Каралевы ноўнэйму (ФОТАГАЛЕРЭЯ)

Вось прыклад ад гісторыка Аляксея Братачкіна: у падручніках па гісторыі можна пабачыць фота жанчын, якія “далі” Савецкаму Саюзу касманаўтаў Кавалёнка і Клімука. Як тых жанчын завуць – невядома…

Дыскусія “Безназоўнае: прэзентацыя жаночага досведу ў беларускай гуманітарнай адукацыі” адбылася ў межах літаратурнага фестывалю “Знак роўнасці” 18 лістапада. Мадэратаркай выступіла Марына Казлоўская. Выступоўцы – Аляксей Братачкін, Ганна Бутырчык, Ганна Янкута. Удзельнікі прэзентавалі розныя сферы: спадарыня Марына – школу, спадар Аляксей – гісторыю-сацыялогію, Ганна Янкута і Ганна Бутырчык – літаратуразнаўства з пункту гледжання маладой навукоўцы і выкладчыцы.

Пачнем з добрага.

Ганна Бутырчык кажа: падчас ейнага студэнцтва згадваліся хіба Цётка, Алена Васілевіч, Данута Бічэль-Загнетава і Яўгенія Янішчыц. А больш нашто?.. Часта прэзентаваліся кнігі, аднак доля жаночых між іх была значна меншай за долю мужчынскіх.

Што маем сёння? Нямала паэтак, чые кнігі на слыху: Наста Кудасава, Вольга Гапеева, Юля Цімафеева, Сабіна Брыло, Таццяна Нядбай, Таня Скарынкіна – спіс доўжыць і доўжыць. Але ёсць адно “але”: пра іх не ведаюць у школах.

Нават горш: пра іх не заўжды ведаюць у Акадэміі навук. Так, калі сучасная паэтка абіраецца гераіняй навуковай работы, Акадэмія запытаецца: а гэта хто? І нашто пра яе пісаць, калі нават мы пра яе не ведаем?..

Чуць такое дзіўна, вядома. Але ў навуцы ёсць станоўчы зрух: усё больш работ прысвячаецца жанчынам, у прыватнасці, пытанням фемінізму. Гэта пры тым, што змяншаецца колькасць студэнтаў беларускіх аддзяленняў філалогіі.

Яшчэ мёду ў бочку дзёгацю: па назіраннях Аляксея Братачкіна, сучасны студэнт даволі абазнаны ў фемінісцкай тэорыі. І гэта пры тых умовах, што самі ВНУ не спяшаюць адмаўляцца ад патрыярхальнага погляду на адукацыю, мову выкладання, на рэпрэзентацыю жаночых постацяў, у прыватнасці. Як сказаў Аляксей, такі дысананс між сістэмай і моладдзю пра нешта гаворыць.

Балючае пытанне агучыла Марына Казлоўская: у школах і ВНУ выкладаюць збольшага жанчыны, дык чаму ж яны насаджаюць патрыярхальнае бачанне свету? Лічы, пілуюць сук, на якім сядзяць.

Адказ просты да немагчымасці: так прынята. Такі погляд складваўся стагоддзямі, і змяніць яго за раз немагчыма.

Відаць, гэта і ёсць самая вялікая бяда – кансерватыўнасць школ. Асабліва – адстунасць адвольных інтэрпрэтацый тэкстаў. Усё – літарка ў літарку з падручнікам, а падручнікі патыхаюць нафталінам. Так, самі мастацкія тэксты не мяняюцца, яны ўжо ёсць; і не ў іх праблема, і нават не ў падручніках, а найперш -- у настаўніках, не здольных убачыць іншы ракурс падачы твора. Напрыклад, “Людзі на балоце”. Гісторыя Ганны – гэта гісторыя жанчыны, якая ўласнай воляй змяніла лёс, падрыхтаваны ёй патрыярхальным грамадствам. Хіба пра гэта кажуць на ўроках?..

Дык адкуль бярэцца гэтая закаснеласць? Усё адтуль жа, з акадэмічнага асяродку. Аляксей Братачкін пацвердзіў: асяродак на кафедрах (асабліва тэхнічных) -- сэксісцкі. Самы просты прыклад: ці не ўсе супрацоўнікі – жанчыны, а загадчык кафедры – мужчына. А яшчэ, словамі Аляксея, “гэтыя пачварныя святкаванні 8 сакавіка і 23 лютага…” І гэтыя ж людзі складаюць адукацыйныя праграмы, пішуць падручнікі. Гісторыя Беларусі – спрэс мужчынская, і аўтары кніг пра яе – мужчыны.

Ганна Бутырчык дадае: у Беларусі немагчыма абараніць дысертацыю, калі замест слова “аўтар” фігуруе слова “аўтарка”. Больш за тое: слова “фемінісцкі” настойліва рэкамендуюць замяніць словам “жаночы”. І няважна, што паняткі не тоесныя.

Што рабіць? Пачынаць, як заўжды, з сябе. Ганна Янкута кажа: мы не можам уплываць на школьную праграму наўпрост. Патрэбныя маленькія крокі. Патрэбна больш даследчыкаў, якія звернуцца да феміністычнага пытання ў гуманітарных навуках. Чым больш навукоўцаў -- тым больш пра тэму будуць казаць, і тым больш людзей звернецца да тэмы апасля.

Тэкст і фота: Наста Грышчук, для lit-bel.org