Грамадскія арганізацыі заклікалі беларусаў арганізаваць прагляды ўручэння Нобеля Святлане Алексіевіч

Ініцыятыва арганізацый «Цытуй сваё!», у якую ўваходзяць Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь», грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!», Лятучы універсітэт, курсы беларускай мовы «Мова нанова» і Беларускі Калегіум, прапануе адсвяткаваць такую важную падзею ў жыцці нашага грамадства ўсёй краінай.

Ініцыятыва прапануе правесці своеасаблівы флэшмоб з 10 да 13 снежня. «Пачнем флэшмоб у дзень урачыстай цырымоніі ўзнагароджання спадарыні Святланы і працягнем яго да Дня памяці святой Люцыі. Гэта старое свята Швецыі». 

Што ж прапануюць рабіць ініцыятары? Вось што яны пішуць у фэйсбуку:

«1) Арганізаваць прагляд жывой трансляцыі ўрачыстай цырымоніі на публічнай пляцоўцы альбо разам з сябрамі (непасрэдна 10 снежня) альбо прагляд запісу цырымоніі. Падчас трансляцыі прапануем упрыгожыць прастору свечкамі як добрай асацыяцыяй з імем пісьменніцы і сімвалам свята, святла, нейкіх светлых падзей у краіне.

2) Перад праглядам альбо пасля яго можна арганізаваць чытанне ўрыўкаў з твораў спадарыні Святланы. Такія чытанні могуць быць арганізаваны і ў якасці асобнага мерапрыемства. 

3) У месцы прагляда (чытанняў) альбо ў любым дасяжным для шырокага кола наведвальнікаў месцы было б добра арганізаваць «паштовую скрыню» альбо «куфэрак» для віншавання Святланы ўсімі ахвочымі. У гэтую скрыню любы жадаючы зможа пакласці паштоўкі, лісты ці проста нейкую прыемную нататку з віншаваннем нобелеўскага лаўрэата. Скрыні могуць быць арганізаваныя з 10 снежня альбо нават раней і прастаяць у гэтым месцы да 24 снежня. Пасля мы збярэм усё з гэтых скрыняў і перададзім Святлане ў якасці віншавання ад усёй краіны.

4) У сацсетках любы ахвочы можа выкладаць свае відэаролікі, фотаздымкі ці проста віншаванні, ужываючы хэштэгі ‪#‎nobelrazam‬ і ‪#‎нобельразам‬, а мы будзем іх збіраць у створаных пад флэшмоб суполках у фэйсбуку і Укантакце».

nn.by