ХХІ Гарэцкія чытанні адкрыюцца 15 лютага

15 лютага 2013 г. а 10-й гадзіне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры (вул. Багдановіча, 13) адбудзецца штогадовая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя – ХХІ Гарэцкія чытанні “Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць”, а таксама адкрыццё выставы “Запавет Максіма Беларуса” з уласных фондаў музея, фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Рэспубліканскага музея гісторыі медыцыны Беларусі.

Мерапрыемствы прымеркаваны да 120-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры – Максіма Гарэцкага. Максім Гарэцкі (1893-1938 гг.) – адзін з пачынальнікаў эпічнага жанру ў беларускай літаратуры. Актыўны дзеяч нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі і БССР. Аўтар эпапеі “Камароўская хроніка”, рамана “Віленскія камунары”, аповесцяў “Ціхая плынь” і “Дзве душы” і інш. Гаўрыла Гарэцкі (1900-1988 гг.) – вядомы беларускі геолаг, географ і эканаміст, адзін з заснавальнікаў і акадэмік Беларускай акадэміі навук, брат Максіма Гарэцкага. Ён апублікаваў больш за 160 навуковых прац, у тым ліку па фальклоры, дэмаграфіі і археалогіі. Штогод у Гарэцкіх чытаннях, якія ладзяцца з 1992 года, удзельнічаюць каля 50 літаратуразнаўцаў, моваведаў, гісторыкаў і інш. Па выніках навукова-практычнай канферэнцыі выдаюцца зборнікі матэрыялаў. Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Рэспубліканскі фонд імя братоў Гарэцкіх, ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”.

 

Паводле Музея гісторыі беларускай літаратуры