In memoriam. Уладзімір Мархель

Уладзімір Іосіфавіч нарадзіўся 28.03.1940 г. у вёсцы Жыгалкі Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці ў сям'і служачых.

Пасля заканчэння сярэдняй школы імя Якуба Коласа ў в. Мікалаеўшчына (1957) працаваў малатабойцам у калгасе, рабочым ачышчальнага забою (меў кваліфікацыю 6 разраду) на шахце ў Навашахцінску Растоўскай вобласці. У 1964 г. скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1964—1969 гг. выкладаў рускую мову і літаратуру ў школах — у вёсцы Стадолічы Лельчыцкага раёна, Валожыне, Мінску, працаваў у газеце «Мінская праўда», старшым рэдактарам у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа АН БССР, малодшым навуковым супрацоўнікам у Аддзеле навуковай інфармацыі па грамадскіх навуках. З 1978 г. — навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Сябра СП СССР з 1988 г.

Друкавацца пачаў у 1954 г. (вершы ў стаўбцоўскай раённай газеце «Голас селяніна»). З 1957 г. выступае ў рэспубліканскім друку як паэт і літаратуразнавец.

З польскай на беларускую мову пераклаў вершы Я. Купалы, асобныя творы В. Дуніна-Марцінкевіча, У. Сыракомлі, В. Каратынскага, Я. Лучыны, Я. Каханоўскага, Л. Стафа, Ю. Тувіма, Р. Дабравольскага, Б. Драздоўскага.

ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” смуткуе і выказвае спачуванні родным і блізкім Уладзіміра Іосіфавіча.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"