In memoriam. Фёдар Піскуноў

Стваральнік «Вялікага слоўніка беларускай мовы» пакінуў гэты свет 5 красавіка пасля цяжкай і працяглай хваробы на 64-м годзе жыцця.
Фёдар Піскуноў быў заўзятарам роднай мовы. Ва ўсіх магчымых сэнсах гэтага слова. Не прафесійны мовазнаўца — з адукацыі хімік, хлеб здабываў як праграміст. Апантаны лінгвіст — так ставяцца да працы толькі тады, калі ёю становіцца любімае хобі.
Родная мова зрабілася прадметам ягонай заўзятасці ў апошнія пятнаццаць гадоў жыцця. Задумаўшы свой першы маштабны праект — праграму праверкі арфаграфіі беларускай мовы «Літара» і электронны слоўнік «Парадыгма», — ён звярнуўся да прафесіяналаў.
Прыгадвае доктар філалогіі Генадзь Цыхун:
«Я спачатку думаў, што гэта проста дылетант, які спрабуе нешта зрабіць, але аказалася, што ён прафесійна вельмі хутка засвоіў асноўныя моманты ў нашай лінгвістычнай навуцы і вельмі добра іх рэалізаваў».
Зробленая спадаром Піскуновым праграма праверкі беларускай арфаграфіі «Літара» з'явілася ў 2004-м, а яшчэ праз пяць гадоў стаў даступны карыстальнікам ягоны электронны слоўнік «Парадыгма». Пасля чаго Фёдар Піскуноў засяродзіўся на складанні «Вялікага слоўніка беларускай мовы», які выйшаў у свет летась.
Мовазнаўца Юрась Бушлякоў вельмі высока ацэньвае гэтую ўнікальную працу:
Зробленае Фёдарам Піскуновым мае як практычнае, так і сімвалічнае значэнне, зазначае першы намеснік старшыні ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Алесь Пашкевіч.
«Практычнае — гэта той слоўнік, той букет беларускіх слоў, які і доўгія дзесяцігоддзі пасьля адыходу спадара Піскунова ў іншы свет застанецца непажухлым. А значэнне не толькі практычнае, а і сімвалічнае для мяне найперш заключаецца ў тым, як працаваў гэты чалавек, як ён мог арганізаваць, з'яднаць, запаліць сваёй ідэяй пошуку, збірання, выдання слоўніка беларускай мовы. Той энергіі, душэўнай найперш, а таксама хоць і не дыпламаванай, але прафесійнай энергіі летуценніка-лексікографа хапіла б не на адзін навукова-даследчы інстытут».
Пахавалі Фёдара Піскунова 8 красавіка на радзіме, у вёсцы Раманавічы на Гомельшчыне.
Валянціна Аксак
svaboda.org