Гурт “Верасень” і Віка Трэнас выступілі ў Віцебску

Музыканты Вольга Акуліч (вакал, гітара) і Арцём Лабін (гітара) прадставілі публіцы новы, трэці па ліку студыйны альбом гурта “Верасень” пад назвай “Караблі”.
Адмыслова для наведнікаў гэтага канцэрту выступоўцы падрыхтавалі і паказалі відэазапіс падарожжа на аэрастаце. З вышыні паветранага шара можна было пабачыць Нясвіж, Гальшаны, Ружаны. Вольга Акуліч не толькі выступіла рэжысёрам паказаных сюжэтаў – творца непасрэдна ўдзельнічала ў палёце, і таму распавяла гледачам пра свае ўражанні.
Арцём Лабін і Вольга Акуліч
У акустыцы прагучалі песні з новай кружэлкі (альбом, дарэчы, свабодны для вольнага спампоўвання ў інтэрнэце) – “Стрэл”, “Для смутку няма прычын”, “Нешта не тое”, “Караблі”, “Халодны блюз” ды многія іншыя, якія запомніліся слухачам падчас выступаў гурта ў Беларусі і за яе межамі.
Віка Трэнас. Фота Аляксея Пацёмкіна
Паэтка Віка Трэнас, арт-менеджэр “Верасня”, раскрыла гісторыю свайго захаплення рок-музыкай і знаёмства ўласна з творчасцю гурта, агучыла некалькі сваіх вершаў, распавяла пра новы нумар часопіса “Дзеяслоў”.
Арцём Лабін і Вольга Акуліч
Тыя, хто змаглі адгадаць, якія канкрэтна населеныя пункты паказаныя на відэападарожжы, атрымалі прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі”.
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"