Хаім Ленскі загучаў па-беларуску
Пісаў Х. Ленскі на мове іўрыт, якая ў Савецкім Саюзе была абвешчаная рэакцыйнай, сіянісцкай. Яе вывучэнне і творчасць на ёй амаль заўсёды лічыліся антысавецкай прапагандай.
Свой творчы шлях паэт пачынаў у Заходняй Беларусі, якая ў 1921–1939 гг. была часткаю Другой Рэчы Паспалітай. Ён закончыў Віленскую габрэйскую настаўніцкую семінарыю, настаўнічаў. Бацька Х. Ленскага меў прафесію горнага інжынера, працаваў у Савецкім Саюзе, у г. Баку. Паэт, тады малады рамантычна настроены хлопец, вырашыў прыехаць да бацькі, дзеля чаго ў 1923 годзе нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу. Быў затрыманы і сядзеў у «каранціне» пад Барысавам. Праз пару месяцаў Ленскага выпусцілі. Некаторы час ён жыў у Самары, потым у Баку, у 1925 годзе пераехаў у Ленінград.
Не маючы магчымасці друкавацца ў СССР, Х. Ленскі перасылаў свае творы ў Палестыну, падтрымліваў ліставанне з выбітным паэтам Хаімам-Нахманам Бялікам, класікам новаіўрыцкай літаратуры.
У 1934 годзе Х. Ленскі быў арыштаваны органамі НКУС за «контррэвалюцыйную дзейнасць» і зняволены на 5 год. Пасля адбыцця пакарання паэт заставаўся на волі ўсяго два гады. Нягледзячы на пераслед, ад творчасці на іўрыце не адмовіўся і зноў апынуўся ў сібірскіх лагерах, дзе і загінуў.
Творы Хаіма Ленскага шырока друкаваліся ў замежжы як на мове арыгіналу, так і ў перакладах на шэраг моваў свету. У СССР пераклады яго вершаў на рускую мову друкаваліся ў самвыдаве. Прапанаваныя тут вершы – першая спроба перакладу твораў Х. Ленскага на беларускую.
Фелікс Баторын
ХАІМ ЛЕНСКІ
* * *
Даўно расцёкся снег, растаючы.
Ідзе нісан па свеце, бэз льючы.
А ноч мая – як іншыя ўсе ночы:
Ні ў місе поліўкі, ні мёду ў гарлачы.
* * *
Сляпое дрэва, твой ратунак дзе?
На голля голы нерв што цень кладзе?
То птушкі развітальная пушынка?
А можа, гэта першы снег ідзе?
ЗІМОВАЯ РАНІЦА ВЫГНАННЯ
Наймоцны спірт марозу з бутлі рання
Дзярэ і душыць горла, паліць грудзі.
Смыліць душы апечаная рана.
Душа таго смылення не пазбудзе.
Хілюся супраць ветру, шчокі стынуць.
Трывайце, ногі, вочы, не заплачце!
Дзе воды, у якія б якар кінуць,
Каб сцяг святочны палыхнуў на мачце?
Шматкі рыззя ў сляды ўмярзаюць. Шротам
Сячэ завея… (дзе мая Айчына?)
Я мрою мора, мора… (крок за крокам…)
Я сёння тут, а заўтра там, магчыма.
* * *
Скатаваў аж да хрыпу вароты скразняк.
Снег спадае з прамерзлага голля.
Глушыць выкрыкі цемра начы. Дзе і як
Я схілю сваю горкую голаў?
Снежны біч здратаваў мне гарачкавы твар.
А дзе захад крывёю адплакаў,
Распасцерты Расіі мядзведжы абшар,
Сэрца рве ён кіпцістаю лапай.
Я памкнуся туды, буду схоплены зноў,
Закрычу з безнадзейнасці нема.
Так, загнаны, раве найапошні з зуброў
Ў белавежскае роднае неба.
І напомніць мой крык, уламіўшыся ў сны,
У крывёю аброшаным свеце
Вам аб пасынку жорсткай чужой стараны –
Ў ёй апошнім габрэйскім паэце.
belisrael.info