Хведар Піскуноў і яго спроба разбурэння стэрэатыпаў

Фёдар Піскуноў

Хведара Піскунова не стала 5 красавіка. Паводле адукацыі ён быў хімікам, паводле прафесіі — праграмістам, але захапленнем яго была мова. Наша мова. Родная мова. У спалучэнні з тэхнічным ладам мыслення гэта дало надзвычайны плён. Тысячы беларусаў карыстаюцца распрацаванымі ім праграмамі. А помнікам па сабе ён пакінуў «Вялікі слоўнік беларускай мовы» — найбольшы ў гісторыі. На 223 тысячы словаў.

«Бог лічыць кожны мой дзень і гадзіну», — так ён казаў», — успамінае мовазнаўца, доктар філалагічных навук Генадзь Цыхун. У Піскунова была лейкемія, і ён ведаў пра свой дыягназ. Бярогся, стараўся не прастуджвацца, пры раку крыві гэта важна, і — напоўніцу выкарыстаў адведзены яму час.

Выдадзены Хведарам Піскуновым у 2012 «Вялікі слоўнік беларускай мовы» стаў падзеяй года ў мовазнаўстве. І гэта пры тым, што выйшаў ён адначасова са «Слоўнікам беларускай мовы», які складалі супрацоўнікі Інстытута мовы і літаратуры Акадэміі навук. Так сталася, што адзін энтузіяст зрабіў працу супастаўную, а мо і большую за цэлы акадэмічны інстытут.

Піскуноў не быў прафесійным лінгвістам. Ён скончыў хімічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, працаваў на «Інтэграле», пасля ў фізіка-тэхнічным інстытуце АН Беларусі. У пачатку 2000-х яму давялося ўдзельнічаць у стварэнні камп’ютарнай праграмы праверкі беларускай арфаграфіі «Літара».

Прафінансавала гэтую працу амерыканская беларуска Ала Орса-Рамана. Праграмай карысталіся тысячы людзей. Захапіўшыся, Піскуноў праз некалькі гадоў стварае ў дадатак электронны слоўнік «Парадыгма», удасканальвае саму «Літару»...

«Ён стаў заходзіць да мяне, кансультавацца па праблемах мовазнаўчых. Прафесіяналізаваўся вельмі хутка», — згадвае Генадзь Цыхун. Праўда, перайсці на літаратурную беларускую ў жыцці праграміст Піскуноў так і не змог: гаварыў сваёй рэгіянальнай трасянкай. Родам ён з Гомельшчыны.

Вяршыняй яго працы з мовай стаў «Вялікі слоўнік». «Я патраціў на яго стварэнне 12 гадоў, а па факце — палову жыцця, — казаў укладальнік карэспандэнту «НН» у маі 2012-га. — Тут можна знайсці словы, якія па ідэйных прычынах не траплялі ў іншыя слоўнікі: я апрацоўваў лексіку літаратуры 1920-х, 1930-х гадоў, шмат рэлігійнай лексікі. У слоўніку каля 223 000 словаў, але тут для мяне важная не колькасць, а спроба зламаць стэрэатып «калі такога слова няма ў слоўніку, значыцца яго не існуе».

У рэестр трапілі словы, ужываныя ў беларускамоўнай прэсе, творах мастацкай, навукова-папулярнай, навучальна-адукацыйнай і рэлігійнай літаратуры XX—XXI стагоддзяў. Пад увагу былі прыняты больш за 2300 літаратурных крыніц. Частка прафесійных мовазнаўцаў закідалі Піскунову «нелінгвістычны падыход»: ён, збіраючы матэрыял для слоўніка, адвольна ўносіў у яго словы з дыялектных збораў, сучасных выданняў, беларускіх сайтаў, мастацкіх твораў — якія падабаліся яму самому.

«Тыя, хто крытыкуе, звычайна яшчэ менш аб’ектыўныя, чым ён быў, — кажа Г. Цыхун. — У складанні слоўнікаў ад 1930-х пануе поўны суб’ектывізм. У савецкі час была тэндэнцыя на збліжэнне з расейскай мовай. І ўсе словы, неадэкватныя расейскім, запісваліся ў абласныя і дыялектныя. Піскуноў быў супраць такіх штучных падзелаў. Ён лічыў, што гэта збядняе мову. «Чым яны горшыя, тыя словы?» — казаў Піскуноў. Ён не зважаў на частотнасць ужывання таго ці іншага слова. У яго слоўніку зафіксаваны рэальны стан мовы на 2012 год. Таму ён такі шырокі».

Піскуноў склаў арфаграфічна-парадыгматычны слоўнік, у ім ёсць усе схемы і тыпы словазмянення — для тых, напрыклад, хто не пэўны, «вёскі» ці «вёсцы» трэба пісаць у родным склоне. У іншых славянскіх народаў — расейцаў, балгараў — такія слоўнікі ёсць, але ў беларусаў да Піскунова не было.

«Ён вельмі спяшаўся — таму і былі недакладнасці ў першым выданні слоўніка», — кажа Генадзь Цыхун. Частка накладу выйшла ў «Тэхналогіі», частка ў выдавецтве Змітра Коласа — агулам каля 230 штук. У кнігарнях засталіся адзінкавыя асобнікі.

Сярод яго задумаў было — зрабіць электронны тлумачальны слоўнік з дыскам-дадаткам, з якога можна было б загрузіць усе прыклады ўжывання словаў у розных значэннях. «З тлумачальным слоўнікам праца толькі-толькі пачынаецца, — кажа калега Піскунова Хрысціна Пучынская, якая апякуецца яго мовазнаўчай спадчынай. — Ёсць толькі падмурак».

Паводле яе словаў, зараз рыхтуецца перавыданне «Вялікага слоўніка беларускай мовы», а таксама з сабранага Піскуновым матэрыялу рыхтуецца «Адваротны слоўнік беларускай мовы» — працы з ім дзесьці на год.

***

Хведар Піскуноў (1950—2013). Даследчык мовы. Нарадзіўся ў вёсцы Раманавічы на Гомельшчыне. Cкончыў хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). Стваральнік лінгвістычнай часткі праграмы праверкі беларускай арфаграфіі «Літара» (2004), электроннага слоўніка беларускай мовы «Парадыгма» (2009), «Вялікага слоўніка беларускай мовы» (2012). Пахаваны на радзіме.

Сяргей Мікуліч

nn.by