«Каштаны ў кішэнях» — паэзія Наталлі Русецкай

Нягледзячы на тое, што Наталля Русецкая нарадзілася ў Ніжагародскай вобласці (Расія), расла і вучылася ў Мінску (Беларусь), стала жыве і працуе ў Любліне (Польшча), значную частку свайго жыцця, даследчыцкай і творчай дзейнасці аўтарка прысвячае менавіта беларускай нацыянальнай культуры.

Зрэшты, ідэі шматмоўнасці, разнастайнасці свету і ўвогуле глабальнасці і непрадказальнасці ўсяго існага ярка адбіваюцца ў вершах пані Наталлі поруч з настальгіяй, тузе па Беларусі, па канкрэтных нашых гарадах, мясцінах і вуліцах. Напрыклад, верш “Цягнік Берасце—Менск”, у якім лірычная гераіня з нецярплівасцю чакае сустрэчы з роднай зямлёй: 

Час спыняецца ў пяць гадзін,

калі да Менску застаецца гадзіна з нечым,

а займацца зусім ужо няма чым,

і цягнік пакрысе заязджае ў маўклівы вечар.

Ты глядзіш на гадзіннік: цікай ты, не маўчы!

давай, хутчэй перасоўвай стрэлкі,

што ж яны захраслі ў табе, нібы стрэмкі?..

 

І, як пішацца ўжо ў іншым вершы, “мост праз Буг, калі едзеш з дому, бясконца доўгі, адчуваеш, як пад нагамі знікае зямля”.

Дарогі, ад’езды і вяртанні, межы паміж рознымі краінамі — тыя матывы, што часта можна сустрэць у паэтычным зборніку. Матывы частыя, але не галоўныя.

Самае важнае, як падаецца, у кнізе “Каштаны ў кішэнях” — гэта пошук гераіняй сябе, свайго шчаслівага лёсу, свайго кахання, гэта радасць мацярынства, гэта ўспаміны часоў юнацтва і ўрокі сталасці. Гэта вера ў сваю будучыню.

 

***

зіма пакідае сляды

на вясновай мяжы

пад снегам на даху

спяць яшчэ капяжы

але час іначай ужо бяжыць —

хочацца жыць!..  

ЗАМОВІЦЬ КНІГУ МОЖНА ТУТ 

ВТ, для lit-bel.org