Гутарка Андрэя Масквіна з Рыгорам Барадуліным

Адаму Міцкевічу

 
Litwo! Ojczyzno moja! Ty jesteś jak zdrowie…
Adam Mickiewicz.
Паэты нараджаюцца ў карчме,
Каб іх пасьля
Аплаквалі саборы.
Выгнаньніку
Ня ў сьпіну вецер дзьме, –
Ён носіць край абражаны
З сабою.

Хмар вырай
Сьвіцязі сьлязу страсе,
Як пава з песьні,
Што праз сад ляцела.
На саркафагу ружы
У расе
Паэту – 
Не пыхлівасьці зьлюцелай!

Маўчыўсыпальня каралёў...
Вякі
Прыціхлі
Над геральдыкай нямою.
Спытае нехта:
– Быў кароль які,
Калі пісаў паэт:
«Ojczyzno moja…»?
1973

 

– Кім для Вас з’яўляецца Адам Міцкевіч?


– Міцкевіч для мяне зьяўляецца пісьменьнікам, народжаным беларускай зямлёй. Ён спаліў свае першыя вершы, напісаныя на беларускай мове. Можа, я трошкі перабольшваю, але скажу: Міцкевіч– беларускі паэт, хаця ягоныя вершы напісаныя па-польску. Ягонае сьветаадчуваньне, ягонае мысьленьне зьяўляюцца беларускімі. 

– Ці памятаеце Вы сваю першую «сустрэчу» з паэзіяй Міцкевіча?

– Для мяне Міцкевіч – постаць унікальная. Упершыню я пазнаёміўся з яго творчасьцю ва універсітэце. Да гэтага ўласнай бібліятэкі ў мяне не было. Не было грошай, каб купляць кнігі. Падчас вучобы я праводзіў у бібліятэцы шмат часу. Менавіта Міцкевіч уваходзіў у праграму па гісторыі беларускай літаратуры. Акрамя таго ён уваходзіў у праграму майго азнаямленьня з літаратурай. Пазьней я вяртаўся да яго творчасьці шмат разоў. Таму што яе нельга да канца спасьцігнуць.

– Што з Міцкевіча Вам хочацца перачытаць?

– Перш за ўсё лірыку і балады. У іх ёсьць душэўнасьць, замілаваньне роднай зямлёй і яе прыродай. Калі чытаеш Міцкевіча, то адчуваеш сябе Беларусам.

– «Паэты нараджаюцца ў карчме» – гэта міф ці метафара?

– Існуе міф, што Міцкевіч нарадзіўся менавіта ў карчме.

– Вы назвалі яго «выгнаньнікам». Большую частку жыцьця ён пражыў на чужыне: Расія, Францыя, Турцыя... Ці можна Вас таксама назваць «выгнаньнікам»? Жывучы ў сваёй краіне, вы ня можаце актыўна ўдзельнічаць у палітычным і літарацкім жыцьці.

– Перш за ўсё страшна параноўваць сябе з Міцкевічам. Так, я чужы ва ўласнай краіне. Я не патрэбны тут. У мяне мала чытачоў, прыхільнікаў. Але параўноўвацца з Міцкевічам я не магу.

– Вы сказалі, што не патрэбны. Чаму?

– На жаль, у апошнія часы ў нас абыякавыя адносіны да мовы, дакультуры. Мова зьнішчаецца, зачыняюцца беларускія школы. Я пытаюся: «Чаму рыба гніе з галавы, а чысьцяць яе з хваста?» Па тэлебачаньні не чуваць беларускай мовы. Расійская папса пераела ўжо душу. Многія дыктары гавораць па-беларуску з расійскім акцэнтам. Таму што яны штодня ў звычайных умовах гавораць толькі па-расійску. Беларускую мову можна пачуць толькі на радыёстанцыі «Свабода». Ці гэта парадак?

Раней падмуркам беларускасьці была вёска. Людзі падтрымлівалі сувязі з вёскай: наведвалі бацькоў, прыязджалі туды адпачыць... Зараз вёска ў традыцыйным сэнсе не існуе. Калі стварылі калгасы, то вёска зрабілася падобнай да гораду. А горад яшчэ з часоў Расейскай імперыі быў расейскі. Цяпер уся моладзь бяжыць з вёскі ў горад. Мала хто размаўляе па-беларуску. Нашыя чыноўнікі ведаюць мову, але размаўляць ня хочуць. Вось каб нехта даў загад зьверху, то ўсе адразу пачалі б размаўляць па-беларуску. А калі існуе двухмоўе, то нічога ўкраіне ня зьменіцца. Ці магчыма, каб былі дзьве маці?

– Што, на Вашу думку, трэба зрабіць, каб зьмяніць сітуацыю?

– Шмат чаго трэба зрабіць. Па-першае, каб вырасла сьвядомасьць. Па-другое, належыць зрабіць арыентацыю на моладзь. Таму што ўсё вынішчана. Сьмешна, калі вайсковая вучэльня для моладзі носіць імя Суворава. Сувораў заліў крывёй усю Беларусь. Гэта – кат, а ягонае імя носяць маладыя вайскоўцы. Яшчэ адзін прыклад. У нас існуе «Таварыства беларускай мовы». Я разумею, што такая арганізацыя магла б існаваць у Кіргізіі, у Сібіры. А ў Беларусі?..  Добра, што хоць нешта ёсьць. Але трэба памятаць, што гэтая арганізацыя была створаная ў піку БНФ са згоды ўлады.

– У вершы Вы выказваеце думку, што сапраўднага паэта будуць памятаць заўсёды, а таго, хто кіруе ўладай – хутка забудуць. Алеці магчыма, каб адзін існаваў без другога? Можа гэта натуральна, каб паэт заўсёды заставаўся ў апазіцыі, каб выказваць іншыя, недазволеныя ўладай думкі.

– Калі нехта будзе ў вершаванай форме паўтараць лозунгі партыі – гэта не паэт. Ён павінен рабіць нешта большае. Перш за ўсё ён павінен церабіць мазгі, тым самым ствараць такую сітуацыю, каб іншыя небаяліся задаваць складаныя пытаньні. Праходзіць час і людзі забываюць сваіх уладароў. Хто, да прыкладу, памятае, пры якой уладзе жыў Міцкевіч? А Міцкевіча не забываюць! 

– Яшчэ адна цікавая думка ў вершы: памяць аб паэце – гэта ня ружы, якія прыносяць і кладуць на саркафаг, а тыя радкі, якія ўзгадвае чалавек, ідучы басанож па расе.

– Першае адчуваньне самае шчырае, натуральнае і самае моцнае. Першае адчуваньне босай нагі ў расе, узыходу сонца. Першае адчуваньне свайго кроку па зямлі. Ружы вельмі хутка сохнуць. Потым іх выкідваюць на сьметнік, дзе яны ляжаць нікому не патрэбныя. Асловы паэта, калі яны сапраўдныя і шчырыя, надоўга застаюцца ў памяці. Яны даражэй за ўсякія ўхвалы і кампліменты.

– Калі Вы перакладалі паэзію Міцкевіча на беларускую мову, ці сустракаліся з нейкімі цяжкасьцямі?

– Калі мовы блізкія, то перакладаць цяжэй. Калі мова далёкая, то робіш падрадкоўнік і перакладаеш. Іншы раз можна нават адысьці адарыгіналу. Але калі перакладаеш Міцкевіча, вельмі далёка не адыдзеш...

– У апошнія часы Вы перакладаеце вершы паэтаў, пакрыўджаных уладай сваіх краінаў. Чаму іх творчасьць Вас цікавіць больш заўсё?

– Я пераклаў дзясяткі паэтаў, прадстаўнікоў пакрыўджаных народаў. З некаторымі я пазнаёміўся на розных сьвятах паэзіі, вечарынах. А некаторых нават ніколі ня бачыў і толькі перапісваўся. Многія з іх потым зрабіліся маімі добрымі сябрамі і пачалі дасылаць мне свае кніжкі. Але перш за ўсё я сам іх знаходжу.
Цікавая гісторыя здарылася з Зелімханам Яндарбіевым. Калі была выдадзеная кніга з перакладамі яго паэзіі, я атрымаў пасылку. Пайшоў на адну пошту, потым на другую, дзе павінен быў адказаць на наступныя пытаньні: «Што за радня жыве ў Вас у Чачне?», «Што яны Вам даслалі?» Калі адчынілі, там аказаліся фінікі. Слава Богу, што там не было ніякога гашышу. На наступны дзень газеты напісалі б: «Наркур’ер Рыгор Барадулін атрымаў ад наркадылера Яндарбіева наркотыкі». (Сьмяецца). Потым здарылася яшчэ адна гісторыя. Калі я гуляў у скверы, да мяне падышлі чачэнцы, далі ў рукі пакет і сказалі: «Гэта табе гасьцінец за пераклады з чачэнскай». 
Я дужа рад, што меў магчымасьць дакрануцца да гэтай высокай паэзіі.

– Чаму гэта так важна для Вас?

– Гэтыя аўтары працягваюць сваю нацыянальную культуру і літаратурную традыцыю. Яны пішуць у піку ўладзе і рэжыму. Менавіта гэта мяне падкупляе. Акрамя таго, трэба памятаць, што ў тых краінах, дзе жывуць гэтыя паэты, цяжкае палітычнае становішча. Нешта падобнае я сам перажыў. Меў вельмі цяжкае дзяцінства, застаўся бяз бацькі, які загінуў у партызанах. З розных прычынаў мяне не прынялі ў піянеры. У партыю я ўжо сам не хацеў уступаць. Мяне некалькі разоў спрабавалі намовіць. А было так. Мы паехалі нарадзіму Петруся Броўкі, выпілі там. У размове ён запрапанаваў мне характарыстыку для ўступленьня ў партыю. А цьвярозы маўчаў прагэта. І калі я пра гэта расказаў, ад мяне адчапіліся…

– А вершы калі Вы пачалі пісаць?

– У 1952 годзе, у школе. 

– Як ствараюцца вашыя вершы?

– Кожны раз па-іншаму. Бывае, што нейкая ідэя, думка прыводзіць даства­рэньня верша. А бывае, што ўсё пачынаецца ад аднаго толькі слова, альбо ад двух. Адчуваю, што нешта ўдарыла ў галаву, нешта стукае. Тады я ўключаюся ў працэс. А планава нічога ня можа быць.

– Ці хацелася Вам наведаць Польшчу пасьля знаёмства з вершамі Міцкевіча?

– Я дужа хацеў у Польшчу. Упершыню я паехаў за мяжу, калі яшчэ быў студэнтам. У цягніку да Варшавы мы сьпявалі: «Яшчэ Польска незгінэла // Наша вудка не скваснэла // Багнэт на бронь!// Бальшавікагонь!» Усе думалі, што я правакатар. А я ведаю гэта ад маці. Разам з намі ехаў выкладчык, які ўзяў у дарогу радыёпрыёмнік. Калі даведаўся, што слухаў «Голас Амерыкі», то страшна перапужаўся,выключыў прымач і больш не ўключаў.

Польшча была для нас чымсьці важным. Палякі, як нацыя, захавалі сваю ідэнтычнасьць, свабодалюбства. А ў нас усё нішчылася, правадыры нацыі забываліся, хто і адкуль яны. Нас разводзілі, як сьпірт вадой… І ні камуністы, ні бальшавікі не павініліся перад народам за свае злачынствы.

Шмат што мяне ўразіла ў Польшчы тады. Павага да польскай мовы.Калі бачыў гэта, мне рабілася балюча і адначас прыемна, што ня чуюрасейскай мовы. Калі я паступаў ва універсітэт, то ў заяве прасіўзалічыць на беларускае аддзяленьне, а калі ня будзе магчымасьці, тохоць на рускае. Тады я яшчэ ня ведаў, як выглядае моўная сітуацыя ўМенску. Сам я вучыўся ў беларускай школе і наіўна думаў, штопа-беларуску размаўляюць усе.

Уразілі мяне таксама людзі, якія не баяліся хадзіць у касьцёл. Я стаяў побач і чытаў малітву, якой навучыла мяне маці змалку. Мая мама была веруючай і пражыла з глыбокай верай у Бога ўсё жыцьцё. Калі я прыязджаў дадому альбо зьязджаў заўсёды маліўся. Вера ўмацавала маю душу. І па сёньня нанач я чытаю тую маміну малітву.

 

 

dziejaslou.by (№42)