Гісторыя беларускай літаратуры ў аўтографах
Можа быць, і ў вашай прыватнай бібліятэцы захоўваюцца такія цікавосткі? То дзяліцеся! Пра тое, як гэта можна зрабіць, чытайце ТУТ.
“Аднойчы патэлефанаваў мне дзядзька Рыгор і спытаўся, ці хачу я атрымаць яго новую кнігу - вядома, я згадзіўся. Неўзабаве пошта даставіла бандэроль з кнігай "Толькі б яўрэі былі!.." (Мінск, 2011) і аўтографам на тытульным аркушы”.
Вольф Рубінчык
“Дасылаю Вам аўтограф Сяргей Новіка-Пяюна. Ён можа быць цікавы тым, што гэта, верагодна, можа быць апошні з яго аўтографаў. Справа ў тым, што паэт памер 26 жніўня 1994 года. А кніга ім падпісана 17 красавіка 1994 года. Апроч таго, гэта яго апошні прыжыццёвы зборнік.
Я раней займаўся скаўцкай дзейнасцю, а Сяргей Новік-Пяюн у 1918-24 гадах навучаўся у Нясвіжскай гімназіі, у якой прымаў удзел у скаўцкім руху. І я з ім сустракаўся ў яго ў хаце, распытваў яго пра тыя часы. Падчас сустрэчы ён мне і падараваў сваю кніжку, і падпісаў яе на добры ўспамін”.
Алег Грушэцкі
Аўтографаў жывая памяць
“Знаёмыя літаратары даўно былі начутыя пра існаванне ў Лявонпалі Музея Радзімазнаўства. З трох дзесяткаў дароўных надпісаў толькі некалькі пісьменікаў змаглі наведаць бераг Дзвіны і ўступіць у Дом памяці: так назвала музей пані Зофія Олейко з Польшчы — дачка першага дырэктара Лявонпальскай школы Францішака Міханьчыка.
Сам музей і яго філіял — Хата бабкі Ядзвінні — знаходзіцца ў прывабным месце — у былой рэзідэнцыі графа Лапацінскага. І нездарма 93-гадовая пані Робэрта Лапацінская з Лондана прыехала развітацца са сваім домам нараджэння: яе бацька Эўзэбіюш жыў у Лявонпалі з 1906 па 1911 гады.Аўтографы графа бачыў толькі ў архівах Вільні. А вось дароўныя надпісы на сваіх кнігах пакінулі Лявонпалю Сяргей Грахоўскі (мой першы рэцэнзент у мёрскай райгазеце , Вячаслаў Адамчык, Іна Снарская з Украіны (яе зацікавіў мой аповяд пра мёрскіх Снарскіх), Раіса Баравікова, наш таленавіты зямляк Франц Сіўко, паэт-прыдзвінец Уладзімір Скарынкін, Уладзімір Ліпскі, які высока ўзнёс на добрую зайздрасць сваё Радаводнае Дрэва, Янка Брыль, які натхніў мяне на шляхі спазнання: а што было пасля вогненных вёсак...
Памяць — жывая... Патрэбна толькі ашчадна лагодзіць яе нязгаслыя азнакі”.
Сяргей Панізьнік