Кацярына Маціеўская пра кнігу Кацярыны Оаро: Эцюд у чорна-белых тонах

Пастка тэмы для беларускага пісьменніка — з тых, якіх найбольш цяжка ўнікнуць. У эпоху дэклараванага постмадэрнізму яна ўсё яшчэ дыктуе абмежаванні ў сродках мастацкай вобразнасці і спосабе паказу герояў і падзеяў. У асобных выпадках яна нават дыктуе мараль і стыль, хаця па-добраму лепш наадварот. 

Дэбютная кніга Кацярыны Оаро “Сарочае радыё”, што выйшла ў серыі “Пункт адліку” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”, расказвае“пра жыццё маладой дзяўчыны, якая працуе журналісткай”, — паведамляе анатацыя. Пра што расказвае — у літаратуры не так ужо і важна, нашмат важнейшае тое, як расказвае.

Выкарыстоўваючы тэрміналогію з прафесіі галоўнай гераіні, гэтую кнігу можна было б назваць рэпартажам эмацыйнага стану. Адсутнасць сюжэту, урыўкавасць аповеду, схематычна пазначаныя героі — усё гэта не дае аднесці кнігу да пэўнага жанру. Гэта не раман, не аповесць і нават не доўгае апавяданне — гэта шэраг замалёвак, аб’яднаных вольным выбарам аўтара і наборам герояў, але сапраўднымі — прынамсі, больш заўважнымі — героямі гэтай кнігі робяцца не людзі, а, скажам так, канцэпты.

Ледзь не галоўнае месца тут займае рэвалюцыйная рамантыка. Радыё, на якім працуе гераіня, — паўпадпольнае, што дазваляе надаць аповеду флёр канспірацыі. Падзеі адбываюцца неўзабаве пасля Плошчы-2006. Рэпартажы, што пішуць журналісты, адразу пасля вывешвання на сайт знішчаюцца ў сваім “матэрыяльным” выглядзе, супрацоўнікі жывуць чаканнем ператрусаў і г.д. — у наяўнасці ўсе атрыбуты жыцця, пра якое праз пяцьдзясят гадоў прыемна згадваць з настальгіяй. 

Рэвалюцыйная рамантыка, як і амаль усялякая рамантыка, вымагае і выразнага падзелу на чорнае і белае, на сваіх і чужых, нашых і нянашых, дрэнных і добрых, “іх” і “нас”. Няма паўтонаў, няма шэрага ці каляровага, няма неадназначнасці — словам, усяго таго, што звычайна бывае ў звычайным жыцці. З аднаго боку барыкадаў — уладная машына, закасцянелая сістэма (адукацыі, правасуддзя і г.д.), з другога — падпольнае радыё, яго супрацоўнікі, сама гераіня, двое яе сяброў і ўсе, хто стаў ахвярай сістэмы. 

Яўны вобраз ворага вымагае вываду на сцэну гратэскных, трафарэтных персанажаў, адзін з самых запамінальных з іх — стары выкладчык журфака: раз’ятраны выбарам тэмы курсавой (проза Васіля Быкава), ён, не слухаючы нікога, ставіць студэнтцы найніжэйшую адзнаку, не зважаючы на якасць працы. Аднакурснікі гераіні таксама не выклікаюць сімпатыі — канфармісты, прыстасаванцы, думаць не хочуць і г.д., усім вядомы набор. Бацькі абавязкова не разумеюць. Ці сустракалі мы такіх у жыцці? Сто разоў, хіба што не такіх адназначных. Але што далей? Без мастацкай апрацоўкі вобразаў гэта дзённік, і чым ён адрозніваецца, напрыклад, ад паста ў ЖЖ, вызначыць складана, бо чорна-белы спосаб выяўлення ў спалучэнні з надрывам, пра які пойдзе гаворка ніжэй, ніякіх асаблівасцяў стылю не дыктуе.

Другі запамінальны “герой” твора Кацярыны Оаро — згаданы эмацыйны надрыў, які аб’ядноўвае замалёўкі кнігі нашмат лепш за ўсё астатняе. Гераіня малюе ва ўяўленні недасяжны для сябе ідэал журналіста, які не спіць і не есць — толькі змяняе свет і людзей пад дэвізам “Не эксклюзіўна... Чалавечна” (с. 10). Пакуты гераіні настолькі гіпертрафаваныя, што ў іх не вельмі верыцца: журналістка гатовая заплакаць ад любога слова, сказанага з намёкам на яе недапрацоўку, а ўлічваючы колькасць нядобразычліўцаў у апазіцыйнага журналіста, здзіўляешся адсутнасці нервовага зрыву. Любы нюанс, любы крок улева ці ўправа, любая змена коскі разглядаецца гераіняй як здрада ідэалу, якому ні адзін жывы чалавек адпавядаць не ў стане. Ад гэтага яе сумневы выглядаюць штучнымі і найгранымі. Запіску Ірыны Казулінай Алі Яснай [журналісцкі псеўданім гераіні — К. М.] Таня Цыбулька захаваць не змагла, бо “ў ёй згадвалася імя дзяўчыны, якую я не павінна ведаць” (с. 79).

Аўтарка “Сарочага радыё” абрала для сваёй дэбютнай кнігі даволі складаную тэму — складаную тым, што яна практычна не дазваляе манеўраваць і вымагае вельмі пэўнага набору сродкаў, які ў найлепшым выпадку ператвараецца ў каркас, які моцна трымае структуру твора, а ў найгоршым — у штампы, якія ўсё змацоўваюць так, што лепш бы павалілі. “Рабі нечакана”, — хочацца паўтарыць за Караткевічам, зайдзі з тылу, пералезь праз адчыненую браму, назаві станоўчага героя Сашам, а не Алесем, урэшце, пачні з малога.

Чорна-белы свет не вымагае аналізу, у ім усё проста і зразумела. Полюсаў два: тут мы, там яны, мы добрыя, яны дрэнныя. Рабі толькі так, не адхіляйся, не думай нічога лішняга, пішы толькі так — і тады пераможаш. Выбар як выбар, толькі няблага было б памятаць, што з таго боку барыкадаў думаюць гэтак жа, пішуць аналагічна і сіметрычна не адхіляюцца. 

Тэма практычна ніколі не ратуе твор, калі апроч тэмы там няма нічога новага. Капірайт на апошняе новае слова перастаў дзейнічаць так даўно, што ўсе новыя словы, якія шмат стагоддзяў таму зрабіліся грамадскім набыткам, былі выкарыстаныя незлічоную колькасць разоў у адным і тым жа парадку. Таму даводзіцца шукаць іншыя спосабы. Нават пра радзіму ў Беларусі можна напісаць так, як ніхто ніколі не пісаў. Усё пытанне ў тым, як знайсці няходжаную сцежку. 

Кацярына Маціеўская, gedroyc.by