Канстанцін Касяк: Нацыю гартуюць перамогі

1008_hdz_aleksievich_minsk_01-r73z3

Як высветлілася, п’юць шампанскае і вяселяцца далёка не ўсе. “Яна не пісьменніца ўвогуле”, – піша адзін. “Быкаву не далі, а ёй далі!” – адзначае другі. “Мяне чамусьці не ўзрушыла гэтая навіна”, – скрушна канстатуе трэці. Здаецца, нічога дзіўнага: для беларусаў характэрнае самаедства, а для прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі – і пагатоў. Гартаю сваю стужку далей і бачу яшчэ з дзясятак аналагічна-паталагічных каментароў. А колькі не бачу? Хто ведае, колькі іх цяпер раскідана па беларускім сегменце сусветнай павуціны…

Гэтая вечная незадаволенасць і крытычнае стаўленне да ўсяго некаторых беларусаў часам пачынае моцна напружваць. Вось і сябар іранізуе з сітуацыі: “Нешта многія незадаволены, як я, бывае, але толькі па іншых пытаннях, значыць, усё ў мяне правільна з нацыянальнасцю – беларус!

Чытаеш гэту крытыку, і настолькі робіцца агідна, што хочацца выдаліць свае акаўнты з усіх сацыяльных сетак. Раз і назаўжды “выпіліцца”, каб болей не бачыць усяго гэтага вечнага енку ды стогну. Здаецца, што, калі б мы знайшлі нафту, засвоілі б перадавыя сусветныя тэхналогіі ці раптам каланізавалі Марс, заўжды знайшоўся б незадаволены. І заўжды з жалезнай бездакорнай аргументацыяй. Гэта распаўсюджаны тыпаж на некаторых папулярных беларускіх парталах.

Разам з тым загалоўкі навінавых сайтаў суседніх Расіі і Украіны не могуць не цешыць: вось дзе людзі ўмеюць правільна расставіць прыярытэты: “Нобелівською премією з літератури 2015 року удостоєно доньку українки з Івано-Франківська”, – піша выданне “Daily Lviv”, “Премию получил русский мир”, – упаўнаважаны заявіць ТАСС. Нават украінскі прэзідэнт адзначыўся публічным віншаваннем у Facebook. І толькі ў самой Беларусі знаходзяцца незадаволеныя. Дзіўна, як гэта яшчэ ніхто не дадумаўся напісаць “ганьба!” ці “байкот!”?

Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымала беларуская пісьменніца, і не мае значэння, на якой мове яна піша. Першы Нобель – сама па сабе сур’ёзная заява для беларусаў і тым болей добрая нагода для гонару за краіну, народ, культуру і літаратуру. Як бы гэта пафасна ні гучала.

А гэтая незадаволенасць – найперш страхі перад выклікам і жаданне схавацца ў сваёй утульнай беларускай хатцы, якая заўсёды з краю, каб далей пакутаваць і адмаўляцца прызнаваць сусветныя рэаліі. Каб быць шырока заўважанай, нашай літаратуры трэба выходзіць на сусветны рынак.

Нобелеўская прэмія, якую атрымала Святлана Алексіевіч, толькі падкрэслівае той факт, што праблемы нашага краю могуць быць цікавыя не толькі нам самім. Зрэшты, а чым мы істотна адрозніваемся ад іншых? Ну хаця б калег па былым сацыялістычным лагеры. Здаецца, што мы маем шмат агульнага. Прынамсі ў нядаўнім мінулым дакладна.

Як на мяне, чым больш прэмій возьмем, тым лепш, і не так істотна, каму яны дастануцца. Атрыманая ўзнагарода не павінная быць падставай для зайздрасці ці нянавісці. Найперш гэта стымул для самаразвіцця, добры матыватар. Замест таго каб рэфлексаваць пра тое, чаму прэмію далі Алексіевіч, а не каму-небудзь іншаму, беларускім творцам варта задумацца над уласнай творчасцю. Атрымалася ў Алексіевіч – атрымаецца і ў вас! Бо ў тым, што сучасныя беларускамоўныя аўтары пакуль (!) не стварылі твору сусветнага значэння, вінаваты не Нобелеўскі камітэт, а яны самі. Цяпер, здаецца, самы час выходзіць за беларускія межы, пісаць для іншых, скараць сваім талентам далёкія краіны і народы.

Зрэшты, каб пісаць паспяховыя і папулярныя творы, зусім не абавязкова жыць у высокаразвітой краіне. Згадваецца прыклад нарвежскага пісьменніка Кнута Гамсуна, які атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры ў 1920 годзе. Не сакрэт, што да 1960-х гадоў Нарвегія заставалася небагатай краінай маракоў, рыбакоў і лесарубаў. У пачатку ХХ стагоддзя там жылося зусім не салодка: многія нарвежцы пакідалі сваю радзіму ў пошуках заробку і лепшага жыцця. Пакінуў яе на некаторы час і сам Кнут Гамсун. Але пры гэтым ён заўсёды заставаўся нарвежцам па духу і шмат пісаў менавіта пра сваю краіну. Урэшце яму прысудзілі Нобелеўскую прэмію за кнігу «Сокі зямлі», у якой ён распавёў пра жыццё нарвежскіх сялян. Тэма, здаецца, далёка не самая цікавая для сусветнай прагрэсіўнай супольнасці. Але менавіта дзякуючы гэтаму раману ўвесь свет даведаўся пра тое, што недзе на Поўначы ёсць невялікая краіна Нарвегія, у якой таксама жывуць людзі.

Дзякуючы Святлане Алексіевіч пра Беларусь і беларускую літаратуру даведаліся далёка за яе межамі. Я быў вельмі здзіўлены, калі навіну пра першую Нобелеўскую прэмію, атрыманую беларускай пісьменніцай, пабачыў на адным кубінскім сайце. Паглядзеў: здаецца, толькі лянівы не напісаў пра гэтую падзею, і назва нашай краіны абляцела ўсю планету. А хто-небудзь не проста прагартае навіну ў сваёй стужцы, але і пацікавіцца: а што ж гэта за краіна такая, Беларусь, дзе яна знаходзіцца, што ў ёй адбываецца, чым жывуць тамтэйшыя людзі? І пачне шукаць у пашукавіку інфармацыю пра яе. Гэта ўжо з уласнага досведу.

Пакуль сусветнае прызнанне беларускай літаратуры застаецца толькі мараю. Ці зменіцца што-небудзь, пабачым найбліжэйшым часам. Самае галоўнае – не бедаваць, бо нацыю гартуюць перамогі, у тым ліку і на літаратурным фронце. Вялікае глупства і недарэчнасць адмаўляць гэты факт, бо ў іншым выпадку так і будзем хадзіць за літаратурнай бараною.

Канстанцін Касяк, budzma.by