Хто атрымае сёлета прэмію Гедройца?

Кнігі, якія ўвайшлі ў шорт-ліст прэміі. Дзве з іх -- Таццяны Барысік і Віктара Казько -- выдадзеныя ў Бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў "Кнігарня пісьменніка" 

Злева направа: Ганна Янкута, Малгажата Бухалік, Андрэй Хадановіч, Лешак Шарэпка, Барыс Пятровіч, Уршуля Дарашэўска, Ціхан Чарнякевіч

Лешак Шарэпка, Барыс Пятровіч, Уршуля Дарашэўска

На пытанні журналістаў адказвалі: заснавальнікі прэміі -- Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Лешак Шарэпка, дырэктар Польскага Інстытута ў Мінску пані Уршуля Дарашэўска, Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч, Старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Андрэй Хадановіч, а таксама трое сябраў журы -- даследчыкі літаратуры Малгажата Бухалік, Ціхан Чарнякевіч і Ганна Янкута.

Спадар Лешак Шарэпка

Пані Уршуля Дарашэўска

Адкрыў прэс-канферэнцыю Спадар Лешак Шарэпка, які, павітаўшы ўсіх прысутных, адзначыў, што з кожным годам цікавасць да прэміі з боку аўтараў, крытыкаў і чытацкай супольнасці расце, і гэта стымулюе ўдзельнікаў літаратурнага працэсу да сацыяльнай актыўнасці.

Уверсе: Андрэй Хадановіч і Лешак Шарэпка; унізе: Ганна Янкута і Малгажата Бухалік

Ціхан Чарнякевіч

Спадар Амбасадар выказаў пажаданне, каб беларускія празаікі ў выбары тэматыкі і праблематыкі сваіх твораў арыентаваліся на сённяшні дзень, на апісанне і рэфлексію цяперашняга часу: гэта, на ягоны погляд, паспрыяе большай перакладальнасці і выдаванасці нашых літаратараў за мяжой, у тым ліку ў Польшчы.

З прывітальным словам выступіла і Пані Уршуля Дарашэўска.

Барыс Пятровіч

Злева направа: Ганна Янкута, Малгажата Бухалік, Андрэй Хадановіч, Лешак Шарэпка, Барыс Пятровіч, Уршуля Дарашэўска

У сваім выступе Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч заўважыў, што ў гэтым годзе істотна змяніўся склад журы прэміі Гедройца, якое было абранае сярод аўтарытэтных асобаў у галіне беларускай літаратуры, не заангажаваных адмыслова ў якія-кольвек арганізацыі.

Ні кіраўнікі СБП, ні ПЭНа не мелі магчымасці ўплываць на выбар журы, таму, прызнаўся спадар Барыс, сёлета імёны пераможцаў з'яўляюцца для іх таямніцай. Так сама і арганізатары прэміі, прадстаўнікі Пасольства і Польскага Інстытута, не ўмешваюцца ў працэс абмеркавання журы. Новаўвядзеннем стала абвяшчэнне ў гэтым годзе чытацкага галасавання.

Старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Андрэй Хадановіч распавёў пра свае сёлетнія ўражанні ад мадэравання "Сустрэч з Гедройцам". Аўтары, кнігі якіх патрапілі ў шорт-ліст прэміі, наведалі з творчымі імпрэзамі пяць абласных гарадоў.

Па назіраннях спадара Андрэя, беларуская публіка праяўляе жывую цікавасць да сучаснай літаратуры, але песімізм выклікае наведванне мясцовых кнігарняў, дзе ў асартыменце адпаведныя кнігі фактычна не прадстаўленыя.

Рэцэнзіі на кнігі шорт-лістэраў, апублікаваныя на сайце прэміі Гедройца, асабліва нашумелы матэрыял Марыі Мартысевіч пра выданне Віктара Казько і публічная рэакцыя на яго Малгажаты Бухалік, таксама сталі аб'ектам абмеркавання. Аднак вельмі стрыманыя каментары сябраў журы Ганны Янкута і Ціхана Чарнякевіча і дыпламатычнае маўчанне пані Малгажаты адносна свабоды выказвання крытыкаў не адказалі на пытанні, а хутчэй, яшчэ больш падагрэлі грамадскія спрэчкі. Такім чынам, "жарсці па прэміі Гедройца" працягваюцца, а фінал блізка.

Нагадаем, што ўрачыстая цырымонія ганаравання лаўрэатаў пройдзе сёння ў Мінску ў гатэлі “Renaissance” (пр. Дзяржынскага, 1Е). Пачатак а 19-й. Уваход вольны.  

Тэкст і фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org