Хэдлайнеры кульмінуюць: міжнародныя чытанні Стральцоўскага фэсту (+фота)

Беларускі бок прадставілі Уладзімір Арлоў, Сяргей Прылуцкі і Вальжына Морт. Сёлетнія госці – паэты Лілія Газізава (Татарстан), Стэйнар Упстад (Нарвегія), Андрэй Сцепанюк (Польшча). А таксама – заўжды чаканы і горача любімы Сяргій Жадан. Вядома, з Украіны. Калі б выступ Жадана прызначылі на пятую раніцы, людзі прыйшлі б у галерэю TUT.by з намётамі.

Анатоль Івашчанка прэзентуе кнігу Атэны Фарухсад "Белая нізка" (пераклад Дзмітрыя Плакса)

На жаль, Атэна Фарухсад, якая мусіла прэзентаваць паэзію Швецыі, прыехаць не змагла. Наўзамен Анатоль Івашчанка прэзентаваў кнігу Атэны Фарухсад “Белая нізка”. Уласна, назва кнігі акрэслівае жанр твораў, дакладней, аднаго твора, які і склаў паэтычную кнігу. “Белая нізка” выйшла зусім нядаўна ў Цярнопалі. Пераклад са шведскай Дзмітрыя Плакса.

Сяргей Прылуцкі

Сяргей Прылуцкі адначасова прамаўляў ад Украіны, дзе жыве стала. Тым больш цікава даведацца, каго з пачутых-чытаных на фэсце ён для сябе адзначыў. Аказалася, што найбольш сімпатычная яму Ганна Комар, паэтка, чый дэбютны зборнік выйшаў летась. “У яе такія вершы, што пажадаў бы ўсякаму іншаму дэбютанту. Дый сабе таксама… часам. Яна яшчэ пакажа”. Адзначыў кнігавыданне: кажа, апошнім часам выйшла столькі перакладаў замежных аўтараў, што гадоў пяць таму і не ўяўлялася магчымым.

Вальжына Морт таксама прадстаўляе дзве краіны: Беларусь і ЗША. І ўсё з той жа прычыны: у Штатах жыве стала. На Стральцоўскім фэсце Вальжына Морт выступала ўпершыню. Чаму? “Толькі ў траўні выйшла мая другая кніга ў Беларусі – “Эпідэмія ружаў”. Таму я ўдзельнічаю ў фэсце ўпершыню, бо чытаць з першай кнігі не хацелася, яна ўжо даволі старая.” З нядаўняга часу паэтка жыве ў Рыме. За італьянскі перыяд з’явіліся новыя вершы. Адзін з іх Вальжына Морт прэзентавала 17 лютага падчас “Ночы паэзіі і музыкі”. Хто чуў гэты верш, мусіць разумець, як яму пашанцавала: паэтка кажа, для яе гэта вялікая рэдкасць – чытаць яшчэ не публікаваныя вершы.

Стэйнар Упстад

Упершыню ўдзельнічаў у Стральцоўскім фэсце нарвежац Стэйнар Упстад. Ён быў прыемна здзіўлены тым ажыятажам, які суправаджае фэст. “У Нарвегіі так не слухаюць паэзію. У нас паэзія існуе збольшага ў друкаваным, кніжным выглядзе. А чытанні вялікай папулярнасцю не карыстаюцца. Не ведаю, ці звязана гэта з жаданнем беларусаў неяк з’яднацца… Цяжка абагульняць. Мяркую, гэта справа традыцыі.” На фэст Стэйнар Упстад прыехаў адразу з аэрапорту. Выгляд з гэтай нагоды меў даволі разгублены, але ўзрушана-радасны.

Перакладчык і паэт: Андрэй Хадановіч і Сяргій Жадан прэзентуюць сумесную кнігу з серыі "Паэты планеты"

Для Сяргія Жадана Стральцоўскі фэст робіцца Днём сурка: паэт штогод прыязджае ў Беларусь у лютым. І кожны раз звяртае ўвагу на афішы канцэртаў “BRUTTO”. Мінулы раз афіша казала пра канцэрт у Вільні. Сёлета пазначаны Мінск. “Гэта дужа прыемная тэндэнцыя”, -- кажа паэт. Да ўсяго, на тым самым канцэрце ў Мінску “BRUTTO” выступіць з песнямі на тэксты Сяргія Жадана. Адзін з іх – “Середні віки” – паэт чытаў на фэсце. І яшчэ прыемная нагода сустрэцца з Жаданом менавіта ў Беларусі: у серыі “Паэты планеты” выйшлі яго выбраныя вершы.

На завершанне чытанняў і першага дня фэсту выступіў Міхаіл Рубін: ён прэзентаваў музычную версію “Псалмоў” Рыгора Барадуліна.

Андрэй Сцепанюк

Уладзімір Арлоў

Уладзімір Арлоў і Сяргій Жадан

Наста Грышчук, тэкст і фота для lit-bel.org