направа: Вольга Агапонава, Аліна Длатоўская

― Студэнты розных гадоў набора паміж сабой амаль не знаёмыя. Таму сёння на вечарыне мы паспрабавалі сабраць прадстаўнікоў некалькіх курсаў ― каб і публіку з імі пазнаёміць, і адно аднаму прадставіць, ― зазначыла Юля Цімафеева.

Тэма вечарыны таксама была абраная не выпадкова. У гісторыі сусветнай літаратуры знойдзецца нямала прыкладаў неверагоднага поспеху ранніх раманаў ці вершаў маладых аўтараў. Знакаміты “Франкенштэйн” Мэры Шэлі ― адзін з іх.

Выкладчыца Школы маладога літаратара Ганна Бутырчык прапанавала згадаць неверагодную гісторыю напісання гэтага рамана:

― Мы скіруемся ў далёкі 1816 год, у Швейцарыю, на вілу на Жэнеўскім возеры, дзе сабралася вельмі прыстойная кампанія. Мэры Уолстанкрафт Годвін, якая на той момант ужо прасіла называць яе Мэры Шэлі (хоць яшчэ не магла быць замужам за знакамітым паэтам), сам паэт Персі Біш Шэлі, зводная сястра Мэры Джоан Клэр Клэрмант, якая вырашыла ўцякаць з Англіі разам з парай закаханых, знакаміты паэт Джон Гордан Байран і яго доктар Джон Палідоры. Чэрвень, няспынныя дажджы, немагчыма выйсці з дому. Таму кампанія бавіць час, вывучаючы розныя навуковая трактаты. Асабліва іх цікавіць працэс выкарыстання электрычнага току. У той час лічылася, што з дапамогай электрычнасці можна ажывіць чалавека.

Больш за тое, у 1812 годзе ў Германіі выйшаў зборнік “Фантасмагарычныя гісторыі пра прывідаў, духаў і іншых”. Кампанія чытала і гэтую кнігу. Байран прапанаваў пісаць свае вусцішныя гісторыі, дарэчы, ён жа першым сышоў з дыстанцыі ў гэтым адмысловым спаборніцтве. Байран прыдумаў някепскі пачатак рамана пра вампіра, але хутка захапіўся Клэр больш, чым напісаннем прозы. Персі Біш быў заняты ўласнай творчасцю. А вось Мэры напісала за той час свой знакаміты раман “Франкенштэйн, ці Сучасны Праметэй”. Нягледзячы на тое, што пісьменніца пасля таго выдала яшчэ каля пяці кніг, у гісторыю сусветнай літаратуры яна ўвайшла менавіта як аўтарка “Франкенштэйна”, аднаго з самых знакамітых раманаў англійскай літаратуры.

Але на гэтым гісторыя, што распачалася на Жэнеўскім возеры, не скончылася. Ганна Міхайлаўна распавяла: Джон Палідоры вырашыў, што раман, распачаты Байранам, таксама варты ўвагі. Ён скончыў твор і выдаў яго пад назвай, характэрнай для таго часу, ―“Вампір”. Гэта быў першы англійскі раман пра вампіраў. Дарэчы, у першай публікацыі адзначалася, што аўтар твора ― Джордж Байран. Але сам паэт, калі даведаўся пра гэта, быў страшна раззлаваны. Пазней пад сваім іменем ён надрукаваў толькі ўрывак, які напісаў сам, цалкам “Вампір” выходзіў за аўтарствам Джона Палідоры. Але перакладчыкі гэта не адразу зразумелі, і яшчэ доўга на многія еўрапейскія мовы ён перакладаўся як твор Байрана.

Уверсе, злева направа: Артур Камароўскі, Аляксей Карпека; унізе: Юлія Мароз, Зося Нюціна

Выкладчыца Школы маладога літаратара, пісьменніца Людміла Рублеўская падзялілася сваімі ўражаннямі ад зборніка “Казкі майго горада”. Яна выказала спадзяванне, што хутка на гэтую кнігу з’явіцца многа рэцэнзій у друку.

Людміла Іванаўна падкрэсліла:

― Калектыўныя зборнікі ― справа небяспечная. За савецкім часам такія кнігі, што рыхтаваліся ў розных выдавецтвах і прысвячаліся пэўнай тэме, называліся “брацкімі магіламі”. Звычайна для іх выбіраліся “прахадныя” тэксты. Часам вельмі хацелася прадставіць маладых творцаў, а выдаваць іх асобныя кнігі не было магчымасці. Хоць магілы сёння “ў трэндзе” нашай гатычна-містычнай вечарыны, хочацца пагаварыць пра зборнікі іншага кшталту.

“Казкі майго горада” я параўнала б з маладзенькім ляском. Што з вырасце кожнага дрэўца ― пакуль невядома. Зараз яны аднолькава кволыя, але праз некаторы час могуць вырасці ў класіку. У літаратуры месца хопіць усім. З аднаго боку можа падацца, што тут пануюць жорсткія норавы, усе штурхаюцца, даказваюць сваю геніяльнасць ці, наадварот, імкнуцца даказаць нікчэмнасць канкурэнтаў.

Але літаратура ― з’ява бязмежная. Усё залежыць ад таленту, працаздольнасці. Жадаю, каб з кожнага маленькага апавядання-парастка калісьці атрымалася кніга.

 

Як пачуваліся на вечарыне маладыя творцы? Безумоўна, хваляваліся, бо ім давялося прадставіць свае тэксты не на занятках у вузкім коле, а падчас імпрэзы. Але, думаецца, усе выдатна справіліся з заданнем і атрымалі добрыя водгукі публікі, хоць быў абраны толькі адзін пераможца.

Выступае Алена Казлова

Так, некалькі маладых аўтараў у сваіх творах звярнуліся да беларускай міфалогіі і гісторыі ўласнай сям’і. Аліна Длатоўская, студэнтка сёлетняга набора, прадставіла апавяданне пра чорнага ката “Варгін”, выпускнік Антон Рудак прачытаў неагатычны нон-фікшн “Золата-брыльянты”, а выпускніца мінулагодняга курса Вераніка Ляўчук па-мастацку пераасэнсавала расповеды бабулі ў творы “На досвітку”.

Уверсе: Мілана Пасанен, ніжэй: Вераніка Ляўчук; Антон Рудак

Мілана Пасанен на новы лад перастварыла “Чорнае-чорнае апавяданне”, а яе бабуля Зося Нюціна, якая запісалася ў Школу ўслед за ўнучкай, прачытала эсэ пра мастацтва паміраць.

Аляксей Карпека прачытаў халоднае апавяданне “Абдымі мяне”, Артур Камароўскі ― твор “Назаві яго маім менем”. А дэтэктыўна-містычную гісторыю пра кацяня “Феномен” распавяла навучэнка Школы з Гародні Вольга Агапонава.

 

Галасаванне за лепшае гатычна-містычнае апавяданне

Пераможцай міні-конкурсу гледачы назвалі выпускніцу Школы маладога пісьменніка Юлію Мароз, якая прадставіла апавяданне “Мая Краіна Цудаў”, напісанае да 150-годдзя “Алісы ў Краіне Цудаў” Льюіса Кэрала. Дарэчы, сама аўтарка прызналася, што адпачатку пісала твор па-англійску, а для вечарыны пераклала яго на рускую мову, бо беларуская, па яе меркаванні, настолькі прыемная і мілагучная, што не здольная распавядаць пра вусціш.

 

Тэкст і фота ― Марына Весялуха, lit-bel.org