Гутарка з Леанідам Галубовічам і лекцыя па арфаграфіі і арфаэпіі

Лекцыю па арфаграфіі і арфаэпіі для навучэнцаў Школы маладога пісьменніка пры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” прачытаў учора, 23 студзеня, кандыдат філалагічных навук Анатоль Івашчанка. Маладым аўтарам было таксама прапанавана выканаць некалькі практыкаванняў. 

  

Анатоль Івашчанка

Выкладчык зрабіў агляд самых распаўсюджаных памылак у вымаўленні, згадаў некалькі варыянтаў правапісу, разгледзеў апошнія папраўкі ў правілах беларускай арфаграфіі. Карыснымі былі падказкі, як абыходзіць складаныя моманты пры перакладзе з рускай мовы. Напрыклад, канструкцыі з дзеепрыметнікамі кшталту “следящая система” можна перакладаць спалучэннем назоўнікаў, у дадзеным выпадку — “сістэма сачэння”. Такія словы як “легковушка” з неўласцівым для нашай мовы суфіксам магчыма перакладаць, ужываючы характэрныя для нашай мовы словаўтваральныя суфіксы, пры гэтым слова можа змяніць род — “легкавік”.

  

Леанід Галубовіч

Таксама ўчора для маладых аўтараў адбылася гутарка з паэтам і літаратурным крытыкам Леанідам Галубовічам, які крыху расказаў пра сябе і падзяліўся сваім бачаннем таго, чым ёсць паэзія і паэт. Не абышлося без правакацыйных пытанняў з абодвух бакоў. Напрыканцы сустрэчы Леанід Галубовіч падарыў самым актыўным удзельнікам гутаркі свае кнігі.

Болей фота гл. на нашых старонках у сацыяльных сетках:

У фэйсбуку

Вконтакте

Прэсавая служба СБП, фота АУ