"Хай так" і "Бег па самаадчуванні" — дзве кнігі дваіх сяброў прэзентаваныя разам

Вядучым вечарыны стаў Анатоль Сцебурака, брат Усевалада. Не дзіўна, што імпрэза атрымалася вельмі душэўнай, свойскай і нават сямейнай. Дый народу сабралася шмат.

“Сева — мой кум у кубе”, — жартам распавядае Анатоль Івашчанка, прыгадваючы гісторыю знаёмства са сваім сябрам. І пачынае імпрэзу з чытання вершаў з нізкі “Духоўны апгрэйд” са сваёй новай кнігі пад назвай “Хай так”.

Анатоль Івашчанка

Калі Анатоль быў нешматслоўны і больш выступаў з паэзіяй, то Усевалад, прадстаўляючы ўласны зборнік “Бег па самаадчуванні”, расказваў пра тое, як складалася кніга, якія раздзелы і чаму яна ўключае — карацей, дапамагаў крытыкам з інтэрпрэтацыяй сваіх твораў. Вершы, канечне, таксама гучалі.

Усевалад Сцебурака

Паэтычныя чытанні чаргаваліся музычнымі выступамі — спецыяльным госцем прэзентацыі быў гурт “Re1ikt”, які выходзіў на сцэну некалькі разоў, у тым ліку паставіў фінальную кропку вечара. 

Спяваў свае песні на беларускай і ўкраінскай мовах і музыкант Уладзімір Дрындрожык.

Паэт, перакладчык, слэмер Віталь Рыжкоў, які апошнім часам рэдка з’яўляецца на публіцы, прачытаў некалькі вершаў і павіншаваў сваіх сяброў і калег з выхадам кніг.

Прэзентацыя завяршылася аўтограф-сесіяй.

Тэкст: ВТ

Фота і відэа: Алена Казлова  

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"