Гутарка з драматургам Аляксеем Дударавым

Драматург Аляксей Дудараў — пра армію, «Рэвізора» і тэатр моцных пачуццяў.

Драматычны тэатр Беларускай арміі адзначае 10-годдзе з дня заснавання. Сваю першую «круглую» дату творчы калектыў самага маладога тэатра краіны сустракае пастаноўкай класікі — напярэдадні юбілею выпусцілі спектакль «Рэвізор» паводле Гогаля. Перад прэм’ерай карэспандэнт «Р» сустрэўся з мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатра Беларускай арміі, вядомым драматургам Аляксеем ДУДАРАВЫМ (на здымку).

— Аляксей Ануфрыевіч, дзесяцігадовы чалавек — гэта, па сутнасці, яшчэ дзіця. А дзесяцігадовы тэатр — гэта?..

— Падлетак, відаць. Але разам з тым дзесяць гадоў для тэатра — той тэрмін, калі ўжо можна сказаць, адбыўся ён ці яму трэба яшчэ расці. Дык вось, магу ўпэўнена сказаць: наш тэатр адбыўся. І нязменным застаецца наш дэвіз: Драматычны тэатр Беларускай арміі — тэатр моцных пачуццяў. Альбо яшчэ такі: «Non solum armis», што азначае ў перакладзе з лацінскай «Не толькі зброяй», бо нават самае вялікае робіцца не зброяй, а духоўнасцю. У тым ліку і ў справе абароны. Гэта вялікае майстэрства — міратворчая дзейнасць. Нездарма ж гаворыць святое слова, што наракуцца міратворцы сынамі Божымі.

Таму, калі восенню 2002-га адбылася мая сустрэча з тагачасным міністрам абароны генерал-палкоўнікам Леанідам Мальцавым, які прапанаваў стварэнне новага тэатра, я, натуральна, падтрымаў гэта пачынанне дзвюма рукамі. Дый ці мог інакш драматург і старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Хаця скептыкі былі, якія казалі, што не армейская справа — тэатр.

Але я лічыў і лічу: тэатральнае мастацтва датычыць усіх. І наш тэатр засноўваўся не проста каб ставіць спектаклі пра армію ці вайну. Нашай мэтай было і застаецца сродкамі мастацтва тэатра спрыяць духоўнаму развіццю чалавека, выхаванню пачуцця глыбокага патрыятызму, шчырай любові да сваёй Радзімы. І не толькі ў людзей, якія служаць Айчыне, ці збіраюцца служыць, ці адслужылі, не толькі ў вайскоўцаў, а ў любога, хто прыходзіць у наш тэатр. А што датычыць людзей у пагонах, то мне запомніліся словы таго ж генерал-палкоўніка Мальцава пра тое, што нават выдатна падрыхтаваны, узброены па апошнім слове тэхнікі чалавек, які можа ўсё, без духоўнасці — усяго толькі кілер, а не абаронца Радзімы і міру.

— Тэатр, які вы ўзначальваеце, — які ён?

— Цёплы. І гэта адносіцца да ўсяго, я маю на ўвазе не толькі Цэльсія ці Фарэнгейта. У ім цёплая чалавечая і творчая атмасфера. Нездарма наш тэатр ахоўвае ікона Казанскай Божай маці. Яна знаходзіцца ў тэатры і асвячае яго з дня, калі мы сыгралі тут свой першы спектакль. Упэўнены, яна нам памагае ва ўсім пастаянна, у тым ліку і ў падтрыманні гэтай атмасферы. У нас нават няма так званага традыцыйнага пылу куліс — усялякіх інтрыг, плётак ці якіх яшчэ падобных праяў, уласцівых іншым калектывам. Дый, шчыра сказаць, нам проста няма калі гэтым займацца. У трупе усяго 15 чалавек, і ўсе шчыльна заняты справай. Калі хоць адзін з акцёраў па нейкай прычыне адсутнічае, рэпертуар проста «ляціць», і даводзіцца неяк выкручвацца.

— З улікам прэм’ернага «Рэвізора» ў рэпертуары тэатра ўжо дзевяць спектакляў. Які з іх можна лічыць творчай «візітоўкай» калектыву?

— Першай пастаноўкай у 2004 годзе была гістарычная балада «Ты помніш, Алёша…» пра Буйніцкае поле і абарону Магілёва. Яна мела поспех, і з ёй тэатр гучна заявіў пра сябе, але сапраўднай «візітоўкай», лічу, стаў усё ж спектакль «Не пакідай мяне…». Яму ўжо сем гадоў, больш за сотню разоў яго сыгралі, а гэта ўжо знакава. На спектакль ходзяць, яго любяць і сівыя ветэраны, і моладзь. Пачуцці ён выклікае і ў тых, і ў другіх аднолькавыя — пазітыўныя. Ён цёплы, нягледзячы на трагічнасць, са слязьмі, але і з ноткай гумару, у ім ёсць і каханне, і боль... Галоўнае — ён узрушвае гледача. Па сюжэце там чатыры такія Зоi Касмадзям’янскія, прыгожыя маладзенькія дзяўчаты, як кажуць, «піскляты» зусім, учарашнія школьніцы, якія нічога яшчэ не зведалі, мала што разумеюць і якія апынуліся на вайне. Яны маглі б быць жонкамі, маці, але нічога не адбываецца. Яны павінны выканаць адказнае і небяспечнае заданне камандавання ў тыле ворага і, за выключэннем толькі адной, усе гінуць…

Запомнілася, як генерал і пісьменнік Анатоль Сульянаў пасля гэтага спектакля сказаў: маўляў, калі ўся наша моладзь яго паглядзіць, абароназдольнасць краіны павялічыцца. Можа, кампліментарна і крыху перабольшана, але, лічу, дакладна. Пасля аднаго са спектакляў я сам чуў, як малады хлопец, гадоў 16, узрушаны пасля прагляду, дзяліўся ўражаннямі і палка казаў: за сваіх дзяўчат я ўсіх парваў бы. Уласна я лічу, што гэта рэакцыя на ўздзеянне мастацтвам — спектакль, пры ўсёй часам рамантычнасці, выклікае раздражненне ў мужчын. Пазітыўнае раздражненне. Бо нельга на закланне аддаваць дзяўчат. Не павінны дзяўчаты абараняць Радзіму, якімі нi былі б умовы. Абараняць — гэта мужчынская справа, і так было заўсёды. А дзяўчат трэба ахоўваць, берагчы, абараняць, гэтак жа як іконы, як дзяцей і старых.

— 10-годдзе тэатр адзначае прэм’ерай «Рэвізора». Чым выкліканы зварот да класікі?

— Мы з самага пачатку паставілі сабе задачу — абапірацца на сапраўдную літаратуру. Нават у самым аблегчаным матэрыяле, а ў нашым рэпертуары ёсць і забаўляльныя пастаноўкі, мы імкнёмся знаходзіць сэнс, высокую думку і імкнёмся клікаць гледачоў за сабой у той бок, дзе ёсць хоць маленькая кропелька святла, надзеі і любові.

На нашых падмостках не было і не будзе «чарнухі». І не таму, што нам, як падраздзяленню Міністэрства абароны, нехта нешта забараняе. Рэпертуар мы выбіраем самі і самі для сябе з’яўляемся самымі вялікімі цэнзарамі.

Цяпер жа ў «скрынку» паглядзіш — моташна робіцца. Тое ж самае адбываецца і на некаторых сцэнах. Гавораць — людзі такога хочуць, ім такое патрэбна. Не людзям гэта патрэбна, а дзялкам, каб бабло сваё хапнуць. А людзям трэба сапраўднае. Людзі адкрытыя мастацтву. Але нельга гэтую іх цікавасць выклікаць і сілкаваць рознымі непрыстойнасцямі, пошлымі хохмачкамі, распрананнем на сцэне і іншымі забароненымі прыёмамі.

Як бы сказаць так, каб не пакрыўдзіць нас, творцаў: глядач — ён разумнейшы за нас. Вось тэатр з чаго складаецца: літаратура, рэжысура, акцёры, мастак, кампазітар. Няхай яны будуць самыя геніяльныя — але без гледача, без узаемаабмену з ім няма тэатра. Глядач — абавязковы складальнік гэтага працэсу. І каб да яго далучыцца, ён павінен разумець, пра што яму даводзяць са сцэны. А калі не разумее, дык што яму з таго тэатра? З чалавекам трэба гаварыць па-чалавечы, на чалавечай мове, а не спасылацца на тое, што глядач яшчэ да нечага не дарос. Гэта выкрутасы проста, апраўданне ці сваёй бяздарнасці, ці зашоранасці на нечым своеасаблівым. А вось прымусіць сучаснага чалавека заплакаць у тэатры — гэта на сцэне сэрцам трэба плакаць самому.

Сапраўдны майстар і творца можа расказаць так, каб яго зразумеў просты чалавек, абсалютна пра ўсё. І няма забароненых тэм. І паказаць на сцэне можна ўсё. Але пры гэтым трэба паважаць чалавека. А калі ты чалавека ў вялікім сэнсе гэтага слова не паважаеш, табе наогул мастацтвам займацца нельга. Тады табе трэба нешта іншае. Хаця, відаць, паважаць чалавека трэба, займаючыся і любой іншай справай.

— Напэўна, не варта ўдакладняць, што прэм’ерны «Рэвізор» будзе без усякіх модных выкрутасаў, надуманасцяў і «тараканаў» у галаве...

— Тараканаў у нашым тэатры і ў прамым, і ў пераносным сэнсе не было дзесяць гадоў і не будзе. Тараканы — яны ж там, дзе нячыста, дзе мярзота. А гэта не да нас. Што да новаўвядзенняў, то Чэхаў, Гогаль — яны сказалі ўсё. Іх не трэба дапісваць. Гогаля мы не перайначвалі, апроч нейкіх нязначных купюр і тэатральнай рэдактуры. Каб была магчымасць, я і самога Мікалая Васільевіча з задавальненнем запрасіў бы на спектакль, не баючыся выслухаць ад яго заўвагі на гэты конт.

— Не магу не спытаць: як рухаюцца справы з працягам «Белых Рос»?

— Кінааповесць напісана. Ствараецца сцэнарый. Над ім зараз працуе малады беларускі рэжысёр Аляксандра Бутар. Не хачу папярэдне нічога казаць. Але тое, што яна робіць, мяне не раздражняе. Яна адчувае матэрыял, і гэта самае важнае. Дарэчы, гэтак жа некалі адчуваў і дапаўняў сваім бачаннем сцэнарый фільма «Белыя Росы» яго рэжысёр Ігар Міхайлавіч Дабралюбаў.

— А над чым зараз працуеце вы?

— Трэба напісаць ці знайсці п’есу пра сучасную армію, пра моладзь. Але гэта вельмі складана. Вось пра мінулае, гісторыю пішацца лягчэй. Па-першае, напрацовак багата. Па-другое, з табой няма каму паспрачацца. Калі з душой зробіш, можа няблага атрымацца. А тут — ужо другі год ламлю галаву і пакуль, на жаль, безвынікова.

 

Ірына Свірко, "Рэспубліка"