«Гісторыі ў прыцемках» – дэбютная кніга прозы Змітра Дзядзенкі

Творы Змітра Дзядзенкі, якія ўвайшлі ў кнігу "Гісторыі ў прыцемках", вызначаюцца цікавасцю да таямнічага і неспазнанага, а таксама вострасюжэтнасцю. Героі твораў спрабуюць разгадаць загадкі, паходжанне якіх губляецца ў прыцемках гісторыі.

Гэта характэрна як для містычнага апавядання "Яйкі птушкі Рух", так і для дэтэктыўных аповесцяў "Голем з Малой Мар'ямпольскай" і "Вуаерыст".

Гісторыя "Голема з Малой Мар'ямпольскай" сюжэтна пераплятаецца з біяграфіяй беларускага першадрукара Францішка Скарыны. Злачынства, якое адбываецца задоўга пасля смерці вялікага палачаніна, здараецца пры ўдзеле невядомых сілаў, а месцы злачынства знаходзяць след гліны. Голем з пражскіх легендаў працягвае помсціць нашчадкам Скарыны за нейкія даўнейшыя правіны...

Зміцер Дзядзенка нарадзіўся ў 1972 годзе ў Оршы. У 1994 годзе скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля навучання паспеў папрацаваць, сярод іншага, рэдактарам на БТ і журналістам у "Нашай Ніве".

Друкаваўся ў часопісах "Дзеяслоў", "Полымя", "Першацвет", "Паміж", "Спадчына". Аўтар краязнаўча-генеалагічнага даведніка "Аршанская шляхта", зборніка інтэрв'ю "Беларусь: Ні Еўропа, ні Расія", адзін з суаўтараў кнігі "Наша страва".

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"