In memoriam: Ігар Канановіч (22.07.1983 – 19.06.2016)

Ігар Канановіч

Сяргей Дубелевіч вучыўся з Ігарам на паралельных аддзяленнях філалагічнага факультэта. Кантактавалі і пасля навучання: перасякаліся на неафіцыйным “Дні філфака” ў Вязынцы, разам ездзілі на вяселле да агульнага сябра, проста часам сустракаліся або перапісваліся. Сяргей згадвае, што падчас студэнцтва ў іх рэгулярна ладзілася літаратурная гасцёўня, дзе Ігар Канановіч выступаў як бард: “А яшчэ ў нас была такая рэч, як “пажарка”. У інтэрнаце на пажарнай лесвіцы штовечар збіраліся і спявалі песні. І “класіку” (рускі ды беларускі рок), і сваё. Ігар адной з самых яскравых асобаў на той “пажарцы” быў. Такі вось менестрэль, які круціўся ў самым цэнтры філфакаўска-інтэрнатнага жыцця; не меў мэты ўсім падабацца, але падабаўся”.

Пры гэтым вучыўся Ігар не на выдатна, на старэйшых курсах часта прапускаў заняткі. Проста таму, што не рабіў таго, чаго не хацеў.

Вольга Спірыдонава пазнаёмілася з Ігарам у гасцёўні: “Мы пазнаёміліся ў інтэрнаце. Была такая музычна-літаратурная гасцёўня “Натхненне”. Я там вершыкі свае пачытвала і была вядоўцай. На адну з рэпетыцый наша кіраўніца запрасіла Ігара. Ён прыйшоў. Кашуля ў клетку з закасанымі рукавамі, гітара парэпаная. На першы погляд – ну нічога асаблівага. А калі праспяваў сваю песню пра ваўчаня – горка, балюча, сумна да слёз, – стала зразумела, што і ён тут як тое ваўчаня. І захацелася бліжэй пазнаёміцца, можа, дапамагчы чым”. Калі пазнаёміліся бліжэй, аказалася, што Канановіч “сам каму хочаш дапаможа, бо аптымізму, гэтай нейкай веры ў людзей і дабро ў яго хопіць на ўсіх”. Пазней Ігар адзін час кватараваў у Вольгі: “Кума, я чуў, у цябе вольная канапа на кухні?” Мо з месяц гарбатку вечарам пілі і пра мастацтва размаўлялі”.

ihar_kananovich4

Дар’я Зялінская-Макаўчык сябравала з Ігарам Канановічам і ва ўніверсітэце, і пасля. Ёй запомнілася першая сустрэча: “Мы толькі паступілі. Першая лекцыя была. Я падыходзіла да аўдыторыі, а ён стаяў каля акна. Усміхаўся. Ён сяброўства не навязваў, але ішоў на кантакт хутка. Мы ў першыя тыдні зразумелі, што большасць аддзялення паступіла на “беларускую філалогію”, бо мова стэрэатыпна лічыцца лягчэйшай; яе, маўляў, прасцей здаць… Тых, хто рэальна ішоў на аддзяленне таму, што хацеў менавіта мовай займацца, было вельмі мала. Таму з Ігарам мы неяк хутка паразумеліся”.

Дар’я кажа, што да Ігара цягнула: “Ён быў досыць самастойным, са сваім меркаваннем, мяне яго меркаванне цікавіла… Да таго ж ён – чалавек творчы, а мяне заўжды захаплялі людзі, якія ўмеюць складваць словы ў вершы”. Несумненны талент дзяўчына ўбачыла ўжо ў першых вершах Ігара. Як ні дзіўна, за трынаццаць гадоў узаемаадносін сябры паспрачаліся толькі аднойчы: Ігар са спадзевам адрэагаваў на мітынгі і пратэсты прадпрымальнікаў з нагоды дэкрэту №222, спрабаваў пераканаць Дар’ю, што іх лідары абавязкова чагосьці дамогуцца ад уладаў.

Яна Мелехавец з паэтам увогуле сустрэлася толькі раз – 10 сакавіка 2016 года: “Ігар прапанаваў перакупіць у яго пару кніг, і мы сустрэліся. Ён падпісаў мне “Астэроід”, але хутка мы не разышліся тады. Пагутарылі пра жыццё, планы, палітыку зачапілі… Тады ён падрабязней расказаў і пра свае праблемы з працай. Мінакі звярталі на нас увагу, некаторыя дзякавалі за мову, нехта спыняўся і размаўляў з намі… Пасмяяліся тады трохі і разышліся. Вось так атрымліваецца, што хоць знаёмыя далёка не першы год, а амаль не бачыліся; астатнія адносіны мелі месца ў інтэрнэце”.

Ігар Канановіч

А першае ўражанне ў дзяўчыны склалася ў 2009 годзе, калі ехала аўтобусам Пінск – Мінск і ўбачыла Ігара, ён пад’язджаў некалькі кіламетраў на гэтым аўтобусе са сваімі вучнямі. За плячыма гітара, натхнёныя такія… І тады нават пазайздросціла трохі вучням, што ў іх такі класны выкладчык. Пасля знаёмства яны хутка паразумеліся, бо Яна знайшла ў Ігару аднадумца: “Ён шчыра перажываў за Беларусь, за тое, што адбываецца вакол, за мову. Да ўсяго, ён меў добрае пачуццё гумару, заўсёды заўважаў цікавыя дробязі”.

У Сяргея Дубелевіча Ігар пакінуў уражанне чалавека крыху адасобленага ад грамады: “Ён быў, як кажуць па-расійску, “себе на уме”: цудоўны суразмоўца, які можа выслухаць і даць параду, а пра сябе раскажа толькі тое, што палічыць патрэбным. Ніколі не лаяўся, не крычаў, адным-двума дасціпнымі словамі мог перавярнуць усю сітуацыю… Рахманы быў, але цвёрды пры гэтым, стрыманы”. А яшчэ прыгадвае, што Ігар быў добрым сябрам, ды і ўвогуле да ўсіх ставіўся прыязна. Сваіх аднагрупніц успрымаў у асноўным з кропелькай іроніі. Нават у песні назваў філфак “інстытутам неблагародных дзявіц”. Дар’я заўважыла, што Ігару ўвогуле на філфаку даводзілася цяжкавата:“Адзіны хлопец на аддзяленні – дзяўчаты проста вывальвалі на яго праблемы свайго асабістага жыцця. “Ігар, вось патлумач мне: чаму вы, мужыкі, усе такія?!” Таму ўжо дзесьці праз месяц пасля паступлення Ігар пачаў хавацца: у сталоўцы ці буфеце стараўся сесці адзін, увогуле пачаў  праўдамі і няпраўдамі адмахвацца ад такіх размоваў яшчэ на першых фразах”.

Па словах сяброў, Канановіч цярпець не мог размоваў за спінай, крывадушнасці, подласці. Хтосьці параўноўвае яго з сапраўдным шляхціцам, бо ён умеў хаваць свае негатыўныя эмоцыі, а нехта ўпэўнены, што ў Ігара быў нязломны стрыжань.

Як высвятляецца, пра школьную працу сябры амаль не размаўлялі. Сяргей згадвае толькі, што Ігару цяжка там было праз фармальшчыну і што вучні яго любілі. Дар’я зазначае, што ён быў прынцыповы, адданы сваёй працы; чалавекам з пачуццём уласнай годнасці, і дзеці гэта добра адчувалі: “Ігар быў шчыры. І з дзецьмі, і з начальствам. Апошняе, дарэчы, за ягоную шчырасць добра дратавала яму нервы”.

ihar_kananovich3

Што да творчасці, то яе добра ведалі. “Ён тэарэтычных размоў не любіў. Проста не мог не пісаць. Атрымліваў асалоду ад самога працэсу”, – кажа Сяргей. Дар’я адзначае, што Ігар ставіўся да стварэння паэзіі як да працы, нягледзячы на тое, што гэта адчуванне жыцця, адчуванне імгнення нават. Паэт пры гэтым быў самакрытычным. Вольга распавядае, што яны абменьваліся новымі вершамі, думкамі, музыкай. Яна Мелехавец згадвае: “Сам Ігар казаў, што ў паэзіі “снайперу шмат патронаў не трэба”. Быў сціплы, нават калі даваў паслухаць запісы першых сваіх песень, то ўсё хваляваўся, што збоку гэта выглядала, быццам ён выхваляецца. Ігар не рабіў прэзентацыю зборніка і аргументаваў гэта тым, што адчувае пустэчу пасля перажыванняў (якія і ўваскрэслі ў вершах), не было настрою, а ён не хацеў імітаваць нейкую радасць…”

Цяпер, калі запісваеш успаміны ад Ігаравых сяброў, часам падаецца, што гаворка ідзе пра ідэальнага чалавека. Вядома, такіх людзей не бывае. Адна з яго сябровак, Дар’я, так і кажа: “Ігар не быў ідэальным. Ён чалавек, у яго таксама былі свае… Ён быў упарты… Ён ніколі не скардзіўся (я лічу гэта больш праблемай, чым добрай якасцю)… Ведаеце, у яго мянушка была “Не бяды”. Што ні спытаеш… “Ігар, як ты?” – “Не бяды!”

Хочацца, каб сёння кожны, хто чытае гэты тэкст, успомніў Ігара Канановіча, успомніў яго светлымі думкамі і ўсміхнуўся. Банальна, але… Цаніце кожнае імгненне.

Анастасія Анцімонік, budzma.by

Фота з сацыяльных сетак.