“Калядны харал” у гонар Калядаў і юбілею Дыкенса

“Калядны харал” у гонар Калядаў і юбілею ДыкенсаАдзначыць блізкія Каляды, а таксама 200-годдзе класіка ангельскай літаратуры Чарлза Дыкенса “ПрайдзіСвет” прапануе за чытаннем яго самай знакамітай аповесці “Калядны харал”. На беларускую мову аповесць, што выйшла электроннай кнігай у выдавецтве Змітра Коласа, пераклала Ганна Янкута. “Калядны харал” даступны для пампавання ў двух фарматах, прызначаных для электронных чыталак: .EPUB і .MOBI.

“Калядны харал” — першая калядная аповесць, напісаная Чарлзам Дыкенсам, і ўвогуле першая ў свеце гатычная калядная аповесць, якая запачаткавала цэлы жанр, што дагэтуль не страчвае папулярнасці. Не страчвае папулярнасці і сам “Калядны харал” — у Вялікабрытаніі гэтая кніга ўвесь час дадрукоўваецца і ніколі не знікае з кнігарняў, асаблівы попыт маючы, безумоўна, у перадкалядны час. Імя “Скрудж” даўно ўвайшло ў ангельскія слоўнікі як сінонім да слова “скнара”, а любімы выраз галоўнага героя “Цьху, шахрайства!” даў, напрыклад, назву гатунку піва. Напісаны з мэтай прыцягнуць увагу да вострых сацыяльных праблемаў, “Калядны харал” зрабіўся адной з самых дасціпных у ангельскай літаратуры кніг для чытачоў усіх узростаў, такім самым сімвалам зімовых святаў, як вастраліст, смажаная гуска і калядны пудынг.

Перакладчыца дзякуе Антону Францішку Брылю і Кацярыне Маціеўскай за дапамогу ў падрыхтоўцы выдання.

Спампаваць кнігу можна тут.

prajdzisvet.org