In memoriam. Генадзь Бураўкін

Генадзь Мікалаевіч Бураўкін, foto svaboda.org

Зінаіда Бандарэнка, Народная артыстка Беларусі, згадвае:

"Генадзь Мікалаевіч для Беларусі — вельмі значны чалавек. Па-першае, цудоўны паэт. А па-другое, рэфарматар беларускага тэлебачання. Ён зрабіў наша тэлебачанне нацыянальным, беларускім і паважаным. Як кіраўнік адукаваны, тактоўны, ён гаварыў толькі праўду. І так, што на яго ніхто не крыўдаваў. Адначасова даючы нейкую параду, як выйсці з таго ці іншага стану. У яго не было нядобразычліўцаў, ворагаў. Акрамя сённяшняй улады, якая не прымае ніякай крытыкі. Песні на яго словы гучаць дагэтуль, але не называюць аўтара. Толькі за адну «Калыханку» Генадзю Мікалаевічу помнік трэба было паставіць пры жыцці. Вельмі мудры быў чалавек". 

Акадэмік Радзім Гарэцкі ўспамінае:

"Выдатны чалавек і выдатны паэт-лірык. Ён казаў, што Рыгор Барадулін быў паэтам №1. Але і Генадзь Мікалаевіч быў з Барадуліным на адным узроўні. Той жа высокі ўзровень беларускай паэзіі. Паэт, дыпламат, грамадскі дзеяч… І адраджэнец беларускай культуры №1.

Безумоўна, гэта вялікая страта. Але ён застанецца ў памяці Беларусі. І яго імя будзе жыць, пакуль будзе жыць Беларусь".

 

Алена Макоўская, кіраўнік Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына»:

«Генадзь Мікалаевіч быў прадстаўніком нашай краіны пры ААН з 1990 па 1994 гг. у Нью-Ёрку. Гэта былі часы, калі перастала існаваць БССР і з’явілася Рэспубліка Беларусь, надзвычай адказныя і важныя часы.

Беларуская дыяспара ЗША, як і ўсіх заходніх краінаў, лічылася савецкай ідэалогіяй калабарантамі і здраднікамі. Натуральна, што яны з вялікім недаверам ставіліся да тых, хто прадстаўляў незалежную Беларусь на дзяржаўным узроўні. І вось тое, што гэтай асобай быў Генадзь Бураўкін, паспрыяла стварэнню даверу, таму, што беларусы замежжа адкрылі для сябе і другую, несавецкую, нацыянальную, беларускую Беларусь.

Падчас сваёй працы там ён сустракаўся з Вітаўтам Кіпелем, Янкам Запруднікам, Масеем Сяднёвым, Наталляй Арсенневай і іншымі дзеячамі беларускай эміграцыі. Дзякуючы яму ўстанаўліваліся гэтыя першыя кантакты, рушылася сцяна недаверу. Генадзь Бураўкін заўжды карыстаўся вялікай павагай, вялікай пашанай з боку беларусаў замежжа. Ён быў адным са стваральнікаў Згуртавання «Бацькаўшчына», аўтарытэтам для кожнага з нас».

 

Уладзімір Някляеў:

"Усё меней старых і надзейных сяброў. Людзей, якіх любіў я, і якія любілі мяне.

Услед за Рыгорам Барадуліным не стала Генадзя Бураўкіна.

За тры дні да ягонай смерці мы прынеслі яму ягоную кнігу вершаў. Апошнюю. Ён проста прагнуў яе ўбачыць, бо разумеў, ведаў, што яна - развітальная.

Каб гэта адбылося, мы, не паспяваючы выдаць кнігу, зрабілі яе ўручную. Адзін асобнік. І трэба было бачыць ягоны твар, калі ён узяў кнігу ў рукі. Гэта было не шчасце ці радасць, цяжка шчасцю ці радасці выявіцца на мяжы жыцця і смерці - гэта было Вялікае Супакаенне. Што жыццё пражыў, як належыць. Зрабіў у ім, што мог.

Так сыходзяць паэты.

Ён быў блізкі, дарагі мне чалавек. Я прыходзіў да яго, ужо цяжкахворага, каб падбадзёрыць, падняць дух, а ён з той сілай, з якой мог, паціскаў мне руку і казаў: «Трымайся».

Так сябруюць паэты.

Ён быў чалавекам не толькі з паэтычным, але і з палітычным мысленнем. Балюча перажываў сваю незапатрабаванасць як дзяржаўнага дзеяча. І не з-за асабістых амбіцый - ён насамрэч мог шмат зрабіць для Беларусі на любой, самай адказнай пасадзе. Васіль Быкаў казаў: «Калі гэтай уладзе не патрэбны паэт і дзяржаўны дзеяч Генадзь Бураўкін, значыць, ёй непатрэбная Беларусь».

Уладзе гэтай без патрэбы быў і сам Васіль Быкаў, і Рыгор Барадулін, і Генадзь Бураўкін. Але ўлада - не Беларусь. Яна яшчэ скажа дзякуй сваім найлепшым сынам, якія самааддана ёй служылі і верна, самаахвярна любілі. Да апошняга ўздыху. Яе адну.

Кнігу сваіх апошніх вершаў Генадзь Бураўкін назваў «Нагаварыцца з зоркамі». Ён гаварыў з імі на зямлі - цяпер размаўляе ў небе…

Вось і ўсё, што з ім сталася".

Паводле матэрыялаў СМ, Наша Ніва