Караткевіча экранізуюць двойчы

На «Беларусьфільме» рыхтуюцца экранізаваць адразу два раманы пісьменніка. Стужка «Каласы пад сярпом тваім» стане сумесным беларуска-польскім праектам, а «Чорны замак Альшанскі» беларусы здымуць самастойна.

Аб намерах зняць фільм па «Каласах пад сярпом тваім» на айчыннай кінастудыі паведамілі яшчэ ў лютым. Назвалі і імёны рэжысёра і сцэнарыста. Імі сталі адпаведна Мікалай Пінігін і Аляксандр Качан. Але праз нейкі час Пінігін, спаслаўшыся на занятасць, ад працы адмовіўся. Замены яму не знайшлі. Але цяпер на «Беларусьфільме» паведамілі, што здымаць фільм усё-ткі будзе Мікалай Пінігін.

І рэжысёр ужо разглядае магчымыя варыянты для працы ў сваім графіку. Можа з’явіцца таксама і сарэжысёр.

Сцэнарый фільма цяпер знаходзіцца на абмеркаванні. Па ім яшчэ не выказаліся польскія кіношнікі. Не выключана, што сцэнарый прыйдзецца дапрацоўваць. У яго першапачатковым варыянце героі пераважна размаўляюць па-беларуску. Выкарыстоўваецца таксама расійская, польская, французская мовы.

Сумесная праца над фільмам па творы Караткевіча ў палякаў і беларусаў ужо была. Гэта расійскамоўная карціны «Сівая легенда», якую ў 1991 годзе зняў польскі рэжысёр Багдан Парэмба. У Беларусі пра фільм мала хто ведае, а глядзела яго яшчэ менш людзей. З-за адсутнасці пракатнай ліцэнзіі на фільм яго не могуць паказваць у кінатэатрах краіны. Хаця ў інтэрнэце стужку можна спампаваць без цяжкасцяў. Зняліся ў «Сівой легендзе» Івар Калныньш, Генадзь Гарбук, Аляксандр Бяспалы. Сцэнарый па аднайменнай аповесці напісалі Сяргей Булыга і Уладзімір Мацвееў.

Што тычыцца «Чорнага замка Альшанскага», то ў праваўладальніцы, пляменніцы пісьменніка Алены Сінкевіч кінастудыя выкупіла правы на экранізацыю рамана на тры гады. Значыцца фільм з’явіцца не пазней за 2013. Але яшчэ не вызначана, хто будзе пісаць сцэнарый. Летась аб намеры зняць фільм па гэтым творы выказваўся старшыня ТРА Саюзнай дзяржавы Ігар Угольнік. Ён нават паведамляў пра гатовы сцэнарый. Але ўжо сёлета ў прэс-службе Угольніка нічога пэўнага аб праекце сказаць не змаглі.

«Чорны замак Альшанскі» экранізаваўся ў савецкі час Міхаілам Пташуком. Двухсерыйная расійскамоўная карціна выйшла ў 1983 годзе. Сцэнарый напісаў сам Уладзімір Караткевіч.

Якія яшчэ творы пісьменніка экранізаваліся.

«Хрыстос прызямліўся ў Гародні» зняты ў 1967 годзе. Але цэнзары не пусцілі фільм на экраны. Выйшаў ён толькі ў 1989. Рэжысёры — Уладзімір Бычкоў і Сяргей Скварцоў. Мова — расійская, беларуская.

Кароткаметражны фільм «Чырвоны агат» (23 хвіліны) выйшаў у 1973 годзе па-расійску. Рэжысёр — Аляксандр Полагаў, сцэнарый Уладзіміра Караткевіча.

У 1979 годзе Валерый Рубінчык скончыў працу над «Дзікім паляваннем караля Стаха». Сцэнарый да расійскамоўнай стужкі стварылі Караткевіч і Рубінчык.

Тэлеспектакль «Лісце каштанаў» паводле аднайменнай аповесці паставілі на тэлебачанні на беларускай мове ў 1981 годзе. Рэжысёр Уладзімір Забела.

Паўгадзінная стужка «Паром» па апавяданні «Паром па бурнай рацэ», выйшла ў 1988 годзе па-беларуску. Рэжысёр — С. Шчыглоў.

Сумесны савецка-чэхаславацкі фільм «Маці ўрагану» знялі ў 1990 годзе па аднайменнай п’есе. Рэжысёр — Юрый Марухін, сцэнарыст — Уладзімір Галаванаў. Мова — беларуская.

nn.by