Гісторыка-краязнаўчы вечар з удзелам Фелікса Шкірманкова прайшоў у Слаўгарадзе

«Многае ўжо сцёрта з памяці. Але кожны, хто прайшоў гэтую вайну, ніколі не забудзе яе першы дзень і апошні ... »  — такімі словамі пачаў свой ​​выступ ветэран вайны, пісьменнік, сябра СБП Ф.В. Шкірманкоў. Фелікс Уладзіміравіч — непасрэдны ўдзельнік баявых дзеянняў.

Ён атрымаў чатыры раненні, але выжыў.  «Я вельмі шчаслівы чалавек, — кажа ветэран. —  Вярнуўся жывым, сустрэў сваю другую палову, з якой разам ужо 65 гадоў. Бог падараваў дзяцей, унукаў, я знайшоў сябе і ў прафесіі, і ў творчасці. Ці гэта не шчасце!»

Соф’ю Цярэнцьеўну Івароўскую вайна заспела шасцігадовым дзіцем. Яе бацька і старэйшыя браты былі партызанамі, таму сям'ю не раз пераследавалі акупанты.

Злева направа: Соф'я Івароўская, Фелікс Шкірманкоў, Ева Пацёмкіна.

Ева Іванаўна Пацёмкіна добра памятае ваеннае ліхалецце  —  як быццам гэта было ўчора. Жанчына распавяла, як яна і іншыя жыхары яе вёскі выратавалі некалькіх чырвонаармейцаў ад смерці.

«Мы схавалі іх ваенную форму і пераапранулі іх у сялян, — кажа яна. — А калі немцы сталі хадзіць па хатах, мы называлі пераапранутых салдат каго мужам, каго братам, каго сынам».

Вайна не прымусіла гэтых людзей апусціць рукі і страціць веру ў жыццё. Наадварот, яны змагаліся, заўсёды застаючыся моцнымі духам. А гэта галоўнае.

Магілёўскае абласное аддзяленне СБП

Выказваем шчырую ўдзячнасць супрацоўнікам Слаўгарадскай цэнтральнай раённай бібліятэкі за прадастаўленыя матэрыялы.