Каміла Стайн: "Уладзімір Караткевіч мусіць быць у спісе ста найлепшых аўтараў мінулага стагоддзя"

У брытанска-нідэрландскім выдавецтве Glagoslav у канцы мінулага года ў новым выданні выйшаў ангельскі пераклад кнігі Уладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха". Рэдактарка выдання Каміла Стайн адказала на пытанні Радыё Свабода.

Каміла Стайн на міжнародным бізнес-кірмашы ў Нідэрландах

Чаму Glagoslav вырашыў перавыдаць «Дзікае паляванне караля Стаха»?

Па-першае, мы ствараем падборку беларускай літаратуры, і, паколькі Караткевіч вельмі вядомы ў Беларусі, мы хацелі вылучыць ягоную творчасць ў нашай падборцы. Мы шукалі твор, які мог бы прадстаўляць Беларусь з культурнага і гістарычнага гледзішча, а таксама прадстаўляць цудоўную беларускую літаратуру. «Дзікае паляванне караля Стаха» тут вылучаецца, бо ў гэтым творы ёсць усе патрэбныя нам элементы. Таму мы выбралі гэтую кнігу і працавалі над ёй, каб гарантаваць, што яна будзе добра перакладзеная і добра прэзентаваная заходняму чытачу.

Калі казаць маркетынгавымі тэрмінамі, што вы будзеце акцэнтаваць у апісанні кнігі, каб прывабіць чытача?

Перадусім мы робім акцэнт на культурных аспектах кнігі. У прынцыпе, гэтак мы робім з усімі творамі, якія выпускаем на рынак. Але асабліва гэтай кнігай мы нібы адкрываем акно ў новы свет, які пакуль цалкам невядомы на Захадзе. Мы спадзяемся, што гэтай кнігай мы пакажам таямніцу, цуд і прыгажосць Беларусі. Бо існуе велізарная культурная спадчына — найперш у літаратуры і ў мастацтве ўвогуле.

То бок вы не будзеце рэкламаваць «Дзікае паляванне караля Стаха» як трылер ці прыгодніцка-таямнічы твор?

Там сапраўды ёсць і прыгоды, і таямніца, але мы не будзем рабіць на гэтым асноўны акцэнт. Мы таксама разумеем, што гэтая кніга была напісаная з вельмі далікатным пачуццём гумару, прыгожа, жыва і цудоўна, і ў перакладзе аўтарскі голас быў захаваны.
І, вядома ж, галоўны герой кнігі — надзвычайны чалавек, які праходзіць праз усе гэтыя прыгоды, разгадвае таямніцы і вырашае праблемы, і гэтак далей. Але наш асноўны акцэнт не на гэтым. Бо калі пачытаць кнігу, дык Караткевіч вельмі ясна паказвае фон гэтай аповесці. Ён падкрэслівае культурныя традыцыі і звычаі, шмат з якіх у сучасным грамадстве ўжо зніклі. Але цудоўна акунуцца ў мора традыцый і пабачыць, якім было жыццё ў Беларусі больш за сто гадоў таму.

Гэта надзвычайны твор. Калі я працавала з тэкстам, мяне захаплялі ўсе гэтыя фантастычныя апісанні. Перакладчыца Мэры Мінц зрабіла цудоўную працу, вельмі дэталёва і дакладна акрэсліўшы ўсе звычаі, традыцыі, нават ежу, як выглядала жытло, як былі апранутыя людзі ў той час. І саму легенду таксама, вядома ж. Гэта галоўнае ў аповесці, і на гэтым мы робім акцэнт, прэзентуючы яе. Але, вядома ж, гэта прыгодніцкая гісторыя, і кніга вельмі дынамічная, з добрым рытмам. Яна цікавая для чытання, і пры гэтым вы даведваецеся нешта новае — новую краіну з гледзішча заходняга чытача.

Пераклад Мэры Мінц выходзіў шмат гадоў таму ў савецкім выдавецтве Raduga Publishers. Ці шмат зменаў вам давялося ўнесці ў той тэкст для новага выдання?

Так, даволі шмат. Мэры Мінц зрабіла вельмі добры пераклад у апісаннях звычаяў і традыцыяў, як я ўжо казала раней. Але разам з тым у гэтым перакладзе адчувалася, што аповед не ідзе гладка, таму над гэтым давялося папрацаваць. Гэта праца любога рэдактара — зрабіць так, каб аповед ішоў добра і чытач мог зжыцца з тэкстам. Некаторыя часткі тэксту трэба было пераглядаць, каб пераканацца, што там прысутнічае арыгінальны аўтарскі голас. Мы спадзяемся, што гэта было зроблена добра — пабачым, як адрэагуюць чытачы.

А вы параўноўвалі пераклад менавіта з беларускім арыгіналам?

Так, з арыгіналам. Я чытаю па-беларуску.

У ранейшым ангельскім перакладзе была даволі камічная дэталь — на бяседзе ў Дубатоўка гасцей частавалі не ласінымі губамі (moose lips), як у арыгінале, а «ласасёвымі» (salmon lips). Што ядуць у вашым выданні?

Ведаеце, мне трэба паглядзець у тэксце, бо я ўжо шмат месяцаў таму скончыла гэтую працу. У мяне тут ёсць файл на камп'ютары, трэба глядзець, бо пытанне нечаканае... Так, я паправіла гэты момант.

Дык там цяпер ласіныя губы?

Здаецца, так. Прынамсі, ласося я не знайшла... Так, «ласіныя губы ў падсалоджаным воцаце» (смяецца). Так, у мяне ў файле можна паглядзець першапачатковы тэкст і праўкі, і там сапраўды быў ласось, а я паправіла яго на лася.

На сайце выдавецтва Glagoslav гаворыцца, што вы плануеце выдаць шэраг твораў сучасных беларускіх пісьменнікаў. Ці маглі б вы сказаць, якія менавіта кнігі ёсць у планах?

Я не магу агучыць гэтых планаў, бо мы пакуль канчаткова не зацвердзілі спіс для беларускай падборкі, але мы разглядаем класічныя творы, творы пра Другую сусветную вайну...

Нешта з Быкава?

Так, разглядаем такую магчымасць, але я пакуль не магу агучыць канкрэтныя творы. Мы таксама збіраемся выдаць нешта з цяперашніх беларускіх пісьменнікаў. Магчыма, у наступныя месяцы на нашым сайце з'явяцца планы наконт беларускай падборкі. У нас вялікі спіс сучасных і класічных пісьменнікаў, якія раней не даходзілі да шырокай публікі на Захадзе, і мы хочам адабраць творы, якія могуць атрымаць розгалас у сучаснага заходняга чытача. Каб людзям было цікава чытаць, і адначасова каб яны атрымалі выдатны досвед з беларускай літаратурай.

У раздзеле пра беларускую літаратуру на вашым сайце прапанаваны спіс сучасных аўтараў. Усе яны пішуць па-расейску. Ці значыць гэта, што вы не знайшлі пакуль для сябе цікавых аўтараў, якія цяпер пішуць па-беларуску?

Не, мы проста далі там спіс аўтараў, вядомых нам, але гэта не значыць, што мы будзем публікаваць іх і не публікаваць іншых. На жаль, у нас былі тэхнічныя праблемы на сайце, таму мы не маглі абнавіць спіс, але цягам наступных дзён гэты спіс мае быць пашыраны.

[Спіс абнавіўся ў той самы дзень у хуткім часе пасля інтэрв'ю — дадаліся Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч, Адам Глобус, Вальжына Морт, Валярына Кустава, Марыя Мартысевіч і Валянцін Акудовіч]

Як вы самі зацікавіліся беларускай літаратурай і дзе вывучалі беларускую мову?

Я крыху вучылася ў Беларусі, у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Рэч у тым, што я выкладала ангельскую і французскую мову і літаратуру. Я прачытала некалькі перакладаў на беларускай і зацікавілася гэтай мовай. Я даволі добра чытаю па-беларуску і магу пісаць, але, на жаль, не вельмі добра размаўляю, бо не маю практыкі.

А якія творы беларускай літаратуры зрабілі на вас найбольшае ўражанне?

Я якраз таму і парэкамендавала выдавецтву Glagoslav выдаць Уладзіміра Караткевіча, бо ён мой любімы аўтар. На маю думку, Караткевіч — гэта перліна беларускай літаратуры. Ён вялікі пісьменнік і мусіць быць у спісе ста найлепшых аўтараў мінулага стагоддзя. Мяне таксама заўсёды цікавіла літаратура на тэмы вакол Другой сусветнай вайны, таму я была захопленая творамі Алеся Адамовіча. А яшчэ мне падабаецца паэзія — тое, што было напісана ў Беларусі яшчэ лацініцай сто гадоў таму. Для мяне як для лінгвіста цікава чытаць, напрыклад, Цётку ці Дуніна-Марцінкевіча.

 

Аляксей Знаткевіч, svaboda.org