Каляндар “Першапачатак” даступны кожнаму!

Нагадайма, гэты ўнікальны міфалагічна-мастацкі фотапраект быў прэзентаваны напрыканцы лістапада ў межах аднайменнай выставы ў Нацыянальным гістарычным музеі. Яе арганізатарамі выступілі Міністэрства культуры, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”

 

Мадэлямі-персанажамі беларускай міфалогіі сталі пісьменнікі: Уладзімір Арлоў (Жыжаль), Рыгор Барадулін (Хатнік), Генадзь Бураўкін (Казачнік Бай), Анатоль Вярцінскі (Жытнік), Аксана Данільчык (Лёля), Леанід Дранько-Майсюк (Лесавік), Віктар Жыбуль і Сяржук Сыс (чэрці), Сяргей Законнікаў (Бялун), Міхась Скобла (Лазнік), Аксана Спрынчан (Бордзя), Ірына Хадарэнка (Русалка), Антаніна Хатэнка (Цёця). Аўтар ідэі “Першапачатку” — Ірына Хадарэнка, фотамастаком выступіў Валеры Дубоўскі.

Здымкі праводзіліся цягам года ў розных кутках Беларусі — у вясковай хаце, у полі, лесе, каля вадаёмаў. Праца ў студыі не дазволіла б паказаць хараство беларускай прыроды і натуральную паяднанасць беларусаў з роднай зямлёй. Міфалагічныя персанажы ўпісаныя ў “Першапачатку” ў нацыянальны кантэкст, а ўдзел у праекце знаных творцаў сведчыць пра пераемнасць пакаленняў і культурную значнасць даўніх вераванняў.

Каляндар “Першапачатак” у Мінску можна знайсці ў кнігарнях: “Акадэмкніга” (пр. Незалежнасці, 72), “Кніжны салон” (вул. Калініна, 5), кнігарня “Ў” (пр. Незалежнасці, 37а), “Кнігарня пісьменніка”(вул. Казлова, 2), “Веды” (вул. К. Маркса, 36), Цэнтральная кнігарня (пр. Незалежнасці, 19), “Кнігі&кніжачкі” (пр. Незалежнасці, 14).

Прэсавая служба СБП