In Memoriam. Спачыў у вечнасці народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін (24.02.1935 – 2.03.2014)

Фота Віктара Жыліна.

Рыгор Іванавіч нарадзіўся 24 лютага 1935 года на хутары Верасоўка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Закончыў Ушацкую сярэднюю школу і філалагічны факультэт БДУ. Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях, а таксама ў выдавецтвах “Беларусь” і “Мастацкая літаратура”. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984 г.).

Пачаў друкавацца з 1953 года. Яго першыя вершы былі змешчаныя ў газеце “Чырвоная змена”. Аўтар кніг паэзіі “Маладзік над стэпам” (1959),  “Рунець, красаваць, налівацца!” (1961), “Нагбом” (1963), “Красавік” (1965), “Неруш” (1966), “Адам і Ева” (1968), “Лінія перамены дат” (1969), “Вяртанне ў першы снег” (1972), “Рум” (1974), “Абсяг” (1978), “Вечалле” (1980), “Маўчанне перуна” (1986), “Самота паломніцтва” (1990), зборніка малітоўнай паэзіі “Ксты” (2005), выбранай лірыкі “Руны Перуновы” (2006), “Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна” (2013) і іншых.

Рыгор Барадулін пераклаў на беларускую мову п’есу “Вей, вятрок!” Яна Райніса (1980), зборнікі твораў “Блакітны звон Грэнады” Гарсія-Лоркі (1975), “Мелодыя каліны” Івана Драча (1981), “Ветраліст” Габрыелі Містраль (1984), “Рубаі” Амара Хаяма (1989); “Слова пра паход Ігараў” (1986), кнігу Яна Паўла II, а таксама асобныя творы Шэкспіра, Байрана, Неруды, Гільена, Міцкевіча, Бранеўскага, Ясеніна, Гамзатава, Вальеха і інш. Яго ўласныя творы перакладзены на дзясяткі моў свету.

Рыгор Іванавіч з’яўляўся сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 1958 г.) і яго Рады, а таксама сябрам Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1990 да 1999-га – ягоны прэзідэнт), адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронта. Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы за зборнік вершаў “Рум” і пераклады з Федэрыка Гарсіі Лоркі, Ордэнам Дружбы народаў, Ордэнам “Знак Пашаны”, латвійскім Ордэнам Трох Зорак і медалём Францыска Скарыны. З’яўляўся ганаровым доктарам БДУ, ганаровым грамадзянінам Ушацкага раёна. У 1992 г. уганараваны званнем народнага паэта Беларусі. У 2006 годзе Рыгор Барадулін быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію (за зборнік вершаў “Ксты”).

Памяць пра Вялікага сына Беларускай зямлі Рыгора Іванавіча Барадуліна будзе вечна жыць у сэрцах цяперашніх і будучых чытацкіх пакаленняў!

 

Генадзь Бураўкін,  Анатоль Вярцінскі, Ніл Гілевіч, Уладзімір Някляеў, Сяргей Законнікаў, Алесь Камоцкі, Барыс Пятровіч, Уладзімір Арлоў, Алесь Пашкевіч, Змітро Паўлычка, Іван Драч, Раман Лубкіўскі, Валадымір Яварыўскі, Ігар Шклярэўскі, Станіслаў Шушкевіч, Радзім Гарэцкі, Адам Мальдзіс, Вячаслаў Рагойша, Глеб Лабадзенка, Сяргей Шапран, Валеры Дубоўскі, Аляксей Кароль, Іосіф Сярэдзіч, Алесь Ліпай, Жана Літвіна, Рыгор Сітніца, Алена Макоўская, Ніна Шыдлоўская, Алег Трусаў, Святлана Алексіевіч, Іван Афанасьеў, Ірына Быкава, Валянціна Быкава, Анатоль Бутэвіч, Данута Бічэль, Зміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі, Наталля Адамовіч, Анатоль Грыцкевіч, Барыс Пастэрнак, Вячка Целеш, Валянціна Аксак, Эдуард Акулін, Ірына Багдановіч, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Бароўскі, Пятро Васючэнка, Леанід Галубовіч, Юрка Голуб, Леанід Дайнека, Генрых Далідовіч, Леанід Дранько-Майсюк, Галіна Дубянецкая, Алесь Жук, Віктар Жыбуль, Васіль Зуёнак, Віктар Казько, Віктар Карамазаў, Галіна Каржанеўская, Алесь Каско, Анатоль Кудравец, Хрысціна Лялько, Леанід Маракоў, Алесь Масарэнка, Іван Мельнічук, Сяргей Панізьнік, Аляксей Пяткевіч, Алесь Разанаў, Міхась Скобла, Юры Станкевіч, Давід Сімановіч, Кастусь Цвірка, Андрэй Хадановіч, Уладзімір Халіп, Васіль Сёмуха, Міхась Тычына, Ганад Чарказян, Мікола Яцкоў.