Каmunikat.org як адзнака часу

Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Каmunikat.org адзначыла свой дзесяты дзень нараджэння . Мерапрыемства адбылося ў сценах Галерэі “Ў” 29 верасня.

Галоўнымі героямі сустрэчы сталі праграмны дырэктар радыё “Рацыя”, стваральнік і каардынатар Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Каmunikat.org Яраслаў Іванюк і ягоная калега і памочніца, беларуская журналістка з Польшчы, стваральніца беларускай бібліятэкі пры музеі беларускай культуры ў Гайнаўцы Наталля Герасімюк.

Імпрэза адбылася ў працяг цыклу сустрэч з выбітнымі беларусамі замежжа, якія ладзіць Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Праўда, як адзначыла падчас свайго выступу старшыня Рады “Бацькаўшчыны” Ніна Шыдлоўская, назваць беларусаў Беласточчыны беларусамі замежжа немагчыма, “бо яны – неад’емная частка Беларусі”. Ніна Шыдлоўская адзначыла, што бібліятэка Каmunikat.org дапамагае далучыць да беларускага літаратурнага скарбу людзей, якія знаходзяцца за межамі Беларусі. “Беларускамоўная літаратура, на жаль, разыходзіцца не тымі тыражамі, якімі варта было б, -- сказала Ніна Шыдлоўская. – Таму стварэнне інтэрнэт-бібліятэкі -- вельмі важны крок для ўсіх, хто жыве Беларуссю, цікавіцца нашай краінай”.

Яраслаў Іванюк распавёў, што бібліятэка стваралася не за адзін дзень, а для сябе ў якасці даты нараджэння “Камуніката” ён абраў 20 чэрвеня 2000 года, дзень, калі нарадзіўся ягоны сын. Як раз будучы цяжарнай, жонка Яраслава навучыла яго рабіць сайт.

Па словах стваральніка бібліятэкі, напачатку яна існавала ў “партызанскіх” умовах. Але з часам сціплы збор публікацый беларусаў Беласточчыны вырас да 800 найменняў. Стала зразумела, што далей працаваць “па-партызанску” немагчыма, і Яраслаў пачаў шукаць дапамогу. Гэтую дапамогу аказала польскае Міністэрства замежных спраў. Дзякуючы яго фінансавай падтрымцы ў рамках праекта "Польская дапамога" Каmunikat.org ператварыўся ў буйную бібліятэку, у нетрах якой на сённяшні дзень можна знайсці звыш 7 тысяч беларускіх публікацый - кніг, часопісаў, газет, mp3-файлаў, якія тычацца Беларусі ці беларусаў.

Напярэдадні прэзентацыі ў Мінску сайт Каmunikat.org прадставіў карыстальнікам новае, больш сучаснае  аблічча і новыя магчымасці сістэмы. Зараз кожны наведвальнік лёгка адшукае на сайце не толькі кнігу патрэбнага аўтара, але і яго асобны артыкул.

Значэнне інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат” для навукоўцаў падкрэсліла даследчыца беларускай дыяспары Наталля Гардзіенка. “Інтэрнет-бібліятэкі сёння – гэта адзнака часу, а Каmunikat.org -- гэта адзін з найбольш значных праектаў беларусаў замежжа на сучасным этапе”, -- адзначыла Наталля Гардзіенка. Яна параўнала “Камунікат” са скарынаўскай бібліятэкай у Лондане, пра якую ў свой час пісалі, што гэта вакно беларускай культуры на Захадзе.

Павіншаваў “Камунікат” з юбілеем  і пажадаў 100 год вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў, творы якога можна знайсці ў нетрах бібліятэкі Каmunikat.org. Музычнае віншаванне прагучала ад Алеся Камоцкі ў акампанеменце Алега Змушкі. Да таго ж Алесь выказаў меркаванне на конт сучасных тэндэнцый: «Інтэрнэт яшчэ і прыроду ахоўвае. Зараз жа моладзь кіруецца прымаўкай «спампуй кнігу, захавай дрэва». Таму заклікаю прысутных: захавай лес – пампуй кнігі з Камуніката».

Падчас мерапрыемства адбылася выстава кніг, выдадзеных беларусамі Беласточчыны, а таксама прэзентацыя праекта "Беларусы Польшчы", створанага фатографам Андрэем Лянкевічам. На жаль, з-за тэхнічнай непаладкі сам фільм паглядзець не ўдалося, і аўтар паабяцаў, што ў хуткім часе гэта можна будзе зрабіць на сайце кампаніі “Будзьма Беларусамі!”, а зараз фільм выкладзены на YouTube.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”