Хто ў гэтай краіне паэт?

Але літаральна праз дзень ахоўнікі правапарадку ўварваліся ўначы ў нумар вядомага ўкраінскага паэта Сяргея Жадана, забралі ў пастарунак і забаранілі ўезд у Беларусь. Мая сяброўка не пайшла на “Ноч паэтаў”, арганізаваную ў межах фестывалю “Вершы на асфальце”, бо “там не будзе Жадана…” А я пайшла. І не прагадала.

Першая гадзіна “Ночы паэтаў” праходзіла наверсе, у адной з невялікіх залаў кавярні “Грай”. Усе ахвотныя туды проста не змяшчаліся. Некаторыя нават сыходзілі, бо не маглі трапіць у памяшканне. Але праблема была вырашаная: дзею перанеслі ўніз, на вялікую пляцоўку, бліжэй да бара. Першым пасля перадыслакацыі чытаў Жадан (які ўсё-такі застанецца з намі, бо забарону аператыўна адмянілі!). І ў паветры адразу з’явілася штосьці рок-н-рольнае. У гэтай зале таксама было не надта прасторна. Піва ў бары хутка скончылася, яго тэрмінова аднекуль прывезлі – мяркуйце самі, колькі прыйшло наведнікаў.

http://budzma.by/wp-content/gallery/nochpaezii/IMG_0963.jpg

За некалькі дзён да таго я блукала па XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. З Алесем Бадаком і Віктарам Шніпам пагутарылі дзесьці паміж афіцыйнымі мерапрыемствамі. Цікава, што нашы паэты (не лічачы пачаткоўцаў) у гэты дзень выступалі толькі на… расійскім стэндзе. Валярына Кустава, Анатоль Кудласевіч, Алесь Разанаў прачыталі па два свае вершы. Шчыра кажучы, мяне адразу “праняла” іх творчасць, я адчула адкрыты космас. Пра Анатоля Кудласевіча раней хіба што мімаходзь чула з абвестак барда Змітра Захарэвіча. На творы Валярыны Куставай час ад часу натрапляю ў фэйсбуку. А вось Алеся Разанава ў нашай прасторы не хапае найбольш. Надзвычайнай велічыні і яскравасці беларускі паэт, але ці часта мы яго чуем, ці чытаем інтэрв’ю, ці прыходзім на майстар-класы?.. Падаецца, пакідаючы па-за пільнай увагай такіх творцаў, наша нацыя шмат страчвае. Можа быць, я перабольшваю. Але гэтай тройцы, памножанай на два вершы, мне было мала. Трэба іх яшчэ.

Прыўкрасна, што “Ноч паэзіі” ў “Граі” атрымалася такім велізарным святам. Мноства паэтаў і гледачоў, якія завіталі сюды, слухалі вершы, час ад часу апантана камунікавалі адно з адным. Такой шчыльнасці людзей на адным квадратным метры, зацікаўленых агульным – літаратурай, – я дагэтуль не сустракала. Сапраўднай кульмінацыяй стаў выступ Андрэя Хадановіча разам з гуртом “TonqiXod”. Яны выканалі перастворанага па-беларуску Боба Дылана. Зала напоўнілася адчуваннем рамантыкі. Ахвотным прапанавалі патанчыць “медлякі”.

http://budzma.by/wp-content/gallery/nochpaezii/IMG_0884.jpg

Гутарыла з лідарам гурта “Гарадскі вал” Раманам Абрамчуком, які таксама прыйшоў паслухаць. Ён слушна сказаў, што так шмат пляцовак ёсць, на якіх выступаюць розныя аўтары, і гэта вельмі добра. Бо толькі ў шматгалоссі можна расчуць нешта добрае. Паэт Сяргей Прылуцкі, які цяпер жыве ў Кіеве, бо пабраўся шлюбам з тамтэйшай паэткай Аленай Сцепаненка (дарэчы, шлюб – адзіная прыстойная нагода, каб пакінуць сваю краіну), пачытаўшы вершы, сказаў мне, што добра, што ўсё гэта ладзіцца ў бары, дзе больш разняволеная атмасфера.

З Дзмітрыем Строцавым мы жывем непадалёк, ля аднаго прыпынку метро. Акурат сустрэліся, як выйшлі, пагаманілі. Ён распавёў пра шведскага беларуса Дзмітрыя Плакса і пра тое, што цяпер у нас сапраўдны рэнесанс, як у 1980–1990-х гадах. Так шмат таленавітай творчай моладзі, усе пішуць. Трэба даць ім магчымасць выступаць.

Яго сын Андрэй Строцаў заўважыў, што зусім побач з “Граем”, на прыступках дома Ваньковіча, у тыя ж 90-я збіраліся Лявон Вольскі, Кася Камоцкая і кампанія – гэта таксама сімвалічна.

На Стральцоўскім фэсце мне сустрэўся і філфакаўскі паэт-першакурснік Алесь Мінаў. Нядаўна ён заснаваў у альма-матэр паэтычную суполку “Лямант”. Да Дня роднай мовы яны ладзяць сваю праграму ў інтэрнаце для дзяцей-сірот. Аказваецца, беларускую мову там пачынаюць вывучаць толькі з 5-га класа! Я пакуль не спраўджвала такую інфармацыю, але гэта, відавочна, тэма для асобнага артыкула і для лістоў у Міністэрства адукацыі…

Такое адчуванне, што нешта добрае прарастае ў нашай краіне. Як трава, што прабіваецца скрозь асфальт. Пачынаюць гучаць розныя галасы. І аднаго фэсту імя Стральцова для іх мала. Няхай не крыўдзяцца тыя, каму не прапанавалі выступіць на “Вершах на асфальце” і на кніжнай выставе, спакойна ладзяць уласныя імпрэзы і запрашаюць сваіх слухачоў (у тым ліку патэнцыйных) у прыемныя месцы.

Каго не хапала ў “Граі”, дык хіба паэта Ігара Канановіча, які скончыў жыццё самагубствам. Віталь Рыжкоў прачытаў прысвечаны яму верш, які завяршаецца такімі радкамі: “Цела паэта – джала, зламанае аб асфальт”. Талент зніклага чалавека ўжо не ўваскрасіць. Таму пакуль мы жывыя, трэба чытаць. Вершы.

Ніна Лістота, budzma.by

Фота Аляксандра Кісялёва з фэстывалю “Вершы на асфальце”