In memoriam. Уладзімір Дамашэвіч

Андрэй Федарэнка ўспамінае свайго старэйшага калегу і сябра Уладзіміра Максімавіча Дамашэвіча.

Пайшоў з жыцця Уладзімір Максімавіч Дамашэвіч. Вясною, калі самае жыццё, кветкі і лісце. Лёгкая смерць, у сне. Людзі кажуць – “пацалунак Бога”.

У часопісе “Дзеяслоў” неўзабаве павінна выйсці яго новае апавяданне. Беларуская літаратура страціла яшчэ аднаго свайго адданага сына (ён, дарэчы, любіў “высокія” словы, не саромеўся іх – наадварот, лічыў, што мы задужа заціснутыя: “Напісаў жа Бачыла, казаў Уладзімір Максімавіч: “Радзіма, мая дарагая!” – амаль гімн”).

Упэўнены, У.М. Дамашэвіч не забудзецца. Пра яго як пісьменніка, палітыка, патрыёта, чалавека – яшчэ напішуць. Мне хацелася б хоць крышку здагаць Дамашэвіча як рэдактара. Ён практычна ўсё жыццё прысвяціў гэтаму няўдзячнаму занятку. Вось цытата з яго рамана (дарэчы, галоўны герой – рэдактар), “Камень з гары”:

“А ты хочаш, каб аўтар з табою сварыўся за кожнае слова? Ідэальны аўтар – які маўчыць і з усім згаджаецца. Ён дае канву, касцяк, рэдактар даводзіць да кандыцыі – і ўсё. Аўтар атрымае грошы, падзякуе рэдактару, можа нават паставіць паўкварты – і возьмецца за новую кнігу. А што ты фактычна суаўтар, а не рэдактар, дык пра гэта ніхто не ведае, апроч вас дваіх. Але ты будзеш маўчаць, ды і яму таксама не вельмі захочацца пра гэта ўспамінаць”.

Горыч у гэтых словах ёсць. Прыгадваецца выпадак у “Іслачы”, калі В. Быкаў адказваў на пытанні маладых літаратараў. Тут прагучаў голас Дамашэвіча з дальняга кутка:

– Васіль Уладзіміравіч, калі Вам лягчэй пісалася: цяпер, калі Вы ўжо ў зеніце славы, ці ў пачатку творчай дарогі?

Адказ атрымаўся цікавы. Але не менш цікавымі былі і паводзіны Быкава. Ён хутка падняўся і зашпіліў пінжак.

– Уладзімір Максімавіч – рэдактар маёй першай кнігі, – патлумачыў ён. – Без яго я наўрад ці зрабіўся б пісьменнікам.

Тое самае мог бы сказаць і У. Караткевіч.

Альбо вось іншая гісторыя, я выпадкова стаў яе сведкам. У ранейшай рэдакцыі “Маладосці” ўпрошвае начальства таго ж Дамашэвіча (загадчыка аддзела прозы): “Максімавіч, а мо падрыхтуйце?.. Ведаем, што слабізна, ды дужа важны аўтар...”

– Тады я павінен перапісаць за гэтага важнага аўтара кожнае слова, – сказаў Уладзімір Максімавіч, вагаючы на далоні таўсценную папку (“сэрца графамана”). – Зрабіцца яму суаўтарам. А я не хачу быць гэтаму чалавеку суаўтарам.

Нягледзячы на рознасць гадоў, мы пасябравалі. Дамашэвіч катэгарычна захацеў, каб я зваў яго “Валодзя” і на “ты”. Я набраўся смеласці і спытаў: “Валодзя, памятаеш, як я першы раз пераступіў парог рэдакцыі? Са школьным сшытачкам, ад рукі спісаным... Ва ўсе часы да тэксту пэўныя патрабаванні: цяпер, напрыклад, толькі на кампутарах, чатырнаццатым кеглем праз паўтара інтэрвалы; тады – толькі на машынцы, у двух асобніках... Скажы шчыра: чаму ты ўзяўся гэта чытаць? Чаму не загадаў, па прыкладзе многіх, прынесці чытэльны, аддрукаваны тэкст? Можа, ты інтуіцыяй угадаў будучага пісьменніка?”

– Мне спадабаўся твой почырк, – проста адказаў Уладзімір Максімавіч. – Разборлівы...

Такім – гранічна шчырым – і застанецца гэты Чалавек у маёй памяці.

 

Андрэй Федарэнка, lit-bel.org