Касмічны бляск і холад — кніга Ігара Канановіча

Аўтар піша ў класічнай манеры. Хоць кніга і мае “цэтлік” дэбютнай, яна складвае ўражанне цалкам дарослага выдання самабытнага аўтара. Для класічнага дэбютнага зборніку не хапае юнацкага эгаізму і гіпертрафаванага аўтарскага “Я”. Наадварат, нават самыя асабістыя перажыванні замкнутыя ў агульны кантэкст, а гэта, відаць, і можна лічыць адной з галоўных прыкмет сталасці.

Найбольш адметная асаблівасць вершаў – з самых першых радкоў адвучваешся чытаць іх “напрасткі”, адналінейна. Амаль кожны вобраз шматслойны і цягне за сабой шэраг асацыяцый, так што, калі працягнуць лінію разважанняў, з аднаго-двух вершаў можна скласці цэлую сістэму рэчаіснасці, адлюстраваную ў сімвалах. З гэтай прычыны чытачу бывае цяжка перагарнуць старонку.

Творы аб’яднаныя ў тры раздзелы: “Мір, падобны да раю”, “На арбіце тваёй”, “Бог ёсць зіма”, якія падаюцца надзвычай эмацыйна паслядоўнымі, як быццам адлюстроўваюць этапы жыцця ці станаўлення светапогляду. Узнікае жаданне прасачыць гады напісання твораў, але такой магчымасці няма – гэта, мабыць, галоўны недахоп кнігі. Тым не менш падзел вельмі ўдалы, і чытач, які будзе “вычэпліваць” вершы бессістэмна, атрымае менш асалоды.

“Мір, падобны да раю” – першая і найбольш “светапоглядная” частка зборніка. Не хочацца ўжываць словы “філасофская лірыка”, бо гэты выраз занадта размыты: любая паэзія мае сваю філасофію. Але некаторыя вершы больш накіраваныя на асэнсаванне рэчаіснасці – сюды мы і аднясем паэзію Ігара.

Відавочная галоўная тэма – барацьба. Калі не яўная, то скрытае супрацьстаянне. “Уключэнне” адбываецца з першай страфы зборніка:

…Змагаюся паміж
Нябытам і Жыццём…

Супраціўнік – не нейкая канкрэтная сіла, а хутчэй сукупнасць складнікаў, што разам ствараюць непрывабную, абсурдную рэчаіснасць. З верша ў верш прасочваецца вобраз “аблавы” на чалавечую асобу і адзінокага супрацьстаяння ёй, экзістэнцыйнай барацьбы. Стан абсурднасці выклікаецца праз асэнсаванне, ці, правільней сказаць, перажыванне навакольнай рэальнасці: духоўнага разладу, “знявечанага сумлення”, “Цёмнага часу”. Тое, што павінна быць самакаштоўным, ацэньваецца выключна з пазіцыі карыснасці – варвар адбірае “патрэбнае – з культуры”. Сімвалічны верш аб Слуцкім збройным чыне: жаль “незваротна страчанай Айчыны” працінае ўсю кнігу.

Цікава, як шмат у Ігара вайскова-збройных вобразаў: крэйсеры і міны, стрэльба Наканавання, радары зайздрасці, пагляду штых, гармата важкай фразы, грамадства беларускага пяхота… Яны маюць цалкам метафарычны сэнс – як заўсёды, глыбока прапрацаваны. “На гэтай вайне” ідзе змаганне словам:

Не трымаем жалеза ў руках –
Заліваем у словы жалеза.

Гэта барацьба не дзеля перамогі, а як прынцып, пазіцыя ў адносінах да абсурднага светаўладкавання. На перамогу мала надзей, ды і ўвогуле кожны дзень становіцца прысудам да страты, так што герой ужо стаіць тварам да сцяны, “у кішэні заклаўшы рукі”.

Чытаючы гэтыя вершы, хочацца перавесці на дату нараджэння паэта. 1983 год. Цікавы лёс у тых, што нарадзіліся ў невялікім прамежку – першай палове 80-х. Пакаленне абламаных крылаў, прычым абламаных даволі рана: 1990-я – усплеск нацыянальнага руху, духоўныя пошукі – прыйшліся на іх ранняе юнацтва. Лепшая частка моладзі здолела ўвабраць у сябе тое, што потым не спраўдзілася і патанула ў багне надзённасці. Лірычны герой Ігара вяртаецца з 1990-х, “народжаны святлом і мірам”.  

“Астэроід” – верш-самавызначэнне, што дае назву кнізе. Для вольнага нябеснага цела непрымальныя “сістэм трывалых межы”. У некалькіх вершах сустракаецца вобраз глыбіні, цёмнай вады, які эмацыйна перагукаецца з касмічнай тэматыкай: адчуваннем холаду, адзіноты, непазбежнасці. Глыбіня непазбежна асацыюецца з адзінотай, а чалавечы вір, жыццё натоўпу – з паверхняй (павярхоўнасцю).

Нават не даходзячы да верша “Мір, падобны да раю”, які даў назву раздзелу, можна зразумець, што гэта ілюзорны, “чужы і падазроны рай”. Заўсёды “вайна недзе побач”.

Другая частка – збор лірыкі рамантычнай у кантэксце той жа касмічнай тэматыкі: “На арбіце тваёй”. Тут можна ўбачыць развіццё і працяг экзыстэнцыялісцкага падыходу: пошук сэнсу ў збліжэнні чалавечых асоб, роднасць душ як супрацьстаянне няўмольнасці, варожасці свету. “Калі ізноў амаль забілі”, герой звяртаецца да той, ад якой чакае сапраўднай спагады, адносінаў, заснаваных на прызнанні каштоўнасці чалавечай асобы. Як было сказана раней, найбольш поўна гэтыя вершы раскрываюцца ў кантэксце папярэдніх.

Зноў шмат збройных вобразаў: вочы – стрэлы, каханне – кулі, і нават смс – разведчык. Прыемна адзначыць тонкую іронію, падкрэсліванне дзіўных парадоксаў жыцця, што, між тым, не перашкаджае ставіць сур’ёзныя пытанні.

На апошняй частцы – “Бог ёсць зіма” – зноў адбываецца пераключэнне ўвагі, на гэты раз у фокусе мімалётныя жыццёвыя дробязі, насамрэч поўныя сэнсу. Лепшы фінал для кнігі цяжка ўявіць. Пасля мноства пакутлівых пытанняў і эмацыйнага ўсплёску настае супакой – чытач вяртаецца да таго сузіральнага настрою, калі свет успрымаецца непасрэдна, без нагрувашчання тэарэтычных канструкцый.

У гэтай частцы больш верлібраў – невялікіх замалёвак, часцей з вобразаў прыроды, кожны з якіх мае асабісты сэнс для назіральніка.

Увогуле можна адзначыць адну асаблівасць стылю Ігара Канановіча: вершы пачынаюцца з фраз, даволі звычайных для беларускай паэзіі, але амаль заўсёды падводзяць да нечаканага выніку, ламаюць устойлівую логіку, якой звычайна чакаеш ад вершаў класічнага фармату.

Дзякуючы той жа класічнай манеры і адсутнасці моўных “наваротаў” у фокус перш за ўсё трапляюць ідэйны змест і сімвалізм вобразаў. Нельга сказаць, што паэту зусім ужо лёгка даецца абыходжанне з мовай, не заўсёды дасягаецца поўная гарманічнасць гучання, аднак рыфмаваныя рады прыемныя і небанальныя.

Зварот да глыбокіх, сутнасных, амаль быкаўскіх тэм, здольнасць схапіць сэнс падзей, што адбываюцца ў беларускім грамадстве ў дадзены момант — інтэлектуальны “задзел” вельмі сур’ёзны. Таму чакаем ад Ігара новых твораў, у якіх праз трапныя вобразы, верагодна, зробім не адно адкрыццё аб звычнай, знаёмай, супярэчлівай, зразумелай ці не надта зразумелай беларускай рэальнасці.

Біяграфічная даведка

Ігар Канановіч нарадзіўся 22 ліпеня 1983 года ў Клецку. У 2000 годзе скончыў Заастравецкую сярэднюю школу Клецкага раёна. У 2003 годзе паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. Пасля заканчэння з 2008 па 2013 год працаваў настаўнікам беларускай і рускай моваў у школах Клецкага раёна.
Публікавацца пачаў у 2006 годзе. Друкаваўся ў часопісах “Дзеяслоў” і “Верасень”, газетах “Літаратура і мастацтва”, “Настаўніцкая газета”, “Да новых перамог”.

Марыя Маляўка, для lit-bel.org