Каменны сад Валянціны Аксак

Але як жа тысячы людзей, для якіх паэзія і ёсць свет? Што рабіць ім з адчуваннем заканамернасцяў быцця, з адчуваннем значнасці ўсякай драбязы і яе хараства? Даўным-даўно сказана, што можна быць паэтам, не напісаўшы ані радка.

Адзін з вершаў, што запамінаюцца на ўсё жыццё, — верш Рышарда Крыніцкага, прысвечаны спачыламу сябру: чыстая старонка. Пустата. Занатаваная ціша.

Да такой паэзіі – аголенай да самай сутнасці – падобныя японскія каменныя сады. Створаныя для спачыну ад штодзённай мітусні, для развагі, адасаблення ад навязаных роляў,  яны даюць магчымасць пабыць аднаму і разам з тым – нарэшце ўз’яднацца з прыродай. Не выехаць у выходны дзень з кошыкам правізіі за горад, адучваючы сябе “вянцом”, – а менавіта стаць сабой, у пакоры схіліўшы голаў.

У каменным садзе ўзрасла “Дзікая сліва” Валянціны Аксак. Ніякіх гульняў на асацыяцыі і знешнім падабенстве слоў. Тым больш — ніякага версіфікатарства. Паэзія знаходзіць плоцевае ўвасабленне не ў ланцужку слоў, якія сутыкаюцца сэнсамі і гэтым выкрасаюць сполахі сэнсу новага (што зазвычай і займае чытача). Паэзія Валянціны Аксак адразу выліваецца ў думку, якая выкарыстоўвае словы ў мінімальна патрэбнай колькасці.

Ёсць аўтары, якія быццам бы кажуць вершам (і вершам добрым, запамінальным): “Глядзіце, як я жанглюю! Глядзіце, я пускаю з рукавоў маланкі! Глядзіце!”

У вершах Валянціны Аксак чуецца іншы голас: “Я сказала. Вы – думайце”. Для прачытання “Дзікай слівы” амаль не патрэбны культурны багаж, без якога не пушчаюць на борт постмадэрнізму. Адзінае, што трэба, — час. Удумлівасць.

Паэтэса (ёй як нікому пасуе гэтае слова) не прыкрытая нічым: прамаўляе толькі ад сябе, без гістарычных масак. Рэдкія спасылкі на іншых аўтараў — адно ў адкрытым цытаванні. Дый цытата патрэбная не для таго, каб падмацаваць аўтарытэтным меркаваннем сваю думку: паэтэса толькі адштурхоўваецца ад чужых слоў, ад іх выходзіць да разваг уласных.

Калі б не незямны спакой, адлучанасць ад мітусні, паэтэса была б абсалютна безабаронная: яна гаворыць толькі пра самае інтымнае. Пра сям’ю. Пра адчуванні жанчыны ў розным узросце і розных ролях. Неверагодная рэч, аднак Валянціна Аксак у адзін і той жа час падаецца намёртва ўкрыжаванай у свой верш – і абсалютова ад яго адстароненай.

Цікава, што сям’я для яе перадусім родавае паняцце, а не тое, што атрымліваецца (пры добрым раскладзе) пасля шлюбу. Дзед і бабуля — як пачатак жыцця; ва ўспамінах пра іх няма смутку; яны і ёсць стваральнікі таго свету, у якім знаходзіш адхланне:

сад свіціцца

дзедавым гумарком,

кветнік буяе

бабінай весялосцю.

Зусім іншае бачанне бацькоў. Тут і прарываецца самота, пачуванне сябе сіратой. У тым жа вершы –

Хата стогне

бацькавай роспаччу,

печ пакутуе

мамінай немаччу.

Да бацькоў паэтэса звяртаецца, як да згубленага апірышча.

Прытулілася спінай

да бацькоўскае хаты –

адчула цяпло,

зразумела нарэшце

сэнс слова тыл

у той дзень,

як яго

назаўжды

страціла.

Але адмовіцца ад гэтай тугі немагчыма – не толькі таму, што бацькі: нават стаўшы родзічамі “па той бок” свету, яны ўсё яшчэ нагадваюць пра існае, значнае, чыстае. У гэтым імкненні да чысціні заключаецца найбольшая драма Валянціны Аксак. “Дзікая сліва” – споведзь жанчыны, якая займела няшчасце аддаць перавагу розуму, а не пачуццю, роздуму і халоднай цноце наўзамен бяздумнай жарсці і плоцевым узрушэнням. Неаднаразова паэтэса звяртаецца да паняцця граху. У чым менавіта ён заключаны — застаецца па-за радкамі, дый гэта не мае значэння. Дастаткова проста быць чалавекам (а тым больш жанчынай) на зямлі, каб апрыёры лічыцца падуладным граху.

Без таго адметная, паэзія Валянціны Аксак адрозніваецца ад твораў іншых аўтараў яшчэ і ў гэтым: яна не спалучае язычніцкае з хрысціянскім, што ўвогуле традыцыйна для беларускай паэзіі. Жаночае з хрысціянскім — так. Пасля споведзі спустошаная, знясіленая шчырасцю паэтэса задаецца пытаннем:

Матушка.

А як жа яна

адказвае на споведзі

на ўсе пытанні

мужа-святара?

Гледзячы ў неба, паэтэса бачыць у ім не язычніцкі россып зорак – але далікатную, мілажальную любату, “якую чамусьці назвалі — чысцец”. Вясна гэтаксама для яе не пара абуджэння чалавека і пачуццяў, але Вялікдзень.

Пры гэтым адны і тыя ж сімвалы ў Валянціны Аксак могуць мець процілеглы сэнс. У той жа Вялікдзень, калі святлее мармур на магіле маці, “мятлік сядае на чырвонае яйка” — знак святла, чысціні, радасці, сімвал самое душы. Той жа матылёк раскрываецца як знак жарсці, плоцевага:

Кветкі й матылі

афарбованыя

ў зыркія колеры

дзеля адной мэты –

сэксу.

Бачыце? Тут жа і кветкі, якія для Валянціны Аксак — уратаванне: па-першае, яны не здрадзяць, па-другое – прымуць тваю любоў, па-трэцяе, яны — прыручаная частка прыроды, нароўні з садам, атрыманым у спадчыну ад дзеда і бацькі. Выкарыстанне адных і тых жа сімвалаў у процілеглых значэннях як нішто іншае ярка падкрэслівае ўнутраны раскол аўтара. Ці не таму паэтэса так часта звяртаецца ў вершах да віна?..

Узнікае пытанне, што вымусіла яе абраць ролю пустэльніцы, для якой нават нядзельныя танцы абарочваюцца дакорам сумлення? Рабіць такога кшталту высновы хутчэй справа псіхолага, чым рэцэнзента. Але выдае на тое, што справа ў колішняй здрадзе. Вельмі лёгка, як бы між іншым, паэтэса прамаўляе ―  “каханыя мужчыны”. З горыччу, якая пералілася ў абстрагаванае назіранне за сабой і мужчынам, зазначае:

40 гадоў

пакутуюць сужэнцы

гадуючы сподзеў

на рай перад раем,

каб рэштаю год усвядоміць,

што іншага раю

за той,

што мінуў,

ім не дадзена ўведаць.

Гэтага дастаткова, каб адчуць няпэўнасць чалавечага шчасця, калі яно стаіць на каханні. Многа больш надзейная і несумненна больш чыстая — павага і туга па бацьках, пяшчота да ўзрошчаных кветак, адданасць унуку.

Акром гранічна шчырай споведзі жанчыны, “Дзікая сліва” разгортвае яшчэ і ўзаемадачыненні пакаленняў. Паэтэса не прыўкрашвае рэчаіснасць – але і не драматызуе, і калі радок усё ж адбіваецца болем, значыць, ён сапраўды непазбежны . З ім трэба змірыцца — як зрабіла гэта Валянціна Аксак, калі і не шчаслівая, то безумоўна — мудрая.

Пры гэтым, якой бы шчырай ні была паэтэса, чытача яе прызнанні не бянтэжаць. Зноў жа, дзякуючы нязменна спакойнаму яе голасу.

Ну вось і ўсё –

свячэнне саду

знікла назаўсёды,

восень чорнай фарбай

прайшлася па галінах

і новая вясна

не знойдзе колераў

для родных яблынь –

бацька стаў

да скону

невідушчы.

Іншым разам такая мужная стрыманасць працінае больш за выказанае наўпрост пачуццё.

 

Наста Грышчук, для lit-bel.org